ЖЫВАЯ!
Афіцыянтка і ахоўнік як пушынкі – з нумару ў калідор. А ў калідоры іх ужо чакае Міхаліна.
– ЖЫВАЯ! – разам адказваюць афіцыянтка і ахоўнік.
– Цудоўна, цяпер празь дзесяць хвілін нясем малако й мёд!
Хундзя памылася, выйшла з ванны, зьела банан, папіла малако, на круасан нават не паглядзела і абвясьціла, што зьбіраецца спаць гадзіну, але пакуль яна будзе спаць, ёй мусяць прынесьці першы сьняданак, але таксама каб яна нікога ня бачыла і ня чула.
Наперадзе цэлы тыдзень! Тыдзень! Самы сапраўдны тыдзень вар’яцтва!
Пасьля абеду Хундзя папрасіла да сябе ў нумар кухара, які гатаваў ёй ежу.
Усё, гамон, адразу паляцелі чуткі, што зьявілася першая ахвяра! Бедны кухар, бедны італіец! Такі цудоўны быў мужчына! Бедны Агусьціно Бальтасарэ!
Хундзя пабачыла кухара, павольна да яго падышла, ну як той курдупель Цахес, ну копія! Падышла яна да яго, узяла пад руку і наказала зрабіць ёй экскурсію па гатэлі!
Агусьціно працуе тут шэф-кухарам год, дасканала ведае нулявы паверх і ўсе свае тры кухні, але якая экскурсія па гатэлі? Італіец з дрыготкаю ў нагах папрасіў у дапамогу кагосьці з мэнэджараў. Хундзя паглядзела ў глыбокія цёмныя вочы мужчыны, наказала прывесьці ўсіх мэнэджараў і, акінуўшыкожнуюікожнагавокам, абралаЮліюЦімафееўну— мэнэджара спа-цэнтру. І да самай позьняй ночы гэтая бабулечка цягала змарнелых супрацоўнікаў па нумарох і паверхах, зазірала ў пакоі для пэрсаналу, паўсюль совала свой стары нос, праводзіла пальцамі па сьценках і парэнчах, шукала пыл і бруд, нават здолела нагою адкалупнуць плітку на падлозе і на першым паверсе расшатаць, як стары зуб, правую парэнчу каля выхаду з гатэля. Хундзя на ўсё скрадзілася, усё крытыкавала, была незадаволеная да скрайняй ступені, хадзіла з кіслым тварам, на якім і да скрыўленьня была процьма зморшчынак, а пасьля незадаволенасьці і ўвогуле твар быў падобны да кары дрэва.
Пані Хундзя была абураная ўсім на сьвеце. Хваліла толькі шэфа Агусьціно – і ўсё. Сапраўды, больш нікога яна не любіла і гатэль называла “дзяшоўкай”.
Пад самы вечар пані Хундзі захацелася зрабіць прычоску на сваёй лысай галаве, дзе на макаўцы тырчэла роўна шэсць кароткіх валаскоў. Прынесьлі яе ў салён. Праз дваццаць хвілін усе мусілі ўжо зачыняцца. Хундзя, вядома, забараніла. Віталю не пашчасьціла, як ён ні маліўся ўсім багам сьвету, каб сёньня ніякія Хундзі не завіталі, а заўтра – хоць Армагедон, бо ў яго два дні выходных. Менавіта калі ён ужо быў упэўнены, што дзень заканчваецца як мае быць, лёс не прымусіў доўга сябе чакаць.
Віталь спрабаваў памыць гэтае непаразуменьне, дакладней – старэчую галаву ў мойцы… Хундзя напаўляжаланапаўсядзела нейкім чынам на правы бок, рукі моцна сьціснула ў кулакі, ды так, што з-пад аднаго пазногця ішла кроў… Галава яе дрыгалася кожныя тры сэкунды, вада праз гэта зацякала ёй за сьпіну, яна ненавідзела Віталя… Яна ненавідзела Віталя і тады, калі ён спрабаваў зрабіць укладку на яе кароткі старэчы пух. Укладка не атрымалася… Хундзя, як дзіцёнак, споўзшы з крэсла, дала сябе аднесьці з салёна, нічога не сказаўшы…
Мінуў першы дзень… Наперадзе яшчэ шэсьць сьвятых дзён супрацьстаяньня, блякады…
На наступны дзень усе ведалі, што Хундзя ў сваім нумары ноччу крычала пра гатэль, пра тое, што ён гаўно, усё разбоўтанае, пэрсанал некваліфікаваны, мэбля ў нумарох недарэчная, прыбіраюцца кепска, садавіна нясмачная, вада ліецца ў ванным пакоі жорсткая і з хлоркаю. Ніндзя ўсе моўчкі слухаў, слухаў, назіраў і нават не ўсьміхаўся… І ў гатэлі ўжо пачалі верыць у тое, што Хундзя мае сур’ёзную вагу перад Ніндзем і што палова працаўнікоў дакладна паляціць праз адчыненыя наросхрыст дзьверы проста на вуліцу.
Усе астатнія шэсьць дзён Хундзя ныла і скуголіла, вонкі не выходзіла, бо ёй было халодна і не падабалася, як выглядаюць людзі навокал… І нарэшце зьехала, і ўсё супакоілася… Ніндзя павесялеў, ізноў беларускіх прастытутак замовіў на вечар, шчасьце прыйшло ў гатэль, і ўсе засталіся жывымі, бо, як сказаў па сакрэце самы блізкі сябра Ніндзі Асамкацін мэнэджару Міхаліне, калі яны сядзелі ў холе: “Ніндзя ненавідзіць сваю старэйшую сястру зь дзяцінства, лічыць яе тупой скацінай, якая яшчэ ў школе зь яго зьдзеквалася, і яна ня мае ніякага дачыненьня да яго бізнэсу, акрамя як сваяцтва, таму Ніндзя яе проста моўчкі слухае і чакае, калі тая нарэшце зьедзе ў Нью-Ёрк, у гатэль, які ён ёй падарыў. Ты разумееш, Міхаліна, што збольшага яна так сябе наўмысна паводзіць, ёй хочацца мець вагу ў грамадзтве, а Ніндзя гэта добра разумее і таму маўчыць, каб яна нарэшце праз сваю злосьць атрымала сьмяротны ўдар”.
Міхаліна нічога не адказала. Яна была проста радая, што ўсё закончылася.