І вось, Гнюсэль і Ніяцкая шмат у чым падобныя. Нягледзячы на відавочныя адрозьненьні, нават не беручы пад увагу іх полавыя прызнакі, падобныя па характары, поглядах на сьвет, падобныя грэблівасьцю і цьмянымі рамантычнымі марамі, адначасова ўмеючы абставіць справу так, што, акрамя іх, ніхто не выкараскаецца зь яміны, калі ўжо трапіў.
Гнюсэль. Ён зусім ня кепскі мужчына і нават у некаторых момантах добры кіраўнік, прынамсі ён жорстка пакараў аддзел кадраў, калі тыя выкінулі ў сеціва такую абвестку: “Пяцізоркавы гатэль у аддзел хостэсу шукае маладую дзяўчыну мадэльнага выгляду зь веданьнем ангельскай мовы, можна бяз досьведу працы”. Гнюсэль адразу сказаў, што шанцы ўва ўсіх аднолькавыя і мы тут не бардэль, і пазбавіў прэміі дзяўчыну, якая накатала такую абвестку, ды прымусіў перапісаць наноў, без “мадэльнага выгляду”, і дадаць патрабаваньне вышэйшай адукацыі. І адразу адсеялася процьма непатрэбных анкетаў і знайшлася прыўкрасная дзяўчына зь ін’язу.
Так, у новага дырэктара шмат усяго кепскага, чаго б я ніколі нікому не пажадаў бы… Ён зарэгістраваны на сайтах знаёмстваў і кожны вечар адшуквае неабходнае дзяўчо на ноч. Ён увесь паголены, у яго нават бровы паголеныя, і ўвесь ён выглядае як старое прыпухлае немаўля. Злосны і нэрвовы, часта бывае несправядлівым, але калі б вы толькі бачылі, як ён зьмяніўся, калі на два тыдні да яго прыехала жонка з дачкою, – ідэал любячага мужа й бацькі. На працу пехатою хадзіў, сьвісьцеў сабе пад нос песенькі. Прыгажосьць!
Гэта не дае яму права быць такім, які ён ёсьць, гістэрычным кіраўніком гэтага вялікага карабля пад назваю Гатэль. Сярод працаўнікоў ходзіць знакамітае: “Што, ізноў у лысага месячныя?”
Напэўна, ніхто ніколі не хацеў бы апынуцца на ягоным месцы, калі 31-га сьнежня, акурат пад Новы год, зь Ніндзем здарыўся нейкі ўсплеск ці то эмоцый, ці то шызафрэніі, і ён выклікаў да сябе Гнюсэля і пачаў лаяцца, як той стары сабака, маўляў: “Што гэта за кепскае кіраваньне?! Дзе прыбытак?! Чаму мой сябра незадаволены?!”
Гнюсэль адразу ў абарончую пазыцыю: “Гэта ня я вінаваты, усё наблытала начальніца аддзела кадраў і перавяла галоўнага па хостэсу на пасаду маркетоляга, я б так ніколі не зрабіў!” (А мы ведаем, што Гнюсэль сам прасіў перавесьці, бо на пасаду галоўнага ў аддзеле “Хостэс” ён вырашыў паставіць сваю новую бабу, а тая запарола рэгістрацыю аднаму з плятынавых кліентаў гатэля.) Праз гадзіну, нягледзячы ні на што, нават на Новы год, маладая жанчына, якая толькі-толькі прымервала на сябе працу начальніка аддзела кадраў, была выстаўленая вонкі. Без тлумачэньняў.
Вядома, Гнюсэль увечары прыехаў да яе дадому, выбачаўся, цалаваў рукі, казаў, што налічыў ёй на картку заробак за год, каб тая яго выбачыла, бо яму нельга губляць гэтую працу, у яго тут усё жыцьцё.
Ну канешне, у яго тут усё жыцьцё, а тое, што недзе ў іншай краіне яго чакаюць жонка з дачкою, ня ўлічваецца.
Ніяцкая. Як толькі гатэль адбудавалі, Ніяцкая была ці ня першаю ўзятая на працу, і гэтым страшэнна ганарылася. Жанчына каля шасьцідзесяці, з высока паднятымі грудзямі, доўгімі валасамі. Пагадзіцеся, ня кожны ў такім узросьце будзе насіць доўгія валасы і выглядаць раскошна, а Ніяцкая так выглядае, і ведае гэта, і высока цэніць сябе. Яе адразу паставілі кіраваць спа, бо спа, як вядома, найбольш цьмяна зразумелы й цяжкі для раскруткі сэгмэнт гатэльнага бізнэсу: усё залежыць ад майстроў, ад кваліфікацыі й якасьці і ад таго, як кліенты будуць вяртацца. Але Ніяцкая плявала на ўсе ўмоўнасьці, жанчына з характарам сталёвым, закаленым, ганарыстая сваімі чэскапольскімі каранямі да адурэньня. І, здавалася б, усё добра, але ж… але… Ніяцкая на працягу двух гадоў не віталася ні з кім. Прынцыпова. Яна глядзела ў столь, і калі нават і азіралася ў ваш бок, то толькі як на перашкоду на дарозе. Уявіць яе пагарду вельмі цяжка, апісаць – амаль немагчыма. Ніяцкая – увасоблены гонар. Вось ты тут па калідоры ідзеш, а насустрач табе жанчына-карабель плыве на велічэзных шпільках, бляндыністыя валасы ў розныя бакі, гострыя дужкі акуляраў… Ідзе, цокае і варушыць з боку ў бок сваімі сьцёгнамі, сьцянутымі чорнаю спадніцай вышэй калена… Вагонь, полымя, ты супыняеш хаду, прыціскаешся да сьцяны, надрыўным галаском: “Добры дзень, Антаніна Вацлаўна…” А яна як ішла, так і пайшла сабе далей, нават не паглядзеўшы на цябе. Стаіш, хвалюесься і адчуваеш, як халаднеюць спатнелыя далоні.
У рэшце рэшт зь Ніяцкай перасталі вітацца і, калі здалёк чулі, што яна ідзе, стараліся зь ёю не перасекчыся. І аднойчы нейкім дзіўным днём яна прывяла свайго сына, падшыванца зь іракезам, уладкавала яго рознарабочым і раптам пачала вітацца і камунікаваць са сьветам, нават працягнула вітацца, калі яе сын праз тры тыдні сышоў з працы… Усе потым вырашылі, што Антаніне Вацлаўне цяжка даецца сацыялізацыя… Чаго ж вы хочаце, жанчына амаль усё жыцьцё працавала ў Гарвыканкаме.