Праз два дні ў кліенткі зьніклі чатырыста тысяч беларускіх рублёў, чатырма паперкамі… Распранальню часова зачынілі й пачалі разважаць, дзе, хто і як, па камэрах глядзелі, там было бачна, што ў распранальні нікога не было больш за дзьве гадзіны, толькі новая гардэробшчыца Валянціна Мікалаеўна выходзіла ў прыбіральню, але ўсё зачыняла… Абшукалі гардэробшчыцу, тая на гэта моцна пакрыўдзілася, маўляў, трыццаць гадоў на заводзе адпрацавала, цаліну падымала, а цяпер яе на старасьці гадоў зладзейкаю называюць! Высноваў з Валянцінай Мікалаеўнай не зрабілі. Абшукалі прыбіральню – таксама нічога.
І тут раптам Люсі спатрэбілася выйсьці са свайго пакоя, каб падняцца наверх і падпісаць колькі паперак. Выходзіць яна, дзьверы замыкае, а да яе Раміна Гайдараўна й Юлія Цімафееўна з ахоўнікам Сашам падскочылі і патрабуюць адчыніць дзьверы кабінэта, ён адзіны суседнічае з распранальняй, хто яго ведае… І ўсе ўчатырох уціснуліся ў пакой, які іх ледзь змясьціў.
Люська зрабіла выгляд бязьвіннай ахвяркі, але ў ейным кашальку знайшлі тыя чатыры бэжавыя паперкі, на якіх быў намаляваны замак Радзівілаў у Нясьвіжы, кліентка загадзя выпісала ўсе нумары ейных купюр, і яны супалі…
– Доўбні мы ўсе! – жалілася Юлія Цімафееўна, – забыліся на тое, што суседні пакой бухгальтара знутры злучаны з распранальняй асобнымі дзьвярыма, бо першапачаткова кабінэт мусіў быць камораю гардэробшчыкаў…
А Люся нічога, пасьміхалася, яна саму сябе даўно ўжо апраўдала: за асалоду трэба плаціць – пяцьдзясят эўра за адзін раз, і гэта са зьніжкай як для пэрсаналу, за адзежу трэба – па-суседзтве адкрылі новы францускі буцік, нават за прыгоды трэба плаціць! А што тыя таўстасумы, тыя разбэшчаныя кліенты? Хіба яны абяднелі? Не! Ста далярамі болей, ста далярамі меней, якая ім розьніца.
І адзіным чалавекам, які сумаваў праз крадзяжы бухгальтара, быў нават ня Віктар, які страціў адну са сваіх любімых сталых кліентак. Гэтым няшчасным ёлупнем быў рознарабочы Ваня, якога яшчэ на той час ня звольніў Хасан і які часта паліў на падворку гатэля разам зь Люсяю й шчыра яе кахаў, яна нават аднойчы на карпаратыве п’яная дала яму памацаць свае грудзі і пацалавала ў шчаку… Увечары, калі Люсю канчаткова пагналі з гатэлю са скандалам, Ваня прыйшоў дадому, адамкнуў сваю самотную здымную кватэру, не распранаючыся сеў за стол, адкаркаваў гарэлку й піў да раніцы, і недзе ў дзьве гадзіны ночы плакаў гарачымі сьлязьмі, бо няма нічога больш жорсткага ў неўзаемным каханьні, як даведацца, што аб’ект тваіх мараў – сапсаваны гэтым прагнілым сьветам, і кожны кожнаму вораг, і кожны кожнага падазрае, асабліва ў такой багне, як гатэль… Бо, як нам вядома, – чалавек чалавеку воўк.
Котка
У гатэль прыехала канадзкая каманда па хакеі. На тыдзень. У канадцаў наперадзе як мінімум тры матчы. На рэцэпцыі ўсіх хуценька разьмеркавалі па нумарох, акрамя аднаго яўнага рэтрасэксуала, форварда, які быў жудасна нязграбна апрануты, з празрыстай усьмешкаю й поглядам татальнай абыякавасьці да ўсяго, што адбывалася навокал. Затрымка зь ім здарылася праз тое, што гатэль паводле сваіх унутраных законаў забараняе пастаяльцам утрымліваць у нумарах жывёл.
Забарона была строгаю й кантралявалася дырэкцыяй. Але Ўэйн, так звалі спартсмэна, адказаў, што адмаўляецца тут спыняцца, пакуль не “прапішуць” яго котку – амаль міжнародны скандал: канадцы адмаўляюцца гуляць, котку адмаўляюцца прапісаць, жах…
Ды колькі той коткі было, але яна была ангельскаю, пароднаю і каштавала пяцьдзясят тысяч фунтаў, мела сваю ўласную клетку і валізу на колах зь ежаю, пігулкамі, вітамінамі, цацкамі, штучнымі мышамі-забаўлялкамі, адфільтраванай вадой для пітва, мела сваю касмэтыку й колькі вопраткі, а таксама экалягічна чысты пясок для туалета.
Уэйн ледзьве ня плакаў, скардзіўся, што ў яго толькі яна і ёсьць, адзіная яго падтрымка, і яму не патрэбныя ані прастытуткі, ані іншы біяматэрыял, які толькі стварае атмасфэру прысутнасьці. Уэйн казаў, што якія б грудзі ні прасьвечваліся праз выразы ў кофтах і саколках жанчын, яны не заменяць яму ягоную котку, якая аддае ласкі ўтрая болей і нічога за гэта не патрабуе. Сябры й таварышы па хакейным клюбе яго добра разумелі, яны падарожнічалі толькі з фотакарткамі любімых, альбо на скрайні выпадак здымалі напружаньне ў цягліцах праз набыты сэкс альбо рукою з крэмам.
На рэцэпцыі дзяўчыны перапужана лыбіліся, ня ведалі, куды падзець свае рукі й свае целы падалей ад зьнерваванага хакеіста, пакуль не зьявіўся дзённы мэнэджар Карнэй Эдуардавіч і, раззлаваны, што безь яго ня могуць рашыць такія простыя справы, з ходу падкінуў адну карункавую ідэю.