Дачка ведала, што хутка, калі стане дарослай, яна будзе ня толькі падобнай да маці, але нават звышпадобнай. Бо гэта гістарычны факт: аднойчы Чарлі Чаплін заняў другое месца ў конкурсе двайнікоў Чарлі Чапліна.
Бухгальтар
У гатэлі ўтрымліваецца буйны штат бухгальтараў, кожны зь якіх адказвае за пэўную зону: рэстарацыя, клюб, нумары па паверхах, спа, казыно й чорт яго яшчэ ведае, якія “чорныя” і “белыя” касы й бухгальтарскія кнігі вядуць гэтыя людзі, з раніцы да ночы аточаныя паперкамі й лічбамі, сумуючы ў сваіх запыленых кабінэтах, прапахлых таннаю кавай і бруднай бялізнай.
Часта, каб ня ўводзіць у спакусу, па-над імі ставяць такі ж па колькасьці чальцоў штат начальнікаў, а то і большы… І аднойчы Люсю, якая вяла фінансавыя справы па рэстарацыі, празь нейкія хібы ў разьліках панізілі з пасады галоўнага бухгальтара да штатнага, і яна мусіла з самага высокага, сёмага паверха, дзе месьціліся кабінэты алімпійцаўначальнікаў, перасесьці ў невялікі пакой на першым паверсе ў спа-цэнтры.
Люся гэтаму ня надта была радая, тым болей што яе кабінэт суседнічаў з распранальняй, то-бок кліентаў гэтых процьма – гоман, гармідар, ахоўнікі, якія вечна знаходзіліся побач з прывабнымі адміністратаркамі спа й рэстарацыі. Але з часам Люся абвыкла і нават пасябравала з мужным, напампаваным стэроідамі й пратэінамі ахоўнікам Віктарам. Выдатнае сяброўства ў іх было: часта ў ейным кабінэце яны абдымаліся, альбо Віктар дамаўляўся на нумар і ставіў свой традыцыйны кошт за гадзіну сэксу, але са зніжкаю на пяцьдзясят адсоткаў. Віктар быў вялікі, увесь пукаты, рабрысты, паўсюль тырчэлі цягліцы, якія часта самі па сабе выпадкова напружваліся, а яшчэ ён любіў напружваць свае ягадзіцы. Бывае, забудзецца на ўсё й стаіць на пасту, ахоўвае й сьціскае, а потым паслабляе сраку, сьціскае, паслабляе дзьве накачаныя паловачкі. Віктар рана зрабіўся напаўсівым, што пасавала яму яшчэ болей, то-бок надавала яму павагі, але звычайна ўсіх кліентак ён трахаў па-хуткаму, як маратонец, пакуль не адчуваў, што адпрацаваў сто эўра, й канчаў ім то на жывот, то на сьпіну, таму сівізна не азначала нясьпешнасьці і досьведу, яна была ў яго хутчэй рудымэнтам.
Люся спачатку захапілася новымі прыгодамі першага паверху: сэкс падчас працы, пасьля працы й ноччу, у ейнай галаве пераблыталася, дзе там у гэтых жарсьцях быў муж, дзе Віктар, а дзе яе сьненьні… Невядома, да чаго дайшло б, каб ня тры падзеі: арышт за сутэнэрства Піліпа Андросавіча, галоўнага ахоўніка, прапанова Віктару ад старога школьнага сябра сьпяваць на бэк-вакале ў беларускім гурце і плёткі пра нейкага супрацоўніка, які крадзе грошы з кішэняў і торбаў кліентаў рэстарацыі й спа-цэнтру ў распранальні. І вядома, пасьля галоўнага ахоўніка пачалі катаваць гардэробшчыц.
Ларыса Іванаўна няспынна плакала, калі яе выводзілі з гатэлю, Ганна Анатольеўна была белаю, як той сьнег на ходніку… Абедзьве пэнсіянэркі засталіся бяз працы, камэры, гэтыя змрочныя цыклопы ў кутох, так і не далі празрыстых адказаў, распранальня знутры не праглядаецца, грошы зьнікалі на абедзьвюх дзённых зьменах гэтых старых жанчын, усю адказнасьць за каштоўнасьці панеслі яны. Прасьцей было пагнаць бабуль, адна з якіх мела навуковую ступень па біялёгіі, а другая трыццацігадовы стаж працы галоўным вахцёрам у Опэрным Тэатры.
Пакрысе праблемы зьніклі. Віктара не было колькі тыдняў – ён запісваў альбом са сваім музычным гуртом, альбом называўся “Толькі ты” і меў адразу дзесяць музычных трэкаў пра каханьне… Некаторыя сталыя пастаялкі й супрацоўніцы гатэлю былі не ў гуморы без традыцыйнага сэксу, Люся сумавала па прыгодах, бо на алімпе, на сёмым паверсе, сёмым небе, як-ніяк хаця б галоўны дырэктар гатэлю час ад часу ўшчыкваў яе за азадак, і гэта надавала ёй рахманасьці, да таго ж раней у яе было меней папяровай працы.
Крадзяжы ў распранальні праз два тыдні аднавіліся, але ніхто пра гэта ня ведаў, акрамя Юліі Цімафееўны. Ёй па сакрэце сказала адна з кліентак, што ёй падаецца, нібыта ў яе час ад часу зьнікаюць грошы з партманэ альбо з кішэні паліто, але яна ня можа даць пэўны адказ, ці сапраўды так, бо часта носіць з сабою стос грошай, бывае да сарака тысяч даляраў, па справах патрэбна, і не ўпэўненая, што сто альбо дзьвесьце даляраў зьніклі… Мэнэджар спа-цэнтру ўсё зразумела, яна ўцяміла, што бабулькі тут былі ні пры чым, тут хтосьці працаваў прафэсійна, чыста.