Выбрать главу

Калі грамадзтва адштурхоўваецца, у пераважнай большасьці, ад матар’яльных кропак, я маю вялікае жаданьне жыць у сьвеце, дзе ўсё працуе толькі на чалавека, бо самы вялікі абсурд Жыцьця – гэта ўвесьчасныя ды ўсюдыісныя турботы пра свой гаманец і пакупку адна-, двухпакаёўкі… Якім чынам сталася так, што ў Цывілізацыі, створанай чалавекам, немагчыма жыць на сваю карысьць і шчасьце, не плянуючы набыцьцё ежы з гіпэрмаркету да наступнага заробку, а проста як ёсьць пасяліцца на свабоднай зямлі, вырошчваць сабе чыстую ежу і быць незалежным? Аднак абавязкова знойдзецца купка лайдакоў, якім захочацца нічога не рабіць, але атрымліваць усё дарма і называць зямлю Радзімаю, а дармовае – падаткамі. Я б хацеў жыць так, як ад пачатку было наканавана Космасам, – жыць дзеля радасьці й волі жыцьця, спасьцігаць розум Прыроды, навукі, вучыцца наноў хадзіць і лётаць – і радавацца з гэтае нагоды. Атрымліваць сапраўдную асалоду ад сьнегу, які мусіў бы выпадаць на Раство, а не глядзець на панурыя вуліцы гораду, ахутаннага смогам, хворага й атручанага выхлапнымі газамі стварэньня доктарам Франкенштайнам.

Я ня бачу сэнсу ва ўсім гэтым маскарадзе, бо ўсё, што робіцца вакол чалавека, створана яго ўласнымі рукамі і нясе з сабою толькі нахабнае патрабаваньне прызнаньня толькі ягонага адзінага Я, дыктатуры, гвалту й індустрыяльнага шаленства.

Такім чынам, калі б я мог не працаваць, я б не працаваў, але калі я не магу не працаваць, няхай я буду сваёй працай прыносіць людзям хаця б невялікую палёгку, радасьць і часам моўныя альбо літаратурныя адкрыцьці.

Вось ён, мой будзільнік: спачатку сыгналіць жоўтазялёны плястыкавы корпус, і празь імгненьне я адчуваю, як раптоўна спахопліваецца сабачка – на маёй галаве яе пуза й лапкі, на маёй шыі – яе галава. Яна ўскоквае і, пазяхаючы з характэрным піскам, пачынае лізаць мне твар, трапляючы языком па носе, па вейках, па вусах, па вуснах, пакусваючы маю бараду… Я стараюся ўхіліцца, але гэта немагчыма: сабака – адзін вялікі цёплы ласкавы язык, які падымае цябе й патрабуе хутка зьбірацца на вуліцу.

Вось я стаю на кухні, дзьверы лядоўні адчыненыя, лядоўня выдае гукавы сыгнал, каб я зачыніў дзьверы, але я заняты – я п’ю ёгурт.

Пасьля процьмы сідра пітны ёгурт раніцай – тое, што трэба. Страўнік пачынае ўрчаць, рэшткі вячэрняга сідру – ціснуць на мачавы пухір.

Потым я заходжу ў пакой, жонка яшчэ сьпіць, сабака, джэк расэл тэр’ер па мянушцы Хурма, усё яшчэ чакае свайго недарэчнага гаспадара. Я апранаю джынсы, розныя па колеры й фактуры шкарпэткі, Хурма не дае апрануцца спакойна, сьцягвае з ног шкарпэткі, шкамутае калашыну джынсаў… Гэта яна мяне прысьпешвае ісьці зь ёю на вуліцу і адначасова тармозіць выхад. Зашпільваю цёмна-зялёную, як лісьце ў жніўні, кашулю – паверх зялёная куртка і парваныя кеды (“бо якая розьніца, колькі год тваім кедам, калі ты стаіш у іх на ходніку ў Бэрліне” – таму мне абсалютна нецікава, у якім стане мае кеды), паверх курткі – карычневая скураная сумка праз плячо, у правую кішэнь курткі трапляе пакуначак зь ежаю для сабакі, у левую – карабін з павадком. Я гатовы гуляць, але, як звычайна, не гатовы ехаць на працу, таму лягічна, што ў яблыневым садзе я затрымаюся крыху даўжэй, буду кідаць Хурме галінку, назіраць, як яна за ёю бегае – белая плямка на шэра-сінім фоне раніцы, буду радавацца тым хвілінам, калі магу лёгка забыць пра тое, што існуе абавязак працаваць, зарабляць грошы, адцягваць увагу ад самых каштоўных для сябе рэчаў – творчасьці й каханьня. З сумкі праз плячо дастаю арганайзэр, удакладняю пляны на дзень, правяраю, ці захапіў з сабою кнігу.

Ніхто ня зможа адняць альбо скрасьці маіх каштоўных хвілін, калі я атрымліваю самае вялікае адкрыцьцё кожным разам, калі я для сябе асабіста дасьледую прыгажосьць, калі назіраю, як В. сьпіць, і калі дасьледую для сябе новыя пачуцьці любові й пяшчоты, калі назіраю за маленькай Хурмой, як яна жвава бегае за галінкаю альбо капае ў зямлі нару; я разумею, што маё жыцьцё мае сэнс і мае права існаваць, і я маю права быць тут і цяпер, і мне неабавязкова жыць дзеля таго, каб прыносіць карысьць грамадзтву, як гэта выбіта на скрыжалях запавету сучаснасьці, мне дастаткова ведаць, што я зарабляю грошы для сваёй маленькай утульнай сям’і, і паціху, крок па кроку, мы набліжаемся да сваёй уласнай кватэры, але ёсьць сумнеў, што, калі ў нас назьбіраецца дастатковая сума, мы не захочам жыць там, дзе паветра замінае ўдыхнуць глыбока-глыбока, каб перахапіла дух, бо калі на цябе з усіх бакоў паглядае людажэр, калі ты ня бачыш магчамасьці зьдзейсьніць свае мары і разумееш, што змагаром быць недастаткова, але ёсьць шанец рабіць штосьці звонку, ніж знутры, абавязкова пачынаеш шукаць маёмасьць дзе заўгодна: Вільня, Варшава, Прага, Бэрлін…