Раніцой прачнуўся свежы, у добрым настроі і з цвёрдым намерам — назад у Мінск, на злосць Саўчуку і ўсім гэтым бездарам. Хай пакруцяць насамі — не ўдалося абуць у лапці…
Адзежына высахла за ноч. Ледзьве крануў шчоткаю — і асыпаліся астаткі гразі, якую не змог учора вымыць. Варта было б, канечне, папрасавацца, але падумаў: ат, сыдзе! Горш з туфлямі: ссохліся, пазадзіралі насы, сталі як калодкі, ні за што не хацелі налазіць на ногі. Выдраў зморшчаныя пракладкі, сяк-так напяў — нічога, раздадуцца, да першай вады…
Аўтобус на Мінск адпраўляўся ў другой палове дня.
Надвор’е паправілася. Па бледнаватым небе плылі ашмоткі ўчарашняй хмары, раз-пораз засцячы няшчодрае нізкае сонца. Ноччу можа ўзяцца замаразак…
Паснедаўшы, перш чым зрабіць развітальны круг, рашыў усё ж заглянуць у рэдакцыю. Проста так, дзеля прыстойнасці. Перадаць Саўчуковы прывітанні — і не болей. Ніякіх перамоў, ніякіх нават намёкаў! Быў тут па справе, забег на хвіліну…
Рэдактар спаткаў прыязна і ветла і адразу ж выклікаў сімпатыю. Ён быў зусім яшчэ малады — ад сілы на гадоў пяць старэйшы за яго. Павінен бы ведаць па універсітэце, аднак ніяк не мог прыгадаць. Можа, вучыўся на завочным, а завочнікі і стацыянарнікі не асабліва знаюцца.
— Я — аграрнік,— здагадаўся рэдактар, усміхаючыся.— Канчаў сельгасінстытут, а потым сустрэўся, як кажуць, на жыццёвым шляху з Алесем Сяргеевічам — і во самі бачыце…
— Гэта мо і лепш, што сельгасінстытут,— заўважыў Андрэй.— На сённяшні розум, я, напрыклад, ні за што не пайшоў бы на журналістыку…
— Ну-у, скажаце! — не пагадзіўся рэдактар.— Я на сабе ой як адчуваю недахоп філалагічнай адукацыі! Пагамонім як-небудзь, паспрачаемся на гэты конт. Ну, а цяпер давайце пра справу…
О, каб мог ведаць, што яго ўжо чакаюць — пазваніў Саўчук! Падумаў з непрыяззю: а глядзі ты, як улягае! Улягай, улягай…
Рэдактар з захапленнем расказваў, які дружны і творчы калектыў створаны Саўчуком, які харошы, багаты на традыцыі іх раён, якая прыгажосць тут летам, зноў на ўсе лады расхвальваў Саўчука. Андрэй слухаў пятае праз дзесятае, ліхаманкава думаючы, як далікатней выкруціцца, дыпламатычней выйсці з гульні.
Анатоль Іванавіч (так звалі рэдактара), мусіць, заўважыў яго разгубленасць, падміргнуў па-змоўніцку, таемна сказаў:
— Не здзіўляйцеся, але я вас даўно ведаю…
— Адкуль? — неўразуменна паціснуў плячыма, з тою ж ліхаманкавасцю прыгадваючы, дзе б яны маглі сутыкацца.— Цікава?
— А памятаеце? — Падміргнуў, устаў з-за стала і роўным голасам пачаў:
Вечарамі далёкімі, веснімі —
Ёсць тут жорсткая праўда зямлі —
Пасталелыя нашы равесніцы
За старэйшымі хлопцамі йшлі.
Ім здавалася, быццам бы
Само сонца заззяла ярчэй…
Так, худыя, цыбатыя рыцары,
Мы гублялі сваіх Дульцыней.
Было ўдосталь адчаю і роспачы,
Безвыходнасці, болю, тугі.
I вянкоў тых ганебных, гарохавых
Нам хапала удосталь на ўсіх.
А яны? Ну, вядома, не макамі
Быў усланы заўсёды іх шлях…
Андрэй аслупянеў, заморгаў вачыма: гэты рэдактар, гэты раёншчык, гэты аграрнік, які наракае на недахоп філалагічнай адукацыі, чытаў яго даўні, пачатку студэнцкіх гадоў, верш, верш, які нават ён, аўтар, забыў, не помніў!!! Гэта быў нейкі цуд, нешта незразумелае, неспасцігальнае!… Хіба магло прысніцца, хіба мог даць веры, што нехта, нейкі студэнт-сельгаснік, вывучыць яго верш на памяць, будзе згадваць праз столькі год!..
Яго пачуцці не ўмяшчаліся ў душы, ледзьве стрымліваўся, каб не кінуцца абдымаць, цалаваць гэтага чалавека. Во такіх трэба ставіць рэдактарамі часопісаў і самых салідных газет! Але хто мог падумаць, ну хто ж мог падумаць!.. I цвёрдае рашэнне паварочваць аглоблі раптам здалося недарэчным, неразумным, вар’яцкім. Вяртацца ў тое асінае гняздо?! Не-е! Канечне ж, ён застаецца тут, застаецца з разумнымі людзьмі, застаецца, каб тварыць, падняць галаву, стаць на ногі, дамагчыся куды большага, чым шэранькі Саўчук, якога выдаюць ледзь не за нейкага генія…
Душа гарэла ад прыемнага, узвышанага ўзбуджэння. Ён быў задаволены сабою за рашучы і, безумоўна, правільны крок, выразней і выразней разумеў, што ў яго жыцці адбываецца зрух, круты паварот, за якім пачынаецца новая дарога, новая, сапраўдная старонка, напоўненая вялікім сэнсам…
На аўтавакзал рэдактар завёз на рэдакцыйнай машыне, хуценька ўладзіў з білетам. Развіталіся цёпла, амаль па-сяброўску, дамовіўшыся, што праз дзён дзесяць вяртаецца на пасаду адказнага сакратара…