Выбрать главу

Мэнэджар

“У ёй загінуў актор”, – першыя думкі ў кожнага, хто знаёміўся з галоўным мэнэджарам Міхалінай, яскравай, жваваю і магічнаю асобай. Пра яе можна было сказаць, што яна жывая, менавіта сапраўды жывая. Ад яе каляровымі промнямі струменіла энэргія, яна не сядзела на месцы і ў яе заўсёды пры сабе была дзікая гісторыя, якую яна пасьпявала распавесьці за некалькі хвілін. Гэтага мэнэджара ўсе абагаўлялі, яна гарою стаяла за пэрсанал перад дырэкцыяй, але калі хтосьці зь ейных пакаёвак піў альбо яшчэ ў нечым правініўся, яна неверагодна шырока раскрывала рот, ашчэрыўшы іклы, агаломшвала і вінаватых, і бязьвінных такім моцным крыкам, што здавалася, тыя жылы й цягліцы, напятыя да неверагоднай моцы, у адначасьсе лопнуць.

Міхаліна заўсёды ўсіх просіць зваць яе без афіцыйных прыставак кшталту імя па бацьку, бо яна ніколі не адчувае сябе такой афіцыйнай і старой, за сваё жыцьцё яна пасьпела зьмяніць чатырох мужоў, усе яны, як высьветлілася, былі, паводле ейных словаў, мяккацелымі дурнямі бяз будучыні, лянотнымі мяшкамі, дурнымі мужыкамі… Зь ёй аніводны мужчына ня мог ужыцца, яна была моц, вагонь, жалеза, вечная дынаміка, рух, колазварот… Яна за свой ужо дзесяцігадовы досьвед працы мяняла ня толькі гатэлі, але й кантынэнты – Японія, Турцыя, Нямеччына, Афрыка, Аўстралія, але ўсё-ткі вярнулася ў Беларусь.

Яна была б выдатнаю акторкай, сапраўднай зоркай, яна зачароўвала сваёй мімікай, усе наўмысна выходзілі курыць, калі бачылі, што на падворак да месцаў для курэньня шпацыруе Міхаліна разам са сваёй намесьніцай – адразу чакай тэатру аднаго актора: сьмех, сьлёзы, ганьба, лямант, скарга, катарсіс, сублімацыя прафэсіі, сублімацыя сублімацыі, гульня, неспадзяваныя словазлучэньні й мэтафары… Ад Міхаліны можна было пачуць россып неверагодных аповедаў і адначасова даведацца пра яе асабістае меркаваньне наконт чаго заўгодна ў сьвеце й па-за ім.

Але такія людзі, як яна, ня доўга жывуць вольна й шчасьліва, іх адразу спрабуюць прагнуць пад сябе. Асабліва гэтага ад Міхаліны намагалася Сыбіла – галоўны маркетоляг і жонка дырэктара гатэлю Амара Алі Айамара. Сыбіла свае “жончыны паўнамоцтвы” хутка й апантанна пашырыла на ўвесь гатэль…

Сыбіла была паскуднаю бабай зь вялікімі сыліконавымі цыцкамі й ботаксным тварам, яна мэтанакіравана помсьціла за Міхалініны адкрытасьць, шчырасьць і акторства.

– Спадарыня Сыбіла, калі ласка, заўтра каталіцкае Раство, дайце мне калі не выходны, дык бальнічны, мне тэрмінова трэба на апэрацыю, у мяне яечнік апусьціўся, я хаджу на працу, як у тумане, усё размытае ад болю, і акрамя яечніка ў мяне жахлівыя болі ў нагах, я на кожным кроку паміраю! У нас тут ёсьць недалёка выдатная нямецкая лякарня, я ўсяго на два дні лягу! – жалілася Міхаліна, на каленях умольвала Сыбілу, але тая для сябе асабіста вырашыла, што галоўны мэнэджар гатэлю будзе ўвесь месяц яе памагатай па працы ў маркетынгу і ў цяжкай справе помсты пэрсаналу.

– О май год, ю а со пур, май гёрл! Але я не магу цябе адпусьціць да дзясятага студзеня, ты мусіш працаваць за мяне, пакуль я не прыеду зь зімовых вакацый. Я сваю дачку ня бачыла тры гады, мой Амарчык сумуе па нашым агульным адпачынку, ты ж мяне зразумей, мой муж, ён жа дырэктар гатэлю, наказаў мне часова пасадзіць на маю пасаду кагосьці з начальства, а ты ў мяне такая цудоўненькая, такая камунікабельная, разумненькая! – з сыліконавых вуснаў Сыбілы гэта гучала як вырак: альбо ты памрэш на працы, альбо я цябе звольню. Гэтая жанчына ўмела адначасова аблашчыць цябе й абсьмяяць.

– Сука кудлатая! Табе ніхто тут права кіраваць не даваў, – прамовіла ціхенька Міхаліна і, пакінуўшы кабінэт маркетолягаў, сышла курыць, кульгаючы, адчуваючы, як дзеяньне абязбольных пігулак слабее і сотні лёзаў разразаюць ніз жывата. На наступны дзень у яе адкрыўся вагінальны крывацёк.

Міхаліна не паслухалася й на заўтра, калі гэтая замежная курва разам з мужам зьехала на вакацыі, легла на апэрацыю і выключыла мабільны тэлефон, каб ніхто не турбаваў.

Цэлы тыдзень Сыбіла назвоньвала на адключаную мабілку, пэрсанал упарта маўчаў, ніхто ня ведаў, дзе Міхаліна. Сыбіла настойліва званіла па тры разы на дзень, пакуль нарэшце не пачула голас Міхаліны, і першымі словамі, якія шалёна выскачылі з Сыбілінага напампаванага рота, былі: – Ах ты факін блядзь! Мяне не паслухалася?! Я ж цябе, прыеду, зьнішчу, ты ў мяне, сука, паляціш з працы! Чакай! Два дні! І Амар разам зь Ніндзем цябе пагоняць у шыю! – і Сыбіла перарвала роўмінгавую сувязь.