Праца пакаёвак – гэта цяжкі невыносны абсурд падціраньня лайна за іншай чалавечай істотай, таму нядзіўна, што пакаёўкі пачынаюць піць на працы. Пакаёўкі ня могуць, як, напрыклад, афіцыянты, бармэны, альбо бэлбоі, атрымліваць звыш заробка чаявыя ці падзарабляць якім іншым чынам. У пакаёвак стандартны аклад, самы малы з усіх у гатэлі, і гэта, па-шчырасьці, – несправядліва.
Пакаёўкі адзіныя засталіся ў сучасным сьвеце, пасьля нацыстаў і скіноў, хто ненавідзіць людзей паводле нацыянальнасьцяў, бо даўно ўжо вызначылі, што самыя бязглуздыя, нахабныя й брудныя з пастаяльцаў – гэта туркі, рускія, ліванцы, катарцы і італійцы. Пасьля іх нумары трэба адмываць гадзінамі. А самыя чысьценькія нацыянальнасьці, якія ня толькі культурныя, але й па-вар’яцку акуратныя, пэдантычныя, – гэта англічане, канадцы, немцы, палякі й літоўцы… І адзіныя, хто паводле іхнага рэйтынгу часта не трапляе ні ў адну катэгорыю і захрасае недзе паміж, гэта – украінцы й шатляндцы. Украінцам пакаёўкі не прабачаюць застольляў, а шатляндцам не прабачылі аднога чэмпіянату па футболе, калі тыя, прыехаўшы на двое сутак падтрымаць родную краіну, адурэўшы ад такіх нізкіх коштаў на алькаголь, потым два тыдні запар пілі й разбэшчвалі беларусак, а тое, што яны пакінулі пасьля ў нумарох, цяпер сталася адным вялікім мітам, легендаю, чуткамі, сарванымі нэрвамі й рэкамі сьлёз пакаёвак.
Аднойчы адна з пакаёвак, Валя, выявіла для сябе, што калі пастаялец гатэлю высяляецца з нумара, то між яго ад’ездам і разьлікам часта застаюцца колькі гадзін, калі міні-бар у нумары яшчэ не аднавілі і ўсе гэтыя плястыкавыя і шкляныя бутэлечкі яшчэ залічаныя за пастаяльцам. Валя даўно ўжо вырашыла, што людзі, пасьля якіх яна, пакутная, прыбірае, пакідаючы дома недагледжаных дзяцей і мужа, вінныя ёй хаця б колькі грамаў якаснага алькаголю. Так Валя ўдала выпіла за чужы кошт тройчы за два тыдні, і ёй спадабалася.
Адным сонечным днём Валя выявіла ў нумары літровую пляшку ўіскі “Рэд Лэйбл”, выдатны ўіскі, годны – традыцыі, рэцэптура, смак, гонар, прывабны гарбатны колер, пах.
Увечары мужчына роў на ўвесь першы паверх, скардзячыся Хасану, начному мэнэджару, які толькі што заступіў на працу й яшчэ ня цалкам разумеў, у чым справа, спрабуючы разьляпіць вочы пасьля дзённага сну.
– Я ўсё разумею! – крычаў, зрываючыся на хрып, мужчына. – Я ўсё разумею! Але не разумею вось гэтага! – і трос амаль пустую бутэльку ўіскі. – Я перад выхадам з нумару пакінуў бутэльку “Рэд Лэйбл”! Прыходжу. А там амаль няма вадкасьці ўнутры! Гэта што за такое?! І гэта пяць зорак?!
Мужчына роў, як паранены лось, скуголіў, успамінаў увесь мацюкальны лексыкон, які калісьці чуў альбо ўжываў за жыцьцё. Мужчыну ня так прынцыпова было, што хтосьці выпіў яго ўіскі, з кожнай поры яго скуры вылівалася злосьць на людзей, а галоўнае – зьнішчальная злосьць на тое, што ён сёньня ноччу прайграў у казыно сто тысяч эўра…
Што рабіць?! Трэба тэрмінова даведацца, хто і якім чынам так пазьдзекваўся з цнатлівай пляшкі. Даведаліся – пакаёўка Валя. Знайшлі, адсачыўшы па камэрах: яна спала ў кладоўцы для прыбіральшчыц на пятым паверсе. Пабудзілі, пачалі на яе раўці: Хасан сваё балбоча, незразумелае, намяшанае англіцызмамі, русізмамі й беларусізмамі, расфарбаванымі акцэнтам – па-турэцку, Піліп Андросавіч на свой лад штосьці рыкае, Міхаліна ўскідвае роспачна вочы – гвалт, цырк, вайна, эпапея… Валя нічога не разумее…
Пакаёўка глядзела на трох начальнікаў, глядзела на іх заспанымі вачыма, варочаючыся ў бруднай бялізне, спрабуючы падняцца, нарэшце ўстала, паціснула плячыма й прамовіла: – Блін, я не разумею, чаго вы так крычыце?! Я ж пакінула там у бутэльцы амаль палову! Што ён, сквапны такі, ці што?!
Валю хацелі адразу звольніць, але яе працу высока цаніла галоўны мэнэджар Міхаліна, якой Валя непасрэдна падпарадкоўвалася. Міхаліна забараніла Амару Аль Айамару яе звальняць, сказала, што тая мае ня толькі траіх дзяцей, але й у дадатак вышэйшую філялягічную адукацыю, і трэба даць ёй другі шанец. Але Хасан вырашыў усё паіншаму, і на ягоны загад камэрамэны, альбо ахоўнікі, якія працуюць у кабінэце прагляду камэр, на працягу месяца сачылі за Валяй.
Выявілася, што кожны дзень пакаёўка да абеду, млява перасоўваючы свой вялікі стол-валізу з мыючымі сродкамі, ручнікамі й анучамі, амаль не працуе. Яна, як прывід, то праходзіць праз камэру й зьнікае, то стане на адным месцы й стаіць, ці то жывая, ці то не… Потым а першай Валя сыходзіць на абед, але не ў сталоўку для супрацоўнікаў.
Жанчына, пакідаючы гатэль, цягнецца кудысьці і ўжо праз паўгадзіны вяртаецца й жвава працуе да вечара, сьмяецца, хутка носіцца сюды-туды па сваім паверсе, адмывае нумары, гутарыць з пастаяльцамі, усьміхаецца начальству – супрацоўнік месяца!