Ніндзя апошнія месяцы жыве ў гатэлі, і ўвесь пэрсанал, пачынаючы ад брамнікаў і сканчваючы дырэктарам, адчувае наэлектрызаванае паветра вакол. Жанчыны папросту навучыліся па ледзь улоўным гарлачыкавым паху парфумы Гэрмэс здагадвацца, што недзе ў радыюсе трыццаці мэтраў целяпаецца стары юрлівец у атачэньні танных прасталытак і ахоўнікаў (і першых, і другіх вакол яго – абавязкова па дзьве пэрсоны, гэта загад), ну амаль Ной узыходзіць у каўчэг – усе парамі… Жанчыны адчуваюць пах і хуценька зьнікаюць.
Здавалася б, што тут такога, стары прэзыдэнт гатэлю, балбоча толькі на сваёй мове, ледзь жывы, маразматычны, кульгае й раскідвае грошы, але як цяжка даводзіцца супрацоўніцам. Гэты стары разбэшчаны індывід не абмінае аніводнай жанчыны – ён лезе да іх, хапае за рукі, мармыча, сьлініць іх далоні сваімі вуснамі, мацае іх за азадкі, таліі, рукамі цягнецца да грудзей… Ад усяго гэтага становіцца брыдка, агідна і адначасова прачынаецца такая вялікая, уседаравальная жаласьць да гэтага старога – ну што зь яго возьмеш, небарака, ён нагадвае непаслухмянае хворае дзіцё, якое нават не разумее, што робіць. Ну на табе цыцку, ну патрымайся за сраку… ну што ты яшчэ хочаш?! І вось цуд: празь пяць хвілін ён супакойваецца і спрабуе ўпіхнуць у кішэньку дзяўчынкі грошык.
Каля яго кожны новы дзень дзьве новыя сьвежыя прастытуткі, усе яны, шчыра кажучы, не высокай клясы, то-бок не дарагія, а часта звычайныя дзяўчыны з вуліц, якія прыехалі ў Менск вучыцца, самі жывуць у інтэрнаце, наіўныя, дурныя, мараць пра замежных прынцаў і спрабуюць падзарабіць грошай калі ня розумам, то хаця б дупкаю… Кожны вечар Ніндзя прыводзіць такіх дзявуляў у свой нумар, а на наступны дзень адпраўляе ў спа-цэнтар, каб яны бясплатна зрабілі ўсё, што захочуць, але па адной працэдуры, на большае яны не насмакталі. Шкада глядзець на такіх дурніц, яны выходзяць з кабінэтаў, пасьля масажу альбо касмэтоляга, апранаюць свае танныя сукенкі, якія набылі ў лепшым выпадку ў ГУМе, у горшым – на рынку, шукаюць свае плястыкавыя гадзіньнікі “дольчэ габана” й накіроўваюцца да ліфтаў, каб зноў, як і ўчора, падняцца ў прэзыдэнцкія пакоі Ніндзі, але ім пераразаюць шлях Юлія Цімафееўна й ахоўнік, якія даўно ўжо ведаюць, што рабіць, – калі ласка, просім вас пакінуць гатэль, гаспадар адпачывае й больш вас бачыць не жадае. А гэтыя дзяўчыны звычайна ўжо пасьпелі навысылаць смс сваім сяброўкам з гарадзкіх пасёлкаў і вёсак, што яны сустрэлі на вуліцы альбо ў бары гатэлю свайго прынца, старога, але ж і ноч яны прабавілі ў прэзыдэнцкім нумары, і цяпер у спа-цэнтры робяць масаж, і пасьля зьбіраюцца застацца, як мінімум яшчэ да раніцы, а потым іхнае “старое шчасьце” павязе, як і абяцаў, у далёкія гарачыя краіны, і далей багацьце, багацьце, багацьце. Як вынік суворага рэалізму – іх чакае халодная вуліца і ўсьведамленьне таго, што яны ня маюць грошай нават на грамадзкі транспарт, а то, яны ж ня шлёндры, каб патрабаваць за ноч інтыму грошы, яны прыстойныя дзяўчыны. Студэнткі!
Такім чынам Ніндзя кожны вечар эканоміць на дарагіх прастытутках і нават ня траціцца на вячэру й на працэдуры спа-цэнтра, усё належыць яму.
Надоечы дзядуля даказаў усім, што яшчэ не такі стары брыдкі маразматык, як усе лічаць. Ён за суткі правёў поўную зьмену кіраўніцтва гатэлю, выявіўшы, што на самым высокім узроўні яго дзіка абкрадаюць…
Але, як кажа Міхаліна, галоўны мэнэджар: “Ніндзя ўсяго толькі наш стары дзядок і, калі ласка, стаўцеся да яго з пашанаю, як проста да старога, і старайцеся заплюшчыць вочы на тое, што ён цягне свае скручаныя сухія маршчыністыя рукі да вашых прыгожых цыцак і дупак, проста працуйце”.
І ніхто ня ведае, што Ніндзя насамрэч больш за ўсё ў жыцьці любіць рабіць дзяўчынам кунілінгус, смактаць ім вагіны… Бо для яго гэта як есьці крэмавы сыр Гарганзола з блакітнай цьвільлю й спэцыфічным пахам, быццам бы гідкім, але адначасова мяккім й смачным, прыемным, танюткім. Ніндзя вялікі аматар Гарганзолы… Толькі, на ягоны жаль, рэдка хто зь ягоных аднаразовых спадарожніцаў згодны на тое, каб стары дзед лазіў ім туды языком, няхай ужо лепей пальцамі альбо сваім напаўвісячым невялічкім пэнісам.