Каб прасушыць нулявы й першы паверхі, было вырашана ўключыць батарэі, а потым ужо наноў тынкаваць сьцены й фарбаваць іх. Добра, што гэта быў нулявы паверх, які належаў толькі пэрсаналу гатэлю і патрабаваў адно касмэтычнай афарбоўкі…
Уключылі батарэі, ад рэзкага скоку тэмператур трубы на другім, першым і нулявым паверхах ня вытрымалі й лопнулі, цяпер ужо палова гатэлю паволі залівалася гарачай вадою…
Але галоўнае што? Галоўнае, што адчыніліся ўрачыста! З балёнікамі, чырвонай стужкай, паважанымі першымі пастаяльцамі! Галоўнае і тое, што да ўрачыстага адкрыцьця прыватнага гатэлю быў далучаны прэзыдэнт, а большага нам і ня трэба!
Што рабіць далей? Гэта быў шахматны цугцванг – які ход ня зробіш, усё адно будзе кепска й штосьці страціш. Такім чынам, гатэль другі раз вымушаныя былі адчыніць толькі праз тры месяцы. Трох паважаных пастаяльцаў выселілі, яны кожны напісалі абразьлівыя сказы як у кнігу скаргаў, так і асобна прэзыдэнту краіны й прэзыдэнту міжнароднай гатэльнай кампаніі Ніндзю.
У адказ былі напісаныя афіцыйныя вымовы ад прэзыдэнта краіны на адрасы Ніндзі і Амара. Але ці дайшлі гэтыя вымовы да адрасатаў – невядома. Напэўна, гэтыя ганебныя паперкі, падпісаныя істотай, хворай на манію велічы, ператварыліся ў адзін мэтафізычны ганебны ліст, які зьнік у прасторы й цяпер існуе ў паралельным сьвеце, дзе замест гатэлю стаіць старая кнайпа, а ўладальнікам яе афіцыйна значыцца пацук.
Чорнае паліто
У дзьверы настойліва званілі. Я скрозь сон не разумеў, што адбываецца, здавалася, што званілі акурат у маім сьне, што хтосьці турбаваў мяне падчас выдатнай мроі, дзе я быў у дзіўным падарожжы, і тут раптам навокал пачуліся невядомыя гукі, незвычайны звон, нібыта спачатку ціўкалі птушкі, потым я скеміў, што гэтак сыгналіць аўтамабіль, але бліжэй да рэальнасьці, усплываючы на паверхню матэрыяльнага існаваньня ў напаўцёмным пакоі, ледзь асьветленым ліхтаром з вуліцы, я пачаў разумець, што хтосьці звоніць ва ўваходныя дзьверы. Жонка спала, але неспакойна, варушылася – яшчэ званок, і яна прачнецца. Гляджу на фосфарныя лічбы на цыферблаце гадзіньніка – кароткая стрэлка паснула на трох гадзінах. Я апускаю ногі на прахалодны лінолеум, перабіраюся на паласнае пакрыцьцё ў калідоры й іду адчыняць дзьверы.
Зьбянтэжанасьць, злосьць, разгубленасьць. Хто гэта будзе званіць а трэцяй ночы?! Мне раніцою на працу! Аніякага адпачынку! Ніякага паратунку, нават ва ўласнай кватэры!
Адмыкаю дзьверы, думаю, што калі гэта брат ізноў ня ўзяў ключы, буду сварыцца! Перад дзьвярыма затрымліваюся, пазіраю ў вочка, бачу тоўстага лысага мужыка, апранутага ў чорнае паліто… Што за?!
– Гэй, гэй, адчыняй! – раве на дзьверы тоўсты мужык. – Адчыняй, Ванька дома?! Пазаві мне Ваньку! Чуеш? Хто там?! Ванька, гэта ты? Адчыняй, у мяне з сабою каньяк! Альлё! Блядзь!
Я настолькі раззлаваны, што адразу не знаходжу моцы штосьці сказаць, чакаю колькі сэкунд, а потым выбухаю: – А ну пайшоў адсюль! Казёл! Няма тут ніякага Ванькі! Дай паспаць! Ніякага паратунку няма ад гэтых паганых людзей! – крычу я, адначасова зазіраю ў вочка.
Мужчына відавочна зразумеў, што не туды пазваніў. Скамечана прамовіў: “Ізьвяніце”, паклаў у нагрудную кішэню чорнага паліто бутэльку каньяку, агледзеўся вакол, потым зашпіліўся й зьнік.
Я, стоячы ў адных майтках, перабіраючы голымі нагамі ад холаду, бо так сьпяшаўся адчыніць дзьверы, што запамятаваў пра тапачкі й халат, стаю з голаю сракаю і чую, як за сваімі мэталічнымі дзьвярыма заварушыліся суседзі, шчоўкаючы замкамі, торгаючы дзьвярной ручкаю, напэўна, праклінаючы мяне й “майго” сабутэльніка, які дадумаўся пасярод ночы пазваніць у дзьверы! Трэба ж заставацца ў межах прыстойнасьці! Людзям раніцай на працу!
Я вярнуўся ў пакой, накрыўся і, перад тым як праваліцца ў кароткі трохгадзінны сон, адчуў, як жонка заварушылася, прачнулася, спытала мяне, хто званіў у дзьверы, пачула ў адказ мацюкі і, пакінуўшы мяне ў спакоі, пайшла ў прыбіральню, не запальваючы сьвятло.
Інвэстар
Інвэстар быў мужчынам яскравым, прыгожым, маладым і ладным, жыў на дзьве краіны, два дамы: Англію й Беларусь, і для адкрыцьця сваёй першай франшызы на тэрыторыі горада дзяцінства ён абраў гатэль. Усё разьлічыў: гэта мусіць быць самым выгодным месцам і надзейным стартам, які потым забясьпечыць старты яшчэ тром сусьветна вядомым брэндам.
Франшызу адкрывалі з шыкам і помпаю: музыкі, швэдзкі стол. Усё было зроблена й прадстаўлена для той клясы людзей, якая не пытаецца сама ў сябе па раніцах: “Што? Ізноў на працу? Грошы?! Падаражэў квіток на грамадзкі транспарт?!” Інвэстар меў уласную страхавую кампанію ў цэнтры Лёндана, яго дзеці вучыліся ў Оксфардзкім каледжы, жонка піла зраньня шампанскае й праклінала свой славянскі акцэнт… Інвэстар быў беларусам, і нават незвычайным беларусам, ён быў па-вар’яцку ўзяты ў палон адной ідэяй – на сваёй радзіме трэба адчыніць як мага больш прадстаўніцтваў брытанскіх брэндаў, а калі пашчасьціць, то і супэрбрэндаў, пачынаючы ад “Марка энд Спэнсара”, “Фэшн Бара”, ангельскіх пабаў і сканчаючы “Брыціш Пітролеўм” ды іншымі… Навошта тут гэтыя франшызы? А таму што мы – Эўропа, і нам мусіць быць няёмка да пасівеньня ад таго, што ў нас няма нармальнай культуры адзеньня, ежы, пітва.