Выбрать главу

— Так, калі ў Палямона такая лодачка, то нам будзе цесна, — сказаў Арцін.

Але, да шчасця, яго прадчуванні не апраўдаліся.

На судах і на беразе ажыўлена сюды-туды шныралі людзі. З вышыні мыса яны падаваліся карузлікамі.

— Гэй! Гэй! — зверху крыкнулі Арцін і Алеолла. — Хто з вас Палямон?

На прыстані адазваўся адзін чалавек. Ён стаяў непадалёк ад досыць вялікай ладдзі з прыспушчаным жоўта-чырвоным ветразем.

— Гэта я! Спускайцеся сюды!

Арцін, не доўга думаючы, саскочыў са стромы і кулём паляцеў па мяккім пяску.

А вось Алеолла агледзелася і знайшла ў пяшчаным абрыве ўтрамбаваныя прыступкі — верагодна, іх зрабілі служкі маяка. Дзяўчына спакойна спусцілася.

Унізе — зусім не так, як зверху — сярод рознакаляровых судоў не проста было знайсці ладдзю Палямона. Добра, што рыбак сам па прыстані выйшаў насустрач Арціну і Алеолле.

Палямон аказаўся вялікім, загарэлым, каржакаватым мужчынам з чэпкімі мазолістымі рукамі. На ім была шырокая палатняная кашуля, падперазаная карабельнай вяроўкай. На нагах кірзавыя боты да калена — у іх запраўлены шэрыя нагавіцы.

— Дабрыдзень, дабрыдзень! З чым да мяне завіталі?

— Дабрыдзень гаспадару! Нас да вас адправіў мастак Дроздзіч, — пачала Алеолла.

Хітаючы галавой, разумеючы што пра што, Палямон да канца выслухаў аповед Алеоллы і Арціна.

— Вядома, мая «Ладачка» вялікая — усім месца хопіць. Са мной яшчэ плыве мой сын Халямон — прыкладна вашых гадоў будзе, і яшчэ два сыночкі Санцелямон і Панцелямон, яны маладзейшыя крыху. Так, яшчэ сабака Брахіндзей.

Сабака Брахіндзей, пачуўшы сваё імя, высунуў кудлатую галаву з вачамі-пацерамі і носам-гузікам над бортам ладдзі і, вітаючы, два разы гаўкнуў Пасля гэтага саба­ка схаваўся за бортам. Ненадоўга. Праз імгненне ён выскачыў з карабля на бераг, замітусіўся каля ног гаспадара і яго гасцей. Аказалася, што Брахіндзей — сабака сярэдніх памераў, чорны, калматы, з закручаным дагары хвастом.

Брахіндзей хутка абнюхаў сандалі Алеоллы і боты Арціна ды гаўкнуў яшчэ раз, больш прыязна.

— Вось, вітаецца. Адчувае добрых людзей. Халямон! Санцелямон! Панце­лямон! — паклікаў Палямон.

Над бортам з’явіўся круглы васпаваты твар Халямона. Яго галаву ўпрыгожвала капа рудых валасоў, а злева і справа ад яго высунуліся два такія ж васпаватыя, але цёмнавалосыя браты-блізняты.

— Вось яны... Праходзьце на борт. Размяшчайцеся, — сказаў Палямон Арціну і Алеолле, а потым крыкнуў сынам: — Гэй вы! Рыбацкая руя, уладкуйце гасцей!

Ладдзя пахла шкіпінарам і рыбай. Над бортам трапятаў нерат, вяроўкі з развешанай рыбай. На карме стаялі бочкі з рыбіным тлушчам, бочкі з вадой, квасам, півам, мукой і з засоленай рыбай. Асобна ляжалі цюкі з дарункамі для рыбіных князёў і каралёў.

— Праходзьце, праходзьце... Вось тут вы будзеце спаць, — Халямон, як і належыць старэйшаму з братоў, паказаў памяшканне пад палубай з двума гамакамі з рыбалоўчай сеткі.

Арцін і Алеолла паклалі пад гамакі свае рэчы, і Халямон вырашыў правесці іх па ладдзі.

— Гэта шчогла. На ёй ветразь. А вунь там стырно на карме.

— І што там на карме кухня? — спытала «сухапутная» Алеолла. Яна ўжо прыкідвала што, як і дзе будзе рабіць.

Санцелямон і Панцелямон пырснулі са смеху.

— Чаму кухня? — Халямон з ветласці стрымаў усмешку.

— Ну, карма. Дзе трэба карміцца, — выказала здагадку Алеолла.

Санцелямон і Панцелямон не змаглі стрымацца і засмяяліся.

— Ды ціха вы, — прыкрыкнуў на іх Халямон. — Карма, як гэта сказаць, азадак карабля.

Блізняты так і пакаціліся па палубе...

— Не-не, на гэтым азадку усім корм раздаюць, — «падкінуў» жарт Санцелямон, і сам жа яшчэ гучней засмяяўся.

— Ды хопіць вам, — папрасіў братоў Халямон. — Г эй, Санцелямон, лепей пакажы, як трэба стырно на карме трымаць.

— Не, я пакажу! — апярэдзіў Панцелямон.

— Не, я!

У іх спрэчку гучным брэхам умяшаўся Брахіндзей. Ён пачаў скакаць вакол іх і матляць хвастом.

— Вось Брахіндзей і пакажа.

Сабака падбег да стырна, устаў на заднія лапы, а пярэднімі абапёрся на вялізнае вясло.

— Малайчына, Брахіндзей. Цяпер зразумела? — спытаў Халямон.

— Зразумела, — засаромелася ад свайго невуцтва Алеолла.

Арцін тым часам аглядаў снасці на шчогле.

— А гэтымі вяроўкамі кіруецца ветразь, — сказалі блізняты. — Цягнуць цяжкавата. Звычайна Брахіндзей дапамагае. Свіснеш — ён зубамі ўчэпіцца і цягне з такой жа сілай, як і мы самі. Праўда, Брахіндзей?

Сабака ўтаропіўся чорнымі вочкамі на аднаго са сваіх гаспадароў і ўхвальна гаўкнуў.