Выбрать главу

Карычневае паліто

Гадзіна ночы, заўтра зранку ў гатэль, з кожным месяцам, з кожным новым годам становіцца ўсё цяжэй спалучаць алькаголь з ранішнім пад’ёмам на працу. Кожны раз у гатэлі пэрсанал паглядае на цябе з жалем, дзяўчыны цябе шкадуюць, і няма таго пачуцьця, якое было раней, што калі ты ўвесь вечар п’еш, а на наступны дзень а шостай раніцы памяты, брудны, няголены зьяўляесься ў гатэлі, заступаеш на працу, а вакол цябе дзяўчыны, жанчыны, і ўсе спаборнічаюць, хто першая дапаможа, хто зробіць гарбату, хто каву, хто знойдзе пігулкі, каб апахмяліць…. Раней пасьля бадуна я выглядаў сэксуальна, я выглядаў ня так, нібыта бы мяне зьелі й высралі. Мая пакамечанасьць выклікала зацікаўленасьць, гонар, жаданьне, я меў выгляд канцэптуальнага алькаголіка, творцы.

Цяпер я прыходжу і ад мяне непрыемна пахне, я апухлы, тоўсты і для большасьці дзяўчын-супрацоўніц надта дарослы, у іх са мною ня можа быць нічога, акрамя працоўных стасункаў, а калісьці яны лёгка давалі сябе ня толькі абдымаць у падсобных памяшканьнях, за дзьвярыма, на якіх вісела шыльда з надпісам “Staff only”.

Я ішоў дадому, лічыў свае гады, дзівіўся часу, разважаў пра раніцу, пра тое, што ад заўтра ў гатэлі будзе новы дырэктар, нейкі Арыстоцель Папаласпас з Грэцыі, замест пагнанага Амара Аль Айамара й ягонай жонкі Сыбілы.

Ішоў і крыўдаваў на бег часу, у роце стаяў рэзкі прысмак гарэлкі, у страўніку падымалася пякотка, у вушах трашчала.

Вось нарэшце мой пад’езд, зараз буду дома, там хутка колькі пігулак “Гістака”, душ і спаць, альбо нават і бяз душа, проста спаць, брудным і сьмярдзючым, похуй. Але як толькі я пачаў зьвінець ключамі, каб адчыніць дамафонныя дзьверы, раптам перада мною паўстала постаць нейкага п’янага мужчыны. Ліхтар асьвятляў толькі ягонае доўгае карычневае паліто, твар быў схаваны ценем пад’езнага брыля, які зьверху асьвятляўся поўняй.

Мужчына прамовіў:

– Гэта табе за Лідку, гніда!

І апусьціў свой кулак мне на галаву. Я адразу зваліўся і толькі пасьпеў паднесьці рукі да твару, калі брудны чорны бот праехаўся па шчацэ, размазаўшы па маіх рукох вільготную глебу.

– Ня памятаеш? Успамінай, гаўнюк, успамінай, чырвонае паліто, яна гаўбец пераблытала! – мужчына ў карычневым паліто і балючых ботах яшчэ болей злаваўся і крычаў, перашкаджаючы мне ўстаць на ногі.

Колькі гадзінаў ён тут мяне пільнаваў? Я яшчэ пасьпеў падумаць пра тое, што зранку на працу, напэўна, не пайду, хопіць зь мяне грэбанага гатэлю, стаміўся я… Усё, бяру бальнічны адпачынак, законны адпачынак. І яшчэ я падумаў, а ці ведаю Лідку, можа быць, тут нейкая памылка, але прамовіць нічога ня мог: у роце пачала зьбірацца кроў…

Мужчына ў брудным карычневым паліто біў рэдка, але трапна. Напэўна, былы спартсмэн.

Тут вы мусіце ўсклікнуць: – Гэта ж ужо “трэцяе паліто”! Як, а ці ж гэта ўжо канец? Дарагі парцье, анягож!? І ня будзе ніякіх навінаў пра ліванскага доктара Саіда? А ці захварэў ён на СНІД, пакуль выратоўваў Сьвету? А што там чуваць пра сцэнарыстку Галіну Фэліксаўну? А ці нарадзіла цырульніца-баптыстка Марына? А ці знайшлі дырэктарку спа Раміну Гайдараўну са скрадзенымі грашыма? І што цяпер робіць бухгальтарка Люся? Як праходзіць “хімія” ў былога ахоўніка Віктара? Як цяпер жыве кухар Валера, які скраў карбанат? Навошта ты, аўтар, павыпускаў людзей на арэну Цырка, калі пра іх больш ані слова? Што?! Што далей? Дзе працяг?!

Шчыра вам скажу: пасьля такога зьбіцьця мне ўжо не да апавяданьняў. І пасьля гэтай кропкі вас не павінна болей нічога хваляваць.

Сьнежань 2011 – красавік 2012
Менск

Швэдзкі стол

прысьвячаецца людзям, зь якімі давялося правесьці шмат цікавых гадзінаў у працы, гутарцы, разважаньнях і спрэчках. людзям, зь якімі я дзяліў свае сьняданкі, абеды й вячэры, з кім разам адпачываў і назіраў за дзівосамі навокал – у магічных сутарэньнях, якія завуцца гатэлямі

Усе героі й падзеі кнігі выдуманыя, любыя супадзеньні выпадковыя

Зялёная кашуля

Усе ў мяне пытаюцца: дзядзька, табе ўжо хутка трыццаць год, што ты ў гэтым гатэлі сядзіш? Чаму не працуеш па адукацыі? Чаму не шукаеш сур’ёзнай працы? Што з табою будзе далей? Як магчыма жыць без кар’ернага росту? Хіба ў цябе няма жаданьня дасягнуць чагосьці ў працы?

Я ўсім адказваю аднолькава: “Дзякуй, што турбуецеся, але ідзіце, калі ласка, у дупу!” Я шчасьлівы, у мяне ёсьць усё, пра што я марыў: жонка, сабака, зьбіраем грошы на ўласную кватэру, плянуем дзіцё. Мая праца акурат такая, каб не замінаць мне пісаць, графік такі ж самы, я маю свабоду, каб таксама – пісаць прозу. Я задаволены й той часткаю волі, якая ў мяне ёсьць, калі я ў гатэлі сяджу ў сваім кабінэце: бясплатны Інтэрнэт, абед і вячэра таксама бясплатныя, амаль ніхто сюды не завітвае, працую зь людзьмі толькі пад запіс. Што яшчэ трэба?!