Выбрать главу

Нечакана з-пад каменнага моста, перакінутага па-над ровам, які аддзяляў могілкі ад мястэчка, насустрач мастаку вышлі юнак і дзяўчына. Абодва стрункія, ладныя, з прыгожымі тварамі, вялікімі цёмна-карымі вачамі, але вельмі спалоханымі. Юнак і дзяўчына былі падобныя адно да аднаго, быццам родныя брат і сястра. Хаця, насамрэч, яны не былі нават стрыечнымі братам і сястрой.

На дзяўчыне была белая да каленяў сукенка з гафтам на каўняры і рукавах, мяккія плеценыя з палосак скуры сандалі. Вецер развіваў яе доўгія каштанавыя валасы. Юнак быў апрануты ў ільняную кашулю, падперазаную чырвоным поясам, і палатняныя штаны, запраўленыя ў невысокія боты. На галаве ў яго быў карычневы замшавы капялюш з белым пяром. З-пад капелюша віднеліся цёмна-русыя, да плячэй, валасы.

— Не хадзіце ў мястэчка, добры чалавек, — сказала дзяўчына.

— Туды нельга, — папярэдзіў юнак.

— Я здалёк заўважыў, што тут нешта не тое... Але што здарылася? — спытаў мастак Дроздзіч.

— Удзень раптам святло пацямнела, і наляцелі на горад чорныя віхуры, — пачала распавядаць дзяўчына.

— Каго такая віхура закруціць, ператвараецца ў чорны цень і ляціць уверх, туды, дзе віруе чорная хмара, — працягнуў юнак.

— Нашых бацькоў, суседзяў, усіх-усіх, дзяцей і старых, тых, хто быў у дварах, і тых, хто ў хатах хаваўся, усіх закруцілі чорныя віхуры...

— Праз вокны і дзверы, праз коміны ўляталі віхуры ў хаты...

— Усіх-усіх забралі... Толькі мы з Арцінам засталіся. Вось, паспелі схавацца пад гэтым мостам. А ў мястэчку цяпер нікога няма. Пустэча, страх і жах... — казала дзяўчына.

— Нават усе жывёліны разбегліся. Глядзіце! — юнак паказаў на дарогу.

Сотні маленькіх і вялікіх слядоў жывёл і жывёлінак віднеліся на ёй. Усе сляды вялі прочкі з горада.

— Так, вялікае няшчасце прыйшло ў ваш горад, — прамовіў мастак Дроздзіч.

— Ой, прабачце... Мы зусім забылі прадставіцца. Я — будучы віцязь — Арцін, а гэта — будучая яснапанна Алеолла, — сумна сказаў юнак.

— Пакуль проста Алеолла, — дзяўчына зрабіла рэверанс, але з-за гора, якое яна адчувала, не змагла, як неабходна ў такіх выпадках, усміхнуцца, — мне яшчэ толькі належыць стаць яснапаннай. А мястэчка наша завецца Скімень.

— А я — мастак Дроздзіч, — пакланіўся вандроўнік.

— Мы пра вас чулі... — прызнаўся юнак.

— Пра вас, мабыць, усе людзі чулі, — дадала дзяўчына.

— Гэта Алеолла прыдумала схавацца пад мостам побач з могілкамі, — паведаміў Арцін.

— Правільна прыдумала, — пахваліў мастак Дроздзіч. — Я ведаю, што гэта за чорныя віхуры і чорная хмара прайшлі над вашым мястэчкам. Ад іх толькі пад такім мостам, які вядзе ад месца жыцця-радасці да месца жалю-смутку і можна схавацца.

— А што гэта за віхуры і хмары такія? — разам сумна спыталі Арцін і Алеолла.

— Ваш горад наведала Жалобная Каралева Паляндра. Вы, пэўна, чулі пра Снежную Каралеву, уладарку холаду і снегу.

— Так, — кіўнулі Арцін і Алеолла.

— Дык вось, — працягнуў мастак Дроздзіч, — Паляндра — гэта ўладарка гора і смутку. Мне даводзілася яе бачыць — сухая, згорбленая, старая. Твар у яе жоўта-карычневы, а зрэдчас робіцца шэра-зялёным. На ссівелых валасах замест кароны яна носіць вянок з шасці зачаўрэлых чорных руж. І Паляндра заўсёды прагне людскога гора. Г этак жа, як мы, калі доўга не паямо, адчуваем голад, таксама і яна пакутуе ад недахопу гора. А калі Паляндра вельмі галодная горам, то робіцца чорнай-чорнай, зморшчваецца і ўся трэскаецца, як кара на балотным карчаку. Тады Жалобная Каралева загадвае сваім слугам збіраць чорных вусеняў і варыць з іх поліўку.

Алеолла і Арцін слухалі мастака з шырока раскрытымі вачамі, а той распавядаў далей:

— У Чорным Балоце, у багне, на Імховай Выспе стаіць сплецены з каравых каранёў церам. На страсе яго ў вялізных гнёздах жывуць чорныя чаплі, а Паляндра —у цераме, у пакоі з няроўнай столлю. Пад церамам знаходзіцца скляпенне для людзей, пераўтвораных у чорныя цені. Паляндра, уся ў чорных строях, лётае па свеце ў чорнай карэце, запрэжанай чорнымі чаплямі — гэта і ёсць тая хмара і віхуры, якія вы бачылі. Чаплі чапаюць і чапляюць людзей, таму яны так і завуцца — чаплі. Як убачаць яны чалавека, закружваюць яго, кружаць, кружаць, пакуль той не ператворыцца ў цень, а потым кідаюць яго ў жалезную ступу, якую Паляндра заўсёды возіць з сабою на задку карэты. Затым Жалобная Каралева разам са сваімі прыслужніцамі-чаплямі кідае цені людзей у скляпенне-цямніцу, пад тым карчакаватым церамам.

Мастак Дроздзіч прымоўк, паглядзеў на неба — ці не збіраецца на даляглядзе чорная хмара — і зноў пачаў апавядаць:

— Вакол той цямніцы ад смутку і гора людскога на балотных купах вырастаюць гнілякі, на якіх і заводзяцца чорна-бурыя вусені. Менавіта з гэтых вусеняў Паляндра гатуе сабе і сваім чаплям поліўку. Але з часам людскія цені становяцца тонкімі, зусім тоненькімі і слабенькімі. Яны ўжо не ў стане сілкаваць балотную зямлю сваім горам, і гнілякі перастаюць расці, і вусеняў на іх заводзіцца ўсё менш і менш. Вось Паляндра кожны год і адпраўляецца за новымі людзьмі. Вы, напэўна, чулі, што раз-пораз дзе-нідзе знікаюць людзі...