А далей, з часам Ніяцкая вырашылася нават на шчырасьці са сваім асабістым бухгальтарам, распавяла, што марыць сустрэць багатага мужчыну… Бухгальтар, вядома, пра сябе пасьмяялася з дурной шасьцідзесяцігадовай бабы, а потым увечары, калі стаяла ў ванным пакоі і ўзважвалася пасьля фітнэсу, глядзела на сябе, дваццацітрохгадовую, і разважала, што шанцаў у Ніяцкай знайсьці багатага мужчыну, роўна як і ў яе, – як пашчасьціць, бо гэты сьвет багаты на абсурд.
Сястра
Як бы ні адбываюцца ў сьвеце войны, прыродныя катаклізмы ці эпідэміі, усё адно прырост насельніцтва ідзе ў геамэтрычнай прагрэсіі. У адным месцы людзі паміраюць, у іншым іх нараджаецца ўдвая, а то і ўтрая больш. І кожны з нас мае калі ня брата ці сястру, то кузэна ці кузыну, калі ня кузэна ці кузыну, то дзядзьку альбо цётку… Выпадак Ніндзі не выключэньне, нават наадварот: такія людзі, як ён, маючы мільёны, раскіданыя па банках Эўропы, аточаны толькі сваякамі і вельмі набліжанымі сябрамі, якіх таксама акрамя як сваякамі й не назавеш. Бізнэс кіруецца сям’ёю, бізнэс перадаецца па сваяцтве, за бізнэс перажываюць адразу пяць буйных сямействаў, і патэнцыйнымі будучымі ўладальнікамі сэткі гатэляў лічацца адразу 22 хлопцы і 13 дзяўчат. Што тут скажаш, яны ў любым выпадку мусяць спачатку пасталець і дачакацца сьмерці ня толькі Ніндзі, але і ягонай сястры Хундзі.
Хундзя не кіруе гатэлямі і пра гатэльны бізнэс ведае столькі, колькі ёй дазваляюць набліжаныя да Ніндзі калегі і інвэстары. Такім чынам, Хундзя існуе дэ-юрэ, але дэ-факта яна з гэтым даўно не лічыцца.
Нам сказалі, што на тыдзень мусіць прыехаць сястра Ніндзі. Яна ні разу не была ў Менску, і нам трэба быць заўсёды падрыхтаванымі да нечаканасьцяў.
– Якіх нечаканасьцяў?!
– Ну, пані Хундзя можа ўкусіць, – прамовіла галоўны мэнэджар Міхаліна.
– Што?
– Кажу: пані Хундзя можа ўкусіць, таму не палохайцеся, зрабіце выгляд, што нічога не адбылося!
“Калі яна мяне ўкусіць, я выб’ю ёй зубы, і похуй на тое, што адбудзецца потым!” – Скажыце, а яна не заразная? Калі кусаць будзе, нам зробяць уколы ад шаленства ці там ад “гатэльнай сямейнаклянавай хваробы”?
– Так, давайце бяз жартаў, я сур’ёзна… У нас, можна сказаць, у гатэлі па ўсіх сэкцыях, інстанцыях, нумарах і паверхах – ваеннае становішча, камэнданцкі час, бо калі для вас раней наш дзядуля падаваўся старым і злосным, то вы проста ня бачылі яго роднай сястры! Карацей, ахтунг! Усе сабраныя, пры парадзе і з усьмешкамі на тварах!
Хундзя прыляцела на сваім прыватным самалёце, акурат і проста зь Нью-Ёрку, дзе наведвала наш манхэтанскі гатэль і, без сумневаў, ябала пэрсанал усім, што траплялася пад руку… Яе адразу прывезьлі ў гатэль, і на руках, літаральна на руках – з двух бакоў, трымаючыся “пад ручкі”, павесіўшы на ахоўнікаў сваё маленькае, са сьпіны нібыта дзіцячае цела, – пані Хундзя паляцела празь лесьвіцы й паверхі ў прэзыдэнцкі нумар.
Заўвага. Калі Хундзя пад’ехала да гатэля, першае ейнае распараджэньне было: “Прыбраць з холу гатэля ўсіх людзей, пастаяльцаў, бэлбояў і з хостэсу пакінуць толькі адну дзяўчыну, але самую прыгожую, і каб яна не высоўвался з-пад рэцэпцыі, пакуль я сама не папрашу”.
Такім чынам, пад рукі з двума СВАІМІ ахоўнікамі Хундзя праляцела, як прывід, амаль нікім не заўважаная, у свой нумар.
Другое распараджэньне: “Пакуль мая пэрсона будзе ў ванным пакоі, у нумар абавязкова прынесьці сьвежую садавіну, цёплы круасан і цёплае малако зь мёдам, але прынесьці так, каб я гэтага ня чула і нікога ня бачыла, бо мы хочам адпачываць у ванным пакоі”.
Варта дадаць, што Хундзі за дзевяноста, але выглядае яна на семдзесят. З кіпцюрамі драпежніка, вельмі хударлявая, ссушаная, як чарнасліў, як мумія. Ніхто не разумее, як магчыма такі прывід пакінуць сам-насам у ванным пакоі: захлынецца гэтая фашыстка – і што рабіць будзем? Што скажам Ніндзю, калі ўвесь пэрсанал гатэлю паставяць ва ўнутраным дворыку да сьценкі і ўсё, што застанецца апошняй карцінкаю перад сьмерцю, – руля аўтамата й чырвоны, наліты злосьцю твар Ніндзі… ПОМСТА!
Раніца, ваза з садавіною была прынесеная, афіцыянтка пракралася па пухнатым паласавым пакрыцьці ў ваўняных зімовых шкарпэтках, ахоўнік басанож за ёю… Але яны не сышлі адразу, спыніліся каля дзьвярэй ваннага пакою, прыслухоўваюцца. РАПТАМ пачулася, як хтосьці плюхаецца ў вадзе.