Гнюсэль – сэксуальны маньяк, ён на сайтах сэксзнаёмстваў паўсюль разьмясьціў сваё фота і кароткую біяграфіяю, не хаваючыся… і подпіс пакінуў такі: “Інвэстую”… Інвэстуе ён!
Прайшоў месяц, і раптам Таісу зрабілі другім мэнэджарам, хоць такой патрэбы й не было. Вядома, Ніндзя сказаў, што аднаго мэнэджара дастаткова, але калі Гнюсэль так жадае сваю Таіску, няхай выкручваецца сам. Такім чынам палову заробка забралі ад першага мэнэджара і аддалі Таісцы, якая, дарэчы, да таго казачнага дня была цалкам мілаю, прывабнаю і далікатнаю дзяўчынаю, шчыраю й сяброўскаю, вучылася на пятым курсе, марыла пра кар’еру, уласную кватэру й сабачку чыхуахуа.
Таіса як мэнэджар нічога не рабіла, нікога не падтрымлівала, разышлася са сваім каханым, які, дарэчы, працаваў бармэнам у гатэлі, і любыя звароты, парады і пытаньні пэрсанала яна ігнаравала і на кантакт не ішла. Нават калі трэба было гутарыць з дырэкцыяй пра павышэньне заробкаў у яе аддзеле, Таіса не пайшла. Яна тупа забіла на ўсё й на ўсіх і ператварылася ў тыповую “наташку”, якой бачаць славянскіх жанчын туркі на сваёй радзіме. Вось прыклад: увечары адміністратар, новенькая дзяўчынка, увяла суму, якая істотна адрозьнівалася ад наяўнай, і ня ведала, як правільна зрабіць адмену па картцы. Кліент хвалюецца, дзяўчына чырванее, вызвоньвае Таісу, ніхто не прыходзіць на дапамогу. Скандал быў зафіксаваны ў кнігу скаргаў, і толькі на наступны дзень бухгальтар адмяніў усе працэсы па картцы, але адміністратара ўжо звольнілі. Потым высьветлілася, што Таіса проста сышла да Гнюсэля ў кабінэт і выйшла адтуль толькі праз тры гадзіны. А? Таіса сказала, што была занятая неадкладнаю справаю і адказаць на мабільны тэлефон (на экране сьвяцілася, што адміністратар яе аддзела званіў васямнаццаць разоў) не магла… “Вядома, не магла! – выказваліся хлопцы на курылцы. – Рот быў заняты хуём Гнюсэля!”
Я ня буду яе жорстка асуджаць, яна яшчэ зусім маладая, недасведчаная, можна нават сказаць – дурная. З часам такое праходзіць, ці, прынамсі, бывае, што праходзіць, але я тут прывяду адзін прыклад таго, як Таіса пачала гаварыць з пэрсаналам у першы дзень працы мэнэджарам. Валянціна Андрэеўна, карункавая прыбіральшчыца, мые падлогу, дакладней мые другім разам – пасьля швабры да бляску націрае мармур анучаю.
– А гэта што такое?! – абураецца Таіса, праводзячы пальцам пад парэнчамі, і дадае яшчэ больш пісклявым голасам – Тэ-э-эрмінова ўсё вы-ы-ы-мыць!
– Ужо-ўжо, Таісія Аляксандраўна, выбачаюся, шчыра выбачаюся, не даглядзела… – Валянціна Андрэеўна кідае анучу на мармур і ляціць да парэнчаў, прыніжаная, старэйшая за Таісу роўна на трыццаць два гады, філёляг, які б у якой іншай краіне быў бы ўжо на ганаровай пэнсіі, ушанаваны прэміямі за адданае выкладаньне свайго прадмету. Але ня тут.
Дырэктары
Кожны ведае, што калі за стырном знаходзіцца той чалавек, які патрэбны, які дакладна ведае, куды ехаць, плыць альбо ляцець, то любая машына, аўтобус, тралейбус, катамаран або, там, падлодка з самалётам будуць рухацца як мае быць. Ведаючы гэтае залатое правіла, вынайдзенае нашымі далёкімі продкамі празь незьлічоную колькасьць зробленых памылак, ніхто, зусім ніхто ім не карыстаецца. Навочны прыклад: за некалькі год дырэктараў ва ўсіх сэктарах і зонах мянялі каля пяці разоў.
Дырэктарам у гатэлі ніхто не жадае быць, бо, нягледзячы на заробак, гэтая пасада самая кароткатэрміновая сярод іншых. Да Гнюсэля быў Арыстоцель Папаласпас, які кіраваў роўна сем месяцаў, а да яго быў Амар Аль Айамар, які кіраваў шэсьць месяцаў, а да яго Ціль Портман, які быў пры закладцы першых цаглінак гатэлю. Гучыць як радкі зь Бібліі: Іаан кіраваў столькі, потым нарадзіў Ісаака і той пражыў столькі год, а кіраваў столькі…
Кожны з дырэктараў патрапіў пад крытыку, неміласэрнасьць і гэтак далей, гэта калі ня браць у разьлік іншых дырэктараў, так бы мовіць, ніжэйшых па статусе, хаця б таго ж дырэктара казыно, дзе, як пляткараць, дырэктароў увогуле звозяць у невядомым кірунку і мяняюць раз на сэзон.
Вядома, сярод дырэктараў ёсьць і такія, якіх магчыма назваць старажыламі, напрыклад, Ніяцкая, дырэктарка спа-цэнтру, жанчына-перабольшаньне ўва ўсіх сэнсах, жанчына-вамп, жанчына-мара, занадта ганарлівая, каб з вамі пагутарыць, занадта занятая, каб з вамі павітацца.