Выбрать главу

Але… Загадаў – зрабілі. На наступны вечар у гатэль завезьлі дзьве скрыні па дваццаць бутэлек шампанскага, якое каштавала аднаго жыцьця сумленнага беларуса. Але што зь ім далей рабіць, ніхто ня ведаў. Пастаяльнікі адмаўляліся яго піць, наведнікі з вуліцы – тым болей, за месяц звычайна магло прадацца толькі паўбутэлькі, і кліенты рашуча адмаўляліся плаціць за цэлую. Знаходзіліся тыя, хто прыходзіў п’яны, прыводзіў з сабою баб, выпендрываўся, замаўляў “Крыстал”, а потым, выпіўшы, усчынаў сварку, маўляў, гэта было чарніла, а не шампанскае, лайно, несапраўдная марка, ён ведае гэта дакладна! Апошнія часта сыходзілі, пакідаючы афіцыянтаў тры месяцы сядзець без афіцыйнага заробку.

Праблема дайшла да Ніндзі, яму праз чатыры месяцы паскардзіўся галоўны бармэн Юра, зь якім той часта гутарыў, калі піў сваё любімае лёгкае віно, віно для дзядулі – як яго між сабой называлі супрацоўнікі.

Наш дзед паразважаў і абвясьціў такую навіну, гледзячы на трыццаць пяць бутэлек перад сабою: – Кожны, хто працуе ў гатэлі, – брамнік, пакаёўка, маркетоляг, адміністратар, бармэн, афіцыянт, кожны, хто здолее прадаць адну і болей бутэлек шампанскага “Крыстал” каму заўгодна, атрымае пятнаццаць адсоткаў ад кошту кожнай прададзенай бутэлькі да свайго месячнага заробку!

І для кліентаў перасталі існаваць усе напоі, акрамя шампанскага “Крыстал”, пакаёўкі шукалі па паверхах патэнцыйных пакупнікоў, брамнік пытаўся пра каштоўны напой у мінакоў, афіцыянткі гатовыя былі прадаваць яго аголенымі, абліваць ім грудзі альбо заліваць у пупкі, абы толькі… Але ўсе гэтыя памкненьні, заахвочваньні й рэклямаваньні не спрацоўвалі, кліентаў так проста ня возьмеш…

Адзіны пэрсанаж, які сьцяміў, як трэба гандляваць, быў бармэн Вова, які празь месяц набудзе сабе новую Аўдзі А4.

Вова быў высокі й хударлявы малады чалавек, насіў фрызуру кшталту глямурнага іракезу з ірванымі доўгімі пасмачкамі ззаду, вельмі любіў начныя дыскатэкі й новыя знаёмствы і марыў мець шмат грошай. Вова, калі, напрыклад, бачыў, што наведнік рэстарацыі маскаль і да ўсяго яшчэ й нахабны, а гэтак большасьць маскалёў пазнаецца адразу, дык вось, калі ён бачыў, што той маскаль зь дзяўчынаю, што ён выпендрываецца, што ён упершыню ў Менску, увесь апрануты ў рознакаляровае дарагое брыдоцьце, – Вова не вагаючыся прыносіў нават без замовы “Крыстал”, з прамоваю, што гэта найлепшае пітво ў Беларусі, і калі яны сапраўды хочуць адчуць сябе тут па-панску, гэта самае тое.

У Вовы сапраўды быў талент знаходзіць патрэбныя моманты і талент адчуваць інтуітыўна, хто будзе піць і плаціць, а хто не.

Потым Вова прадаваў “Крыстал” замест вады, разьліваў яго замест апэрытываў і нават п’яным туркам аглаблёвую ён падліваў знакамітым шампанскім.

Тыдзень – і ўсе трыццаць пяць бутэлек зьніклі ў пэўным кірунку.

Праз другі тыдзень – на картку бармэну Вове, як і было абяцана, былі залічаныя адсоткі…

Вова адзін зрабіў рэвалюцыю. Ён паказаў, што ў Менску таксама могуць прадавацца такія напоі, і празь месяц у супэрмаркетах, у вітрынах пад шклом зьявілася шампанскае “Крыстал” па 1000$ за бутэльку, а па тэлевізары была запушчаная рэклямная кампанія: “Ня будзь скнарам, набудзь сваёй жанчыне штосьці вартае яе!”

Жыгала

Віктар усё жыцьцё працаваў над сабою. Ён шалёна прасаваў сваё цела з чатырнаццаці год, як толькі ўсьвядоміў, што “біцуха” ў яго правісае, а трыцэпс не праглядаецца. Віця ганяў жалеза суткамі навылёт у трэнажорцы, якая месьцілася ў падвале ягонага дома. Трэнажорку вясной залівала, але хлопцы займаліся нават па калена ў вадзе. Віктар любіў “браць на ногі” дыскі па сорак кіляграм, пакуль на трэнажоры не сканчалася месца для “бліноў” і ўвесь гэты мэталічны пірог, усе гэтыя напластаваньні цягаў да адурэньня, потым браў бліны “на сьпіну” для станавай трэніроўкі, пераладжваў наноў трэнажорныя ўстаноўкі, рохкаючы, гмыкаючы, напружваючыся да сініх вэнаў на ілбе, цягаў, цягаў, ганяў па жылах рэшткі тлушчу, скачваў мяса ў камень, ірваў на сабе мэтал… Пакуль ужо сябра не падстрахоўваў і ледзь прытомнага не выносіў яго з-пад трэнажора ў распранальню. Невялічкі адпачынак, і потым ішла грудная клетка, потым трапецыя, шліфоўка біцэпса і, на самы канец, – скокі праз скакалку, бег на бегавой дарожцы, душ, парылка й дадому… І так раніцою, і так яшчэ вечарам, і так кожны дзень, і так кожны сэзон.