Другім зоркавым мужчынам, які спыняўся ў гатэлі, быў амэрыканскі актор і музыка. Я стаю сабе, палю, тут каля мяне праходзіць нейкі худы хлопча з мой рост, і раптам паўсюль выбухі, крыкі, лямант, паветра раскалолася на часткі… Фанаткі зламалі пад’язную браму, галасілі, плакалі, цягнулі да яго рукі, а яму толькі гэтага і трэба, стаіць перад імі, усьміхаецца, ножкамі мудрагелістыя па робіць, карацей, было відавочна, што ён без фанатаў, як і яны безь яго, анікуды ў гэтым сьвеце. Потым зорка паехала даваць вялікі канцэрт, сьпявала свае гіты і цягала на плячах брудны, чырвона-зялёнага колеру сьцяг. Я адразу страціў да яго павагу, але што ён мог зрабіць, напэўна, перад ім стаялі вялікія грошы, калі ён нават з такім сьцягам бегаў. Яго фанаткі пасьля канцэрту ночылі ў прахалодным лістападзе перад гатэльнай брамаю да раніцы, сьвечкі палілі, кветкі кідалі, спадзяваліся, што ён яшчэ раз паўзь іх пойдзе, але ён раніцою адразу зьехаў. За ім наўздагон хвастом паехала толькі адна адданая вар’ятка, якая па ўсім сьвеце за ім ганяецца, грошы з продажу ўласнай кватэры марнуе, падарожнічае, жыве амаль побач, але ён пакуль гэтага ня ведае, як і таго, што яна ў яго прадусара выкупіла вячэру ў рэстарацыі сам-насам зь ім праз тры тыдні ў Нью-Ёрку. Рамантыка.
Трэцім адметным мужчынам быў сусьветна вядомы італійскі дызайнэр абутку, што прыехаў адкрываць свой першы менскі буцік. Мадэльер трымаўся паважна. Пяцьдзясят год, кучаравы, напаўсівы, худы й прыгожы, ён усім падабаўся – бармэнам, афіцыянткам, адміністратаркам, пакаёўкам… Але дызайнэру прыйшліся да сэрца дзяўчыны са спа-цэнтру. Кожную ён пасьпеў звадзіць у рэстарацыю, кожнай нагаварыць камплімэнтаў… Але дзяўчыны са спа былі тымі яшчэ… Не распавядалі адна адной, што сустракаюцца зь вядомым італійцам, кожная марыла, што праз колькі тыдняў павязе сваю дупку падарожнічаць па Італіі. Але гэты прыгожы мужчына аказаўся так сабе Рамэа. Зьехаў празь месяц і нікога са спа-цэнтру не ўзяў з сабою… Але калі праз тры дні ўсе дзяўчыны прыйшлі на месячны сход пэрсаналу, дзе дазвалялася быць апранутым не па форме, кожная зь іх мела на сабе ружовыя кеды-чаравікі зь лягатыпам фірмы, на якім было прозьвішча італійца, складзенае з крышталікаў Свароўскі. Дзяўчыны паглядзелі адна на адну, і напэўна хтосьці зь іх здолеў зрабіць пэўныя высновы…
Чацьвёртай знакавай фігурай у гэтым дзіўным цыркавым шоў быў фармацэўтычны барон, чалавек, які кінуў на грошы не адну дзяржаву і чые лекі, пігулкі, кроплі й мазі выкарыстоўваліся на ўсім эўраазіяцкім кантынэнце. Мужчына, настолькі закаханы ў самога сябе, што замовіў выкласьці на ўсіх сьценах у сваім катэджы для адпачынку ўласныя партрэты з золата й каштоўных камянёў; чалавек, які загадаў расьпісаць столь, як у Сыкстынскай капэле, і кожнаму “богу, анёлу і прароку” намаляваць ягоны твар. Гэты барон сраў усім на галовы. Ён часта любіў стаяць на вуліцы сярод натоўпу і здымаць простых дзяўчат. І яны здымаліся. У яго быў прынцып: браць толькі сьвежанькіх баб, з вуліцы, некранутых. Барон прапаноўваў вельмі шмат грошай; вядома, што адна з самых дарагіх беларусак абышлася яму за дзесяць тысяч даляраў. Фармацэўтычны гаспадар паводзіў сябе як неадукаванае гаўно, раскідваўся ня толькі грашыма, але й карткамі, кідаў у твар якой афіцыянтцы плацінаваую картку, крычаў пароль і роў, што ён сёньня трахае яе… Гэта быў не чалавек – пачвара, ганебная істота, мярзотнае стварэньне, аборт цывілізацыі. Аднойчы геі вырашылі правесьці ў галоўнай канфэрэнц-залі гатэля на шостым паверсе сваё пасяджэньне, пагутарыць наконт лаў-параду ў Менску. Вядома, сабраліся скіны з сабакамі, атачылі гатэль і чакалі, калі адтуль выйдуць геі. Міліцыянты трымаліся ўпэўнена, але нікога не чапалі, і вось вам відовішча: гэты мудак сеў у свой майбах і пачаў езьдзіць вакол гатэля і крычаць з форткі ў гучнагаварыцель: “Пізьдзі підараў, братва!” Менавіта так яго мусіць запомніць чалавецтва: як паскуднага підара, гамафоба й сыфілітычнага маньяка.
Пятае прадстаўленьне: на два гады ў Менску захрасла жонка сына скінутага рэвалюцыяй прэзыдэнта ***стана, краіны, сьпярэшчанай шнарамі, разрабаванай сямейнымі кланамі, што мелі ўладу й забівалі і абкрадалі жыхароў. Цяпер ***стан па развіцьці культуры й эканомікі адштурхнула на трыста гадоў назад, у краіне пануе расізм, забойствы, веранецярпімасьць, затое сам прэзыдэнт хаваецца ў адной цікавай краіне ва Ўсходняй Эўропе, краіне, якая апошнім часам толькі й робіць, што хавае бандытаў і зрынутых дыктатараў. Сыны былога прэзыдэнта ў Лёндане просяць інвэстарскую візу, а іх жонкі часова апынуліся ў нас. Хм, часова. Упэўнены што гэтая мадам нават і ня ведала, што будзе кожны дзень чакаць адказу наконт ангельскай візы на працягу двух гадоў разам зь дзецьмі і маліцца, каб яе ніхто з суайчыньнікаў і беларускіх апазыцыянэраў не пазнаў. Яна схуднела да сарака кіляграмаў, скінуўшы ад нэрваў трыццаць, яе валасы амаль цалкам выпалі, яна хадзіла, як мумія, і чакала, чакала, чакала адказу з амбасады, а муж нічога, сядзеў у Лёндане, сыты, задаволены, ганарлівы: анягож, яго сямейны клан і клан жонкі столькі грошай натрэсьлі з ***стана, што ягоныя бліжэйшыя пяць пакаленьняў могуць спакойна сабе жыць, вось толькі праз гэта ягоная ўласная радзіма, краіна з насельніцтвам дзесяць мільёнаў жыхароў, ня ведае, за які кошт гадаваць сваё пакаленьне. Я не шкадаваў жанчыну, пакуль аднойчы вечарам яна, расплакаўшыся, не распавяла мне пра тое, што яна такая ж ахвяра, такая ж пешка ў гэтай шалёнай нечалавечай гульні. Я спытаў: “Хто ж тады тут ня пешка?” Яе апошнія словы, калі мы разьвітваліся, былі пра тое, што Ўсходняя Эўропа, як і Сярэдні Ўсход, і Лацінская Амэрыка, гэта другасныя краіны. Кітай, Амэрыка і Заходняя Эўропа будуць працягваць карыстацца намі, як сваімі таннымі працаўнікамі й шлёндрамі, мы нарадзіліся толькі для гэтага. Я нічога ёй не адказаў…