Ты ў мяне была адна…
0, намяло ў душы маёй сумётаў!..
Мо завітаць, мо зможаш адагрэць?
Ды ні на тройцы, ні на самалёце
Мне да цябе ужо не даляцець…
І, мабыць, доўга, мабыць, назаўсёды
Нясці, як крыж, мне мой страшэнны грэх…
Чаго ж, чаго ты ў сны мае прыходзіш,
Калі паваліць белы, чысты снег?..
Было трохі не па сабе чытаць гэтай рыжай Люсі, якую першы раз у вочы бачыць, свой, бадай, самы інтымны верш, але хіба вінаваты, што менавіта гэты твор самы дарагі з усяго, што калі-небудзь напісалася… Яму хацелася ўразіць яе сваімі вершамі, і, бадай, не дзеля флірту. Бадай, упершыню так выразна зразумеў, як не хапала яму слухача, чытача, нечага зычлівага, шчырага захаплення, хай сабе не дужа прафесійнага — у рэшце рэшт, вершы пішуцца не для ўрослых гатовымі формуламі эстэтаў, а для такіх, як гэтая Люся. I зараз быў удзячны ёй за падтрымку, пра якую яна, канечне, і не здагадвалася…
Прачытаўшы пад захапленне ўсё, што помніў на памяць, стаў забаўляць яе рознымі байкамі і анекдотамі з жыцця вядомых пісьменнікаў, уражваць сваімі знаёмствамі, прыяцельскімі сувязямі з аўтарамі кніг, што стаялі на паліцах. Яна прымала ўсё за чыстую манету, а ён, падахвочаны, даваў волю фантазіі.
Прапанову павячэраць у рэстаране Люся ўспрыняла, быццам ёй неспадзявана прапанавалі галоўную ролю ў кінафільме з Кіндзінавым і Саломіным…
А палове восьмай пастукала дзяжурная — папрасіў пабудзіць. Аднак не спаў, проста ляжаў у цяпле пад коўдраю і думаў, чым можа скончыцца рандэву з гэтай рыжай Люсяю…
За акном манатонна і нудна шапацела халодная восеньская імжа. Жах як не хацелася пакідаць цяпло, ісці ў гэтую няўтульную золкую цемрадзь. Праклінаў той час, калі пацягнула за язык прызначыць гэтае нікому не патрэбнае спатканне. Хто ведае, што яна за цаца, зноў уліпнеш у якую дурацкую гісторыю. Гэта райцэнтр, тут кожны кожнага ведае як аблупленага. Зойдзеш заўтра ў рэдакцыю, а там ухмыляюцца: ого, які шустры! Едзь, адкуль прыехаў, Дон Жуан аблезлы…
Разважлівы ўнутраны голас сігналіў: нічога добрага не чакай ад гэтых залётаў, аднак не пайсці на прызначанае жанчыне спатканне было не ў яго правілах — мужчына заўсёды павінен заставацца джэнтльменам…
Люся спазнілася ўсяго на некалькі хвілін.
— Хэлоў! — яшчэ здалёк крыкнула яна, складваючы квяцісты парасончык.— Вы мяне зачакаліся?
— Ды не, вы надзвычай пунктуальная…— пахваліў ён, трохі шакіраваны яе правінцыйным «хэлоў».
Люся была без рыжага парыка, і ёй вельмі да твару кароткая стрыжка. Затое вузенькія, як дудачкі, ярка-чырвоныя вельветавыя штаны (падзівіўся, як толькі яна напяла іх на сябе) выглядалі недарэчна, смешна — ну, што ні ёсць бусліха! Раней ён ніколі не зважаў, як хто апранаецца, хіба калі на кім ужо надта крыкліва выпірала, калола вочы, сам мог хадзіць у чым папала, пакуль не ўзяліся за эстэтычнае выхаванне Бяскуднікавы… Цьфу! Зноў Бяскуднікавы…
Галантна крануў Люсю пад ручку, паказваючы на рэстаран:
— Прашу…
Яна какетна і ўдзячна ўсміхнулася, грацыёзна, як умеюць гэта толькі жанчыны, за крок наперад стала падымацца па сходках. Так падымаюцца юныя каралевы на трон ды спартсменкі на п’едэсталы…
У гардэробе па-свойску перадала яму парасон, белы плашчык, пайшла прыхарошвацца перад люстэркам. Здаў парасон і плашчы гардэробшчыку, атрымаўшы ўзамен белы нумарок з дзіркаю, пачакаў, пакуль Люся закончыць круціцца перад люстэркам.
У даволі прасторнай зале з рэліктамі пятнаццацігадовай даўнасці — пакачарэжанымі фікусамі ў кадушках (проста дзіва, як яны захаваліся!) — быў спецыфічны рэстаранны гул. Вопытным вухам і вокам улавіў, што тут засталіся толькі тыя, хто засеў капіталёва. Выспявала атмасфера, калі кампаніі не дужа заўважаюць, што яны тут не адны. Яму заўсёды была даспадобы такая атмасфера: можна адчуваць сябе раскавана, не дужа цырымонячыся з умоўнасцямі і фармальнасцямі.
Афіцыянтка канчала прыбіраць столік у далёкім кутку пад разгалістым фікусам, не згаворваючыся, рушылі туды — пра лепшае месца і марыць цяжка.
Гаманлівая мужчынская кампанія па суседству ссунула два сталы — пэўна, адзначаюць нейкую ўрачыстасць і, па ўсім відно, дасягаюць апагея ў сваёй хмельнай гульбе. Селі спіною да вясёлай кампаніі, чакаючы афіцыянтку, вывучалі меню.
Размова не клеілася. Люся была нечым занепакоена, слухала няўважліва, і яго стаў аглытваць нейкі цьмяны страх. Мо яна заўважыла каго знаёмага, кавалера альбо жаніха?! Не можа быць… Каб мела жаніха — чаго б паперлася з ім? Хм, чаго… Мо пасварыліся — во і рашыла падражніць, каб быў больш згаворлівы, пакладзісты… Іх брат гэта ўмее! А ён, олух цара нябеснага, распусціў хвост… Зараз толькі пер’е паляціць…