Выбрать главу

Серж Мінскевіч

Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка

Аповесць легендарных часоў

I

ПАКІНЬЦЕ СВОЙ СМУТАК!

Гэтыя незвычайныя падзеі адбываліся, калі па белым свеце вандраваў мастак Дроздіч.

Хадзіў ён у ботах з чырвонага саф’яну, жоўтых атласных шараварах і скураным паўкафтане з узнятым каўняром. У любое надвор’е яго сівыя валасы прыкрываў зялёны ў кавуновыя паскі берэт, з сярэдзіны якога вытыркаўся кароткі закручаны хвосцік. На плячы ў вандроўнага мастака вісела скураная торба, а пры хадзе ён абапіраўся на парасон-кіёчак, зроблены з кораня чорнага дрэва і празрыстага ядвабу. Калі мастак Дроздзіч стамляўся, ён раскрываў парасон і сядаў пад ім на ўзбочыне. Ядваб парасона быў такім тонкім, амаль паветраным, што Дроздзіч праз яго мог добра бачыць усё, што робіцца вакол. І, акрамя таго, гэты празрысты ядваб, нібы вялікае павелічальнае шкло, набліжаў далёкія прадметы. Мастак Дроздзіч глядзеў скрозь свой павелічальны парасон і бачыў, як там, наперадзе, на яго шляху, людзям жывецца. І калі ён бачыў, што жывецца ім дрэнна, што ў іх бяда-гора, уставаў ды ішоў да іх паспешлівым крокам.

У скураной торбе мастак Дроздзіч трымаў раскладны мальберт, палітру, збанкі з фарбамі, палатно з таго ж празрыстага ядвабу, што і парасон, пэндзлі з тонкімі, як варсінкі вусеняў, валаскамі. А таксама ў яго торбе быў вялікі пузаты слоік. Туды ён клаў скручаную трубачкай свежую карціну. Спачатку ён заўсёды пісаў на палатне з празрыстага ядвабу і заўсёды адно і тое ж. Ён пісаў усмуткі людзей. Усмешка — гэта ад смеху, тое, што з’яўляецца ў смеху, калі куткі вуснаў уверх, а ўсмутка — тое, што з’яўляецца ў нас у смутку, калі куткі вуснаў уніз. Мастак Дроздзіч напіша на ядвабе партрэт чалавека ў смутку, яго жальжаласныя вочы, яго вусны, як перакуленую лодачку, і пакажа таму чалавеку, а той, гледзячы на сябе, такога шкадобнага недарэку, міжволі ўсміхнецца. Вось тады — хоп! — скруціць мастак Дроздзіч гэты партрэтз усмуткай, у слоік пакладзе і накрыўкай закрые. І чалавек, партрэт якога напісаў мастак Дроздзіч, больш не будзе такім маркотным і сумным.

А ў пузатым слоіку тым часам чараўніцтва адбываецца: партрэт засмучонага чалавека знікае — ядвабнае палатно зноў празрыстым робіцца, а намаляваныя вусны, з апушчанымі долу куткамі, ператвараюцца ў чорнага вусеня.

Заўважыць мастак іншага маркотнага альбо чымсьці засмучанага чалавека, — каваля, рамесніка, купца, малочніцу ці маладзіцу са слязьмі на вачах, тады акуратна страсе вусеня-ўсмутка з ядвабнага палатна ў слоік, каб той зваліўся на самае дно, і дастае ўжо чыстае, празрыстае ядвабнае палатно. Уздыхне мастак Дроздзіч, абмакне пэндзлік у фарбы, уважліва паглядзіць на смуткуючага чалавека і пачынае пісаць яго партрэт. І чалавек той замест усмуткі з усмешкай застаецца.

Калі побач з мастаком Дроздзічам ужо не застанецца аніводнага засмучонага чалавека, ён прымаецца пісаць іншыя карціны — палі, лясы, хаты, нябесныя зоркі — толькі ўжо на звычайным ільняным палатне, і дорыць іх людзям. Сяляне ці гараджане альбо замчане — жыхары замкаў — у падзяку за гэта запрашаюць вандроўнага мастака да сябе дадому, частуюць яго самым лепшым з таго, што ў іх маецца, на начлег даюць самы цёплы і ўтульны пакой і наймякчэйшы ложак. Старасты вёсак, кіраўнікі гарадоў, князі і нават каралі не раз прасілі яго застацца, пажыць альбо пагасціць у іх даўжэй, але мастак Дроздзіч у адказ толькі дзякаваў, кланяўся і заўсёды паўтараў адно і тое ж:

— У гэтулькіх яшчэ землях мне пабываць трэба.

Браў мастак Дроздзіч свае незвычайныя рэчы і адпраўляўся далей.

Так і падарожнічае ён па свеце, пакуль не набярэцца поўны слоік чорных вусеняў...

***

Аднойчы ішоў мастак Дроздзіч белай дарогай. Доўга ішоў, змарыўся і, як звычайна, вырашыў прысесці на ўзбочыне адпачыць трошкі. Але не паспеў ён як след уладкавацца пад сваім ядвабным парасонам, як зірнуў наперад і зразумеў, што не да адпачынку яму. Падхапіўся і хутка-хутка пакрочыў далей.

Перад ім, уніз па дарозе, ляжала мястэчка. Як ні ўзіраўся мастак Дроздзіч, не мог разгледзець там ні адной жывой душы. Мястэчка выглядала цалкам пустым. «Што ж гэта такое? Куды ўсе падзеліся?» — думаў мастак. Праз свой парасон ён бачыў адчыненыя дзверы хат, раскінутыя тавары на рынкавай плошчы, перакуленыя вёдры ў лужынах пралітай вады каля студняў. Здавалася, жыхары мястэчка толькі што былі там, займаліся сваімі штодзённымі справамі, і раптам, як быццам у адно імгненне, іх не стала.

Мастак Дроздзіч ішоў таропка, задыхаўся.