Выбрать главу

Хасан вырашыў прасачыць за ёй у абед, куды яна ходзіць і адкуль у яе бяруцца сілы на працу… Ён, ня спаўшы пасьля ночы, застаўся ў гатэлі да абеду, і вось якую карціну ён пабачыў.

Абед. Валя выходзіць зь мясцовай крамкі “Віногарэлка”, у руках – нуль сем таннага віна, зварочвае ў суседні двор, адкаркоўвае бутэльку, выкідае вечка адразу ў сьметніцу, боўтае ў бутэльцы вадкасьць, каб тая закруцілася паводле гадзіньнікавай стрэлкі, падымае ўгару і, як сказаў бы Венечка Ярафееў, як піяністка, артыстычна ўскідвае галаву й залівае ў глотку адразу да паловы бутэлькі віна. Прарабляе ўсё гэта Валя хутка, роўна восем вялікіх глыткоў… Напаўпустая бутэлька яшчэ раз ускідваецца ўгару і, асушаная, ляціць усьлед за вечкам.

Валя сядае на лаўку й запальвае… Так яна сядзіць дваццаць хвілін… Чакае, калі пахмельле здымецца й знойдзецца моц на працу да вечара, а там не за гарой чарговы фаўст таннага віна. У гэты ж дзень Валю звольнілі, пазбавіўшы адразу прэміі й адсоткаў за перапрацоўку, налічыўшы на картку толькі заробак за тыдзень.

Сутэнерства

У гатэль прыехаў немец, звычайны немец, звычайны мужчына, якіх за дзень праз рэцэпцыю праходзяць дзясяткі. Да немца ніякіх прэтэнзій нават пакаёўкі ня маюць. Жыве ўжо тыдзень, зранку сыходзіць, увечары позна прыходзіць. Жыве, быццам яго няма.

На другі тыдзень немец, вяртаючыся а дзясятай вечара, падышоў да ахоўніка Сашы й замовіў прастытутку: каб праз гадзінку да яго паднялася дзяўчынка з другім памерам, бляндынка, з доўгімі валасамі, росту не ніжэй як сто восемдзесят сантымэтраў, без залішняга, без касмэтыкі, накладных пазногцяў і штучных веек, карацей, натураль!

Саша зьвязаўся з Піліпам Андросавічам і ўжо праз гадзіну прывёў да немца яго замову – усё, як мае быць, анягож, гаўна не трымаем.

Яшчэ праз гадзіну прастытутка вызвалілася й пазваніла Сашы, каб ён зайшоў у нумар.

Ахоўнік атрымаў грошы авансам перад абслугоўваньнем і цяпер па вяртаньні яму аддалі рэшту, як было дамоўлена. Прастытутка атрымала грошы па сваім тарыфе. Кропка.

Беларускія міліцыянэры разам з кэдэбэшнікамі правялі спэцапэрацыю па зьнішчэньні сутэнэрства ў гатэлях горада. Ад гэтай спэцапэрацыі выйгравалі толькі гатэлі, бо ізноў уся аплата за “лэдзі ў нумар” ішла праз рэцэпцыю, а не ў кішэню аховы. Кропка.

Піліп Андросавіч патрапіў пад скарачэньне. Саша атрымаў шэсьць год. У сваю чаргу Віктар, на якога для прафіляктыкі націснулі, здаў сам сябе і атрымаў два гады хіміі. Такім чынам, без наступстваў з усяго гэтага вэрхалу выйшла толькі замоўленая бляндынка а-ля натурэль. У гатэлі адразу зьявіліся два цёплыя сьвежыя працоўныя месцы са страхоўкаю, кантрактам на год і аплочвальнымі вакацыямі. Патрабаваліся: ахоўнік з досьведам працы ня менш як тры гады і галоўны ахоўнік з досьведам працы й служылы, пажадана, каб былы вайсковец.

Лэдзі ў нумар не жадаеце? Жанчына?! У нумар?! Жадаю! Добра! Значыцца так, 40€ праз рэцэпцыю, 20€ праз ахоўніка, а далей кошты па дамове непасрэдна з лэдзі, гэта будзе ад 100€ з прэзэрватывам за гадзіну, ад 200€ без, 50€ мінет, але кошты прыблізныя, вы ж зразумейце. Добрага Вам вечара! Усяго найлепшага! Прыемнага Вам побыту ў нашым гатэлі! Удачы! Дабранач! Посьпехаў! Шчасьця! Вы наш самы лепшы кліент! Добрага Вам сэксу!

Бармэн

Юра, старэйшы бармэн, адказны за касу, алькаголь і тытунь, мае прафэсійны стаж дваццаць год, майстра рабіць аўтарскія кактэйлі з несумяшчальных на першы погляд вадкасьцяў, жанглюе пляшкамі, як цыркавы акрабат, – кліентам вусьцішна й адначасова цікава назіраць за ім. У свой час Юра працаваў у Інданэзіі. Ён тры гады без выходных, як раб, падрываў сваё здароўе. І як дасягненьне мэты – дзьве трохпакаёўкі ў Зялёным Лузе, новы Форд і невялічкі стос грошай, схаваны ў шафе ў кардоннай скрынцы. Ці варта было паганіць свой арганізм дзеля гэтага? Упэўнены, што ён і дзевяноста адсоткаў людзей скажуць: “Так!”, бо гэта ж магчымасьць столькі зарабіць.

Якія яшчэ мэты па жыцьці могуць зьяўляцца ў чалавека, калі галоўны паказчык заможнасьці цяпер – кватэра й машына, і гэта толькі сарамлівая заможнасьць, тая, пра якую ня кажуць з зайздрасьцю.

Юра зьдзейсьніў усе свае мэты, спыніў падарожжы і, цалкам асеўшы ў Менску, уладкаваўся на працу ў гатэль.

Што цяпер яшчэ трэба? Вядома, жанчына. Такая рэч, як уменьне заводзіць знаёмствы з супрацьлеглым полам, у Юры з маладосьці ня надта атрымоўвалася. Сам па сабе ён не сказаць каб прыгожы, але жанчын прыцягвае ня зьнешнасьцю. Невысокі, тлусты, пачаў лысець яшчэ ў дваццаць год, а тыя валасы, што засталіся ў ягоныя сорак, тырчаць напаўсівыя.