Выбрать главу

У яго тоўстыя пальцы, моцна валасатыя рукі, бровы, як перавернутыя вусы, з-пад якіх паглядаюць колкія вочкі, падобныя да дзьвюх сасьпелых агрэсцінак, якія нібыта выпадкова былі кімсьці кінутыя на пульхныя шчокі. Натуральна, Юра выглядае як нейкая недарэчнасьць. Але калі справа даходзіць да таго, што ў яго ніжэй жывата, то там сапраўды ёсьць чым зацікавіцца. Бацькі падарылі Юру сапраўднае шчасьце – дваццаць два сантымэтры зь вялікімі яйцамі і ногі, як у раварыста. Юра ў ложку быў, як машына: упрэцца моцнымі нагамі й давай на ўсю даўжыню заганяць сваю прыладу.

Пра Юру немагчыма сказаць, што ён адметны. Заўсёды маўчыць, разьлівае кактэйлі, паліць, п’е лікёр, пакуль ніхто ня бачыць, альбо на вачах у наведнікаў з кубку, быццам каву. Пастаяльцы лічаць яго вельмі добрым слухачом і лёгкім на руку, і гэта сапраўды так.

Юру, нягледзячы на тое, што ён старэйшы бармэн, у гатэлі ніхто ні ўва што ня ставіць, і кожны лічыць яго сваім халуём. Звычайна афіцыянты прыносяць яму сваю гарэлку і потым цягам дня альбо ночы нібыта купляюць у яго колу, а самі п’юць да канца зьмены саракаградусную вадкасьць, афарбаваную ў карычневы колер. Юрам карыстаюца маладыя афіцыянткі й рэцэпцыяністкі, якія ў абедзенны час просяць у яго капучына з кексам і, ласкава прымружыўшы вочкі, муркаюць, каб ён правёў іх замову праз адкрыты нумар 607… Юрам карыстаюцца бухгальтары – ён кожны новы месяц замест іх праводзіць справаздачу па касе, па напоях і па продажах фізычным асобам і аплатах на нумар… Калі прасачыць сталеньне Юры і зазірнуць у падлеткавы ўзрост, дзіцячыя гады, там ня знойдзецца ніякіх тыповых фрэйдаўскіх адказаў, ніякіх цытацый, ніякіх спасылак і тлумачэньняў ягонага тыпу характару. Юра вырас у звычайнай рахманай сям’і, стандартнай і гарманічнай, ніякіх выбухаў гневу, ніякіх сварак, толькі пяшчота й памкненьні бацькоў да таго, каб у сына было найлепшае жыцьцё. Юра ёсьць проста Юра.

І ўсё скончылася б для яго так жа тыпова, Юра б не зварухнуўся са свайго месца, ён бы да труны працягваў мяшаць кактэйлі і ніхто б не даведаўся пра нумар 607, пра гарэлку замест колы й пра такія буйныя крадзяжы з боку астатніх бармэнаў, калі б не трагедыя.

Так, ва ўсіх напачатку паўставала пытаньне, навошта Юра набыў сабе адразу дзьве трохпакаёўкі ў адным доме, на адным паверсе – суседнія кватэры. Ён вельмі любіў бацькоў, але па-свойму, маўкліва, і не наведваў іх гадамі. Але калі кватэры зьявіліся, ён бацькоў адразу перавёз з Канючыцаў у Менск, пасяліў іх, зрабіў рамонт і пакінуў у спакоі. Нават калі бацькі жылі па суседзтве, у Юры не было часу й магчымасьці бачыцца зь імі, і ён ізноў на колькі год пакінуў бацьку й маці, нібыта тыя па-ранейшаму жылі ў Канючыцах.

Бацькі памерлі, спачатку маці, праз тры дні бацька. Юра іх пахаваў і ўсё, гамон, ён узяў сабе два тыдні адпачынку за свой кошт. Нікуды не выходзіў, знайшоў у сваёй кватэры сьценку, якая злучае дзьве ягоныя кватэры, і разьдзяўбаў яе ўшчэнт, зьнёс амаль цалкам, нават не пацікавіўшыся, ці зьяўляецца гэтая сьценка апорнаю ў агульнай канструкцыі забудовы. Юра проста спакойна й ціха, ні з кім ня раючыся, зрабіў тое, што яму было патрэбна. Вырашыў для сябе, што настаў час павялічваць маёмасьць. Замовіў агульны капітальны рамонт сваёй ужо шасьціпакаёўкі й выйшаў на працу, пакінуўшы кватэру ў надзейных руках будаўнікоўбаптыстаў, якія ў Менску карыстаюцца папулярнасьцю, бо ня п’юць, не мацюкаюцца, моляцца, ладна і па гадзінах працуюць і, калі замоўшчык не задаволены, не патрабуць аплаты.

Здавалася, што ягоная ўласная трагедыя мусіла яго разварушыць. Яна і разварушыла. Юра ніяк не зьмяніўся для супрацоўнікаў, для наведнікаў таксама, але магічным чынам да яго пацягнуліся жанчыны, то-бок яны пачалі больш часу праводзіць за ягоным барам, седзячы з кактэйлямі й палячы тонкія цыгарэткі. Звонку ўсё было па-ранейшаму: Юра гатуе кактэйлі, сумны… Але калі наблізіцца да бара, можна пачуць нейкі незвычайны гук, нібыта хтосьці, прыкрыўшы вусны рукою, мармыча – Юра пачаў размаўляць, ён больш ня быў “удзячным слухачом”.

З адной такой жанчынай, якая проста села каб папіць кавы, жанчынай прыгожай, зь вялікім бюстам, які ажно выскокваў з адзежы, ён і пазнаёміўся. Яе, як высьветлілася, завуць Ганнай, раней яна працавала ў гатэльным бізнэсе, але цяпер вырашыла вучыцца ва ўнівэрсытэце на эканаміста.

Ён ажаніўся зь ёй празь месяц, праз два яна зацяжарыла… Юру пачалі ненавідзець усе бармэны й ахоўнікі, бо яму шчасьціла… Гэтаму брыдкаму, сьмярдзючаму, тоўстаму, лысаму ёлупню шчасьціла з жонкаю, з кватэраю і нават зь дзецьмі, а Юра ні на каго не зьвяртаў увагі, спраўна жыў у сваёй ладна адрамантаванай шасьціпакаёўцы і толькі зручней уладкоўваўся нагамі, каб тыя ня сьлізгалі па прасьціне, і паскараў рухі, трымаючы адной рукою жончыны грудзі, а другою заціскаючы ёй вусны, каб тая ня так гучна крычала, і маўкліва паскараў рухі…