Выбрать главу

Але нават пакладзісты, як ламавы конь, Вялікі камбінатар зараз заўпарціўся, нізашто не хацеў цягнуць фельетонны «ход». Ну і алах з ім. Не на ім сышоўся свет клінам… Можна ўзяць таго ж Хлестакова з нямой сцэнай у канцы… Не, хіба нямая сцэна — больш для рэагавання. I паралелі, аналогіі не праглядваюцца… А калі — Дзержыморду? Чым гэты Санька не Дзержыморда? I загаловак — «Нашчадкі Дзержыморды». Хвостка, і па сутнасці… А яшчэ лепш — «Местачковыя Дзержыморды»… Гэта — здорава, можна сказаць, знаходка… Толькі наўрад ці ўхваляць: надта ж адыёзны гэты Дзержыморда. Не тыя часы, скажуць, не з той оперы… Трэба далікатней, інтэлігентней — каб па судах не зацягалі… Зрэшты, мо і праўда… Фельетон, у рэшце рэшт, павінен быць не пра гэтых местачковых шэрлак-холмсаў, а пра тутэйшыя парадкі. А гэтага з наскоку не возьмеш. Тут, магчыма, і не фельетонам пахне, тут можа быць сур’ёзны, аналітычны артыкул пра поспехі і недахопы… Для сур’ёзнай публіцыстыкі ўласных назіранняў і эмоцый мала. Тут трэба пакапацца ў дакументах, сустрэцца, распытаць, асэнсаваць усё, зрабіць высновы… Не сёння ж распытваць і рабіць высновы! Сёння, у такіх экстрэмальных умовах, будзь самім Гогалем — нічога слушнага, пэўна, не прыдумаеш…

II

Мусіць, праўду кажуць: талент прарэзваецца разам з малочнымі эубкамі. Навука, вядома, пакуль што не даказала, але роўным лікам і не абвергла гэтага.

Незвычайныя здольнасці імправізаваць у рыфму з’явіліся ў Андрэя Чарапіцы яшчэ тады, калі вымаўляў не «жук», а «зук». Маці і бацька не надта зважалі на сынава вундэркіндства — ім на тое не хапала часу, ды і гэтых мудроных слоў «імправізаваць», «вундэркінд» яны, простыя сяляне, чуць не чулі, ведаць не ведалі. Гэта прыйшло пасля…

Андрэевым Дзяржавіным быў стрыечны дзядзька, які служыў не то карэктарам, не то друкаром у адной з раённых газет суседняй вобласці.

Прыехаў неяк дзядзька пагасціць, заадно — пазбіраць грыбоў, чым тады яшчэ былі багатыя і слаўныя лясы вакол іх вёскі.

А наш дзядзька — нос рабы,

Ходзіць з кошам па грыбы,—

падурачыўся малы Андрэй, сустракаючы сваяка з поўным кашом баравічкоў.

— Каб цябе паралюш! — уляпіла тумака маці.

— Адкуль гэта ў яго? — пацікавіўся збянтэжаны дзядзька.

— А чорт яго ведае, сам, балбес, мусіць, выдумляе,— скрушліва развяла рукамі маці.— Вунь на суседку Палусю выдумаў, то не гаворым цяперака…

— Стой-стой! — узрушыўся дзядзька і паманіў пальцам: — Ідзі сюды… Ідзі-ідзі, не бойся…

Андрэй наблізіўся з асцярогаю, панура ўставіўся на сваяка.

— Скажы, гэта ты ў самым дзеле сам склаў? — ласкава запытаў дзядзька.

— Ну-у-у…— прагундосіў Андрэй, усё яшчэ асцерагаючыся, каб не хапілі за вуха.

— А можаш прыдумаць яшчэ?

— Магу-у…— спадылба паглядзеў ён.

— Ну, прыдумай! — гарэў ад нецярпення дзядзька.

— А пра што-о?

— Пра што хочаш. Ну, хоць бы пра плот…

Для таго і плот,

Каб не лезлі ў агарод,—

у туго ж хвіліну выдаў Андрэй.

— Ну, а пра дуб? — разгарачыўся дзядзька, паказваючы на дрэва, пад якім яны стаялі.

Надарвеш ты, дзядзька, пуп,

Усё раўно не звернеш дуб,

зарагатаў Андрэй і адскочыў на небяспечную адлегласць.

— Ах, боўдзіла! — схапіла палена і кінулася наўздагон маці.

— Стой! — закрычаў на яе дзядзька, выхапіў палена з рук, шпурнуў на дрывацень.— Ты што, здурэла?! Ды ведаеш, галава садовая, хто ў вас расце?!

— Хто?..— разгублена апусціла рукі маці.

— Вундэркінд! Во хто!

— Я ж і сама бачу, Мікола, што бандыт, галавы што яму не знасіць,— засмучона сказала маці.— I дабром кажу, і лупцую — нішто не памагае…

— Ха-ха-ха-ха!..— зайшоўся ад рогату дзядзька.— Ну й цемната! Ну й вяскоўшчына! Я ёй вундэркінд, а яна — бандыт! Ха-ха-ха-ха… Ды ведаеш, галава садовая, што такое вундэркінд?

— А што? — насцярожылася маці.

— Ранні, таленавіты, разумны, будучы геній — во хто, а яна: ба-анды-ыт…— перадражніў дзядзька.— Бачыш, як ён вершы складае? 3 ходу! Як семачкі! Мо перад табою будучы Пушкін! А яна з паленам кідаецца. Ды цябе самую добра лупцаваць трэба за гэта, галава садовая. Ты каго лупцаваць сабралася? Мо будучага Пушкіна!

— Ат, мусіць, гаворыш абы-што, Мікола,— махнула рукою маці.— Ды адкуль жа гэна яму ад Пушкіна набрацца? У нас у раду да навукі ўсе…— махнула рукою.

— Гэ-э, гэ-гэ-э! — знергічна і пераможна пагразіў пальцам дзядзька.-— А Горкі! А Купала! А Колас! А Шолахаў?! Хіба ўсіх пералічыш! I ўсе з простага люду, з народа. Народ — гэта ого-го!..

— То мо ў цябе, Мікола, пайшоў. Ты хоць і далёкі сваяк, але ў нашым раду адзін галаву маеш, аж да рэдакцыі выбіўся.