Шостай пэрсонай у нашым кароткім рэйтынгу жыхароў гатэлю стала старая балерына. Паважная, танюткая, нават у свае семдзясят тры гнуткая, вытанчаная і найпрыгажэйшая без апэрацыяў на твары й целе. Незвычайна гаманлівая, распавядала пра ўсё на сьвеце. Яе слухаць было неверагодна цікава і адначасова прыкра, бо за раз яна давала столькі інфармацыі, што ўсё ў галаве гублялася, заставалася толькі лёгкае адчуваньне пашаны й зацікаўленасьці, гонару, што такія балерыны, такія пані яшчэ ёсьць у сьвеце. Яна распавядала пра тое, як падчас вайны ў Віетнаме езьдзіла туды з Опэрным тэатрам, танчыла дабрачынна, дзеля міру, як яе там абстрэльвалі; як потым яе зрабілі ганаровым жыхаром Пхеньяна, калі яна дала шэраг канцэртаў у Паўночнай Карэі; як яна танчыла для прэзыдэнта Амэрыкі; як закаханыя ў яе мужчыны сканчалі жыцьцё самагубствам, пакідаючы пасьля сябе доўгія лісты. Яна шмат распавядала, а потым са сваіх эпахальных аповедаў і жыцьцёвых падзей рэзка перасковала да свайго сабакі альбо ўспамінала, што яе муж зусім галодны і чакае яе.
Месца сёмага і апошняга героя засталося для афіцыйнага мільянэра нашай краіны, мужчыны, які трымае ня толькі большасьць прамысловасьці Беларусі, але й завод содавых, алькагольных напояў, трымае Раўбічы, Сілічы, пяцьсот рэстарацый, і калі б здолеў, набыў бы ўсю краіну, але, як нам вядома, у краіны ўжо даўно свой асобны арандатар, а дакладней, незаконны ўладальнік, але тут не пра гэта. Наш мільянэр па паводзінах вельмі падобны да фармацэўтычнага барона, які на гэтай цыркавой арэне ўжо зьяўляўся. Аднак мільянэр маўклівы, і сваім маўчаньнем ён паказвае, як ён пагарджае ўсімі, у каго меней як пяцьдзясят мільёнаў эўра на швайцарскім рахунку. Усе й усё гаўно па прыродзе, пакуль гэтага гаўна не кранецца ягоная залатая рука, пакуль не адбудзецца сьвяты акт ператварэньня. Мільянэр – чалавек дужа непрыемны нават для апошняй прастытуткі, якая абвыкла глытаць гнойныя члены. Сам гэты чалавек ужо здалёк здаецца пачварным, жудасным, ужо ня кажучы пра шчыльныя стасункі зь ім. Але й на мільянэра бывае находзіць штосьці кшталту сораму. Аднойчы ён ішоў па фае гатэля пасьля канфэрэнцыі для сваіх патэнцыйных замежных інвэстараў (куды яшчэ інвэставаць, нават ён ня мог ужо прыдумаць: усё было куплена, але ж…), ішоў ён, ня бачачы перад сабою сьвету белага, не заўважаючы, што прыбіральшчыца Валянціна Андрэеўна мые падлогу і паўсюль панаставіла жоўтых трыкутнічкаў з надпісам “Wet Floor”. Няхай гэты напаўадукаваны гібон ня ведае мовы, але на трыкутнічках намаляваны чалавек, які падае. І раптам мільянэр пасьлізнуўся й упаў на сьпіну, ляжыць вялікім пузам угару і падняцца ня можа – неваляшка сраны – жопу адгадаваў, цікава, як ён з ложка ўстае? Перакочваецца?! Да яго бэлбой падбег, падняў, дапамог. Мільянэр агледзеўся, пабачыў прыбіральшчыцу з квадратнымі вачыма, абтрэсься і, перад тым як рушыць, даў пад сраку бэлбою, моцна даў, маўкліва. Пайшоў, але праз два крокі вярнуўся й усунуў у кішэньку пінжака хлопцу-бэлбою сто даляраў, пакуль той цёр сабе пятую кропку. Бэлбой і рады быў, і потым ужо ня слухаў нікога, што камэры ўсё запісалі і тут магчыма ўсчаць суд на значна большыя грошы. Але бэлбой быў сам зь вёскі, вучыўся на другім курсе ПТВ, шанаваў маці і вельмі баяўся бацькі, якія нахуй суды зь мільянэрам, ну даў пад сраку, ну і што, прабачыўся ж, грошы пакінуў.