І котку запісалі як прастытутку, то-бок як “лэдзі ў нумар”, і гэта вырашыла ўсе праблемы. Уэйн адразу праплаціў тыдзень пражываньня сваёй коткі, па сорак эўра за дваццаць чатыры гадзіны, і зьнік у ліфце разам з коткаю, клеткай і кацінай валізаю.
І ўсё было б файна, але аднойчы пакаёўка Наста, прыбіраючы ў нумары хакеіста, раптам не знайшла коткі. Гэта мусіў быць трэці міжнародны скандал у хакеі за два дні. “Лепей бы я цябе не знайшла, курва! – раўла на яе Міхаліна, галоўны мэнэджар. – Ды як ты знойдзеш мне пяцьдзясят тысяч фунтаў за котку!? Га? Прыбярэш усе нумары ў Беларусі?!”
Наста кінулася шукаць па гатэлі котку, пухнатую жывёлку колеру пляжнага пяску, уся дзённая зьмена, шкадуючы дзяўчо, кіскала па паверхах, зазірала ў самыя незвычайныя месцы, усе сьпяшаліся, пакуль канадская каманда ня вернецца ў гатэль. Безвынікова… Пакаёўка Наста, заплаканая, счырванелая, з апухлым тварам, пайшла ўвечары дадому, гатовая чакаць начнога званку, калі Ўэйн вернецца, вырашыць пакарміць котку, а там…
Так яна, бедная, і заснула, знэрваваная, забыўшыся пераапрануцца, скруціўшыся эмбрыёнам пад ваўняным пледам, выпіўшы бутэльку валяр’янкі.
За ноч Насту ніхто не пабудзіў тэлефанаваньнем. Котка сама выпаўзла з-пад ложка, пад якім амаль суткі хавалася, напалоханая ранішнім пыласосам.
Акрамя коткі, Уэйн любіў толькі прадукцыю Applе. Ён быў шалёным прадстаўніком новага руху – мак-нацы, і спачатку ўвесь тыдзень фатаграфаваў котку на свой iPhone, а потым, апошняй ранціцою, перад ад’ездам, калупаючы яечню з кантынэнтальнага сьняданку, у макбуку посьціў усё гэтае сантымэнтальнае лайно зь любімай коткай у Фэйсбук, дзе пісаў у статусе, што жыў тыдзень у Менску з коткаю, якую аформілі як прастытутку. Уэйн так і не даведаўся пра тое, як шукалі ягоную пухнатую жывёлку колеру сонечнага пяску і як Наста піла ноччу валяр’янку.
Дзядуля
Гэтая разбэшчанасьць, гэтая бессаромнасьць, няўцямны юр, вычварэнства заўжды паказваліся першымі, ішлі перад ім, як толькі ён зьяўляўся. Не было істотным, дзе яго бачылі, але кожны спачатку адчуваў, як прастора гусьцее, як паветра цяжэе, і праз сэкунду зьяўляўся ён – ногі ледзь перасоўвае, кульгавенькі, пляшывенькі, жаласьлівы пэнсіянэр, па гадох даўно ўжо ня толькі пэнсіянэр, але, напэўна, й вэтэран Другой сусьветнай.
Ніндзя, галоўны, прэзыдэнт міжнароднай сеткі гатэляў, так яго звалі падначаленыя, дадаючы спадар, пан Ніндзя, яму было далёка за восемдзесят і так жа далёка да рэальнасьці. Ніндзя трымаў пяцьсот гатэляў па сьвеце, яго міжнародная кампанія была адной з самых буйных, ён жыў на ўласнай высьпе ў Карыбскім басэйне і, напэўна, ніколі б нават і не наведаў чарговы гатэль у нейкім цьмяна вядомым Менску, горадзе, які даводзілася гугліць, каб даведацца, дзе гэта, калі б ня жонка. Сталася так, што яшчэ дваццаць год таму Ніндзя ў Дубаі знайшоў сабе маладую жанчыну, якая аказалася зь Беларусі, а тут ужо прайшоў міленіўм, першы дзясятак стагодзьдзя й тысячагодзьдзя, а ён усё ніяк не памрэ, і жонка, растраціўшы сваю першую сьвежасьць і маладосьць, вырашыла сталыя гады больш на гэтага юрлівага пня не выдаткоўваць… Разводны працэс апынуўся доўгім і марудным і праходзіў на радзіме жонкі, што ня надта добра адбівалася на рэпутацыі мусульманіна-бізнэсоўца, але Ніндзю было ўжо ўсё роўна, яго бізнэс кіраваўся знутры сямейным кланам.
Калі яго бачыш, хочацца яму дапамагчы і падтрымаць ягоныя жаласьлівыя рухі… Ён валадар, цар сеткі гатэляў, грошы сапсавалі яго ад самага нараджэньня, калі бацька патрапаў за шчочку, пацерабіў ружовую скуру фамільным пярсьцёнкам з буйным брыльянтам і загадаў абцерці свайго нованароджанага сына шаўковым ручніком з залатымі ніткамі. Ніндзю з маленства ўзбуджалі толькі грошы й цыцкі. Ён за жыцьцё пасьпеў так шмат разоў зьмяніць атачэньне вакол сябе, зьмяніць столькі гатэляў, нумароў і краін, што гэтага экспірыенсу й грошай хапіла б на тое, каб цікава, сыта й прыстойна пражыць усім жыхарам Этыёпіі ў цэнтры Брусэля на працягу дзесяці год. Ён адзін жыве па памерах гадавога ВУП адной афрыканскай краіны. Яго сапраўдны прыбытак – даўно легенда.
Ніндзя ўжо ня памятае сябе ў маладосьці, бо ён настолькі стары, што за праўду ўспрымае толькі свае блакітныя пігулкі, якія надаюць яму мужчынскай моцы, і лічыць гэта нармалёвым, ад Прыроды. Але трэба адзначыць: ягонаму малодшаму сыну – чатыры гады. Дзядуля, так яго кліча ўвесь пэрсанал гатэлю, даўно аджыў сваё, але працягвае існаваньне, дурное, нягеглае, клоўнскае існаваньне, выконвае ролю мясцовага блазна са сваімі выбрыкамі й заляцаньнямі да пастаялак гатэлю й да кліентак казыно, бараў і спа-цэнтру. Ён, нязграбны й скручаны, ледзь перасоўваючы ногі, шкрэбае падлогу, намагаючыся дагнаць малады азадак, і ажно сьліну пускае, але не пасьпявае за тэмпам маладога жаночага цела. Тады ахоўнікі, якія заўсёды побач зь ім і выконваюць ролю хутчэй не аховы, а мэдсясьцёр – там дапамагчы яму падняцца, тут паправіць слыхавы апарат, што выпаў з вуха… Ахоўнікі Саша альбо Віктар бегам даганяюць жанчыну й вядуць яе да Ніндзі, і ня дай ёй Божа адмовіць, скрывіўшы вусны, – гамон. Дзед адразу моцна крыўдзіцца й загадвае выгнаць з гатэлю гэтую лахудру, хто б яна ні была: пастаялка, жонка нафтавіка, які прыяжджае граць у казыно, альбо кліентка спа…