Выбрать главу

Усё пачалося, мусіць, з таго, калі прызначылі рэдактарам агульнашкольнай насценгазеты. Ганарова, канечне, калі ўлічыць, што дагэтуль рэдактарам быў заўсёды хто-небудзь з настаўнікаў мовы альбо літаратуры. Ганарова то ганарова, але парушальнікі дысцыпліны, закаранелыя двоечнікі не надта дбалі, як да іх паставіцца гісторыя, ведаць не жадалі, хто дае кандыдатуры для злых вершаў і карыкатур. Улятала, вядома, рэдактару і аўтару, іншы раз — да гузакоў, і чым лепшая карыкатура, удалы верш — тым больш улятала.

— Не буду рэдактарам...— пасля чарговага «рэагавання» панура заявіў дырэктару школы.— Хай хто іншы. Сяргей Паўлавіч хай…

— Як гэта не буду?! — здзівіўся дырэктар.— Мы табе давер аказалі, а ты: не буду. У цябе хораша атрымоўваецца, апроч цябе ніхто так не зможа. Ты ж — паэт…

— Не буду…— стаяў на сваім Андрэй.

— Чаму? Ты мне можаш сказаць толкам?!

— Хлопцы крыўдуюць, б’юцца…

— Э-э-э, вось яно што! — аж прыўстаў дырэктар.— Чаго ж маўчаў дасюль? Гэта-а мы возьмем на сябе! Шоўкавенькімі зробім…

Ён, вядома, стрымаў слова: «шоўкавілі» і на класных гадзінах, і на камсамольскіх сходах, і сяго-таго бацькоў клікалі. Падзейнічала — асцерагацца, пабойвацца пачалі нават старэйшыя і дужэйшыя.

— Ну, во цяпер будзе парадак,— падбадзёрваў дырэктар, весела ўсміхаючыся.

Але Андрэю было нявесела, куды больш нявесела, чым тады, калі даводзілася хадзіць з гузакамі за крытыку. Хлопцы перасталі дапускаць яго ў свае кампаніі. Нават сядзець за адной партай не хацеў ніхто. Пачалі ставіцца, быццам ён пустое месца, кончаны чалавек. Адвярнуліся ўсе, нават тыя, каго ўвесь час хваліў у насценгазеце, учарашнія сябры. Тут не тое што дырэктар, а ўвесь педсавет быў бяссільны дапамагчы…

О, як хацелася яму быць з хлопцамі, быць раўнёю, разам лазіць па чужых садах, дацямна ганяць мяч, гойсаць на веласіпедзе па суседніх вёсках, дражніцца са старэйшымі пад вокнамі на забавах, куды пакуль што іх, падшыванцаў, і блізка не падпускалі. Паддобрываўся, знарок гаварыў дзёрзкасці настаўнікам, нават зрываў урокі, аднак і гэта не памагала. Яго па-ранейшаму цураліся, ён быў для іх задавакам, чужаком, нагаворшчыкам, дырэктаравым прыслужнікам.

Адным суцяшэннем, адным паратункам заставаліся кнігі. Чытаў запоем, іншы раз да самай раніцы, і гэта затрывожыла маці.

— Сынок, схадзі пагуляй з хлопцамі, не ўлягай так, не сушы мазгі,— умольвала яна.— Каб жа чаго не сталася. Начытаешся яшчэ, напішашся сваіх вершыкаў…

Ён злаваў, нерваваўся: матчыны словы змушалі яшчэ вастрэй адчуваць сваю няўцешную адзіноту.

— Няма часу! — буркаў у адказ, утыркваўся ў кніжку, хоць яшчэ доўга не мог успрымаць, што там напісана. У такія хвіліны ён сам сабе здаваўся птахам, што адбіўся ад чарады, і такому птаху, ведаў, няма вяртання назад да грамады — яго заклёўваюць, забіваюць да смерці самі ж сародзічы…

— Пётра, баліць душа за хлопца,— усё часцей вечарамі ўздыхала маці.— Дальбог, зрушыць галаву гэнымі кніжкамі і вершыкамі. Мо ты з ім пагавары, як мужчына. Адналеткі вунь па забавах шастаюць, а ён — як манах…

— Нічо-ога, па забавах яшчэ нашастаецца — большага б клопату не было! — супакойваў бацька.— Кніжкі дурному не навучаць. Во, паглядзі, да чаго дашастаўся па забавах і кампаніях Антосеў хлопец: бацьку роднага з калом вакол хаты ганяе — давай грошы на гарэлку! Соплі пад носам не абсохлі, а ўжо турма плача… Ты лешп паслухай, што пра нашага сталыя, разумныя людзі кажуць…

Сапраўды, пажылыя вяскоўцы ставіліся да яго вельмі паважна, як да дарослага, любілі пагаманіць, распытаць, што ў кніжках і газетах пішацца. Сам не раз чуў, як гаварылі: ото ж сур’ёзны і разумны, усё на свеце ведае, а ўсё таму, што за вярсту абмінае розных шалапутаў, што б’юць бібікі ды гойсаюць, як ашалелыя, да раніцы…

Канечне, усё гэта было прыемна, цешыла душу, але, па праўдзе кажучы, куды цікавей было б гойсаць да раніцы з аднагодкамі-шалапутамі, чым пераказваць змест прачытаных кніг дзядам. Бачыў, вядома, што ўзвышаюць яго ў вачах сталых вяскоўцаў і каляровыя, салідныя канверты з назвамі вядомых газет, часопісаў, якія штодня прыходзілі па пошце. Нашто ўжо скептык і вастраслоў дзядзька Стах, які пасля аперацыі стаў насіць, дакладней — вазіць на сваім мапедзе пошту, і той адносіўся з падкрэсленай павагай, нават пяшчотай. Ён паказваў гэтыя канверты, лічы, у кожнай хаце, не забыўшы таемна паведаміць, што такія важнецкія пісьмы не прыходзяць нават старшыні калгаса.