Выбрать главу

Аднойчы Віталь і Антон, стылісты ў салоне ў спацэнтры, праходзілі побач ад прыбіральні для пэрсаналу і ўбачылі такую карціну: Валянціна Андрэеўна стаяла каля ўнітаза на каленах, кубкам вычэрпвала ваду і вылівала яе ў рукамыйніцу. На пытаньне, навошта яна вычэрпвае кубкам ваду з унітаза, тая прамовіла, што хоча памыць унітаз знутры спэцыяльнымі сродкамі, бо раптам Сьвятлана альбо Міхаліна заўважаць там бруд.

Марына, карункавая цырульніца-баптыстка, выйшла з дэкрэту і, каб хоць неяк аддзячыць гэтай жанчыне за яе працу, зрабіла ёй сапраўдную францускую фрызуру. Калі Валянціна Андрэеўна пабачыла сябе, здолела толькі прамовіць, што ў яе на галаве яшчэ ніколі такой прыгажосьці не было, і заплакала… Праплакала так цэлую гадзіну, п’ючы валяр’янку і атрымліваючы шчырыя словы суцяшэньня ад усіх, хто быў побач.

Сярод прыбіральшчыц самы высокі працэнт крадзяжоў, але кожны год усё паўтараецца наноў: выяўляюцца вялікія недастачы, на тысячы эўра, і на КПП ловяць адных прыбіральшчыц з рушнікамі і пакецікамі гарбаты, а тых, хто скрадае асноўную маёмасьць, якую вельмі лёгка прадаць, – срэбныя рэчы, кампутары і нават камплекты для ложкаў, – так і не знаходзяць.

Мэнэджар

У нашым гатэлі безумоўна пануе ўлада замежных інвэстараў, дырэктараў і самога галоўнага Ніндзі, які часта праз сваю старасьць забываецца на ўласную выспу й сэтку гатэляў, якія цяпер сотнямі раскіданыя па зямной кулі, і ўсчынае рэарганізацыі, рэфармацыі, ператасоўкі й ракіроўкі сярод працоўнага пэрсаналу. Зразумела, гэта ніколі не ідзе на карысьць нікому, акрамя Ніндзю, які атрымлівае шчырае і ўсёпаглынальнае захапленьне ад улады і цешыць сваё эга. Але ўсе мы ведаем, што магутнай міжнароднай сэткаю даўно кіруюць ягоныя праўнукі, якія яшчэ ні разу не прыяжджалі ў Менск, бо ня бачаць сэнсу, і вельмі радыя, што іх шаноўны продак яшчэ жывы й жыве на экалягічна чыстым: дзеўкі ўсе – беларускі, ніякіх хваробаў, усе маладыя, добрыя й сытыя, калі трэба – пісюн патрымаюць, каб Ніндзя пассаў, а калі й падняцца дзядулі дапамогуць і руку ягоную сабе на грудзі пакладуць. Галоўны чыньнік, па якім Ніндзя не жыве на сваёй высьпе, – жанчыны, якія, як амазонкі, засталіся толькі на чыстай і цнатлівай беларускай зямлі.

Улада ў гатэлі часта трымаецца фашыстоўскіх законаў і правілаў, і гэта паказальна праз заробкі любога, хто тут маецца. Возьмем, напрыклад, электрыкаў: беларус-электрык атрымлівае роўна 450$ за месяц, па курсе, які ў гатэлі кіруецца знутры, а не паводле Нацбанку. Турак-электрык атрымлівае роўна ўдвая болей – 900$… Альбо, добра, возьмем да прыкладу інжынэраў: беларус – 600$, замежнік – 1200$. На нашай зямлі нас саміх прыніжаюць. Мы хто? Мы што? Што з намі? Дзе мы й наш гонар? Давайце на хвілінку ўявім, што беларусы вынайшлі свой уласны гатэльны брэнд “Шампанскі”, і вось, скажам, Гішпанія, Барсэлёна, у цэнтры горада адкрываецца пяцізоркавы беларускі “ШампанскіБарсэлёна” і ўсе беларусы, якія прыехалі, атрымліваюць удвая большы заробак, ніж мясцовыя… Колькі дзён прастаіць гатэль? Тыдзень?! Два?! Сумняюся, што яго нават суткі пратрымаюць адчыненым, баронячыся ад маніфэстантаў, якія будуць патрабаваць роўных правоў і заробкаў! У нас пад носам, на нашай зямлі – суцэльнае свавольства! Як у тым анэкдоце: замежнікі прыехалі і бачаць, як вакол ходзяць менчукі, усе спрэс сумныя, панурыя, у асфальт глядзяць, змрочныя… Замежнікі пытаюцца, што здарылася, можа быць, нейкая нацыянальная жалоба?! А мінак і адказвае: “Вас бы так дваццаць год запар ябалі б, я б на вас паглядзеў!”

Вось і ў гатэлі раней на кожнае аддзяленне (не істотна – рэцэпцыя, бар, рэстарацыя, спа) быў адзін мэнэджар, і мэнэджары былі заўсёды розныя: прыгожыя і не, тоўстыя і худыя, сьветлыя й з малочнай скураю або цёмныя й цёплыя, безэмацыйныя й нэрвовыя, але заўсёды ветлівыя, шчырыя, і ўсе мелі роўныя, аднолькавыя заробкі, бо ўсе былі беларусамі. Аднак грэчаскі дырэктар Арыстоцель Папаласпас, якога так любілі й шанавалі, паехаў кіраваць далей па сьвеце, і да нас прывезлі Гнюсэля, самага сапраўднага лысага бамбізу, якому б на завод Белазы круціць, а не кіраваць гэтым парцалянавым гатэльным сьветам, бо ўсё, што ўвогуле нагадвала хаця б мінімальную інтэлігентнасьць у друзлым целе і лысай галаве, – дарагі гарнітур і выкшталцоныя акуляры, якія тонкімі стрункамі трымаліся за адтапыраныя, гладкія й паголеныя, як у ружовенькага Саладухі, вушкі.

У першы ж тыдзень Гнюсэль адзначыў для сябе адну маладую адміністратарку, якая зачапіла яго сваімі чароўнымі вачыма. Позірк дзяўчыны, а звалі яе Таіса, пранікаў табе адразу ў мозг, пад чарапную каробку, а потым павольна, праз разрады токаў, імпульсамі спускаўся ў страўнік. Як толькі Гнюсэль пабачыў Таісу, яму зрабілася блага: Гнюсэлю адчайна захацелася Таісы, хаця б і ня цалкам, але ручку ейную пацалаваць, палашчыцца ля яе грудзей, якія крыху праглядалі скрозь выраз працоўнай уніформы.