Звычайна кухараў бяруць з каледжаў, і ад іх не патрабуюць высокага палёту. Яны павінныя стандартна гатаваць тое, чаму навучаныя. Вядома, яны падпрацоўваюць памагатымі на кухні шэфаў, але асноўны працоўны час праводзяць сярод вялікіх рондаляў і тлустых жароўняў.
Стандартная ежа для пэрсаналу вельмі простая: макароны, катлета, салата, часам замест катлеты філе рыбы, калі ўсё кепска – вараныя сардэлькі, замест макаронаў можа аказацца бульбяная каша. Салаты амаль заўсёды патрабуюць заставацца лепшымі: кіслая капуста альбо вараныя буракі пад маянэзам. Зразумела, ніхто ня скардзіцца на бясплатную ежу, але вось у чым цымус. Калі ў сталоўцы зьяўляюцца туркі – а есьці яны ходзяць у той жа час, што й беларусы, але заўсёды зьбіраюцца вялікай кампаніяй, – кудысьці зьнікаюць танныя сардэлькі і макароны, бо туркам заўсёды накладваюць кашэрнае мусульманскае: тушаную ялавічыну, нейкую ўсходнюю кашу… Усе паглядаюць на іх талеркі з зайздрасьцю, нават на кароткі тэрмін хочацца таксама апынуцца туркам, каб пакаштаваць, чым яны насычаюцца.
Зразумела, што калі б у сталоўцы абедаў дырэктар і ўвесь кіруючы галоўны пэрсанал, сталоўка падавала б іншыя стравы, і штосьці было б за грошы, гэта дакладна, але калі нічога асаблівага няма і прапанаваць ніхто няздольны, усё, на што разьлічваеш, накіроўваючыся падсілкавацца, гэта культура. Ад кухара, які таксама і на раздачы, залежаць галоўныя прынцыпы твайго насычэньня. Бо калі кухар падае табе талерку з першым і другім, ты не чакаеш выкшталцонага смаку ежы, але чакаеш сяброўскай усьмешкі, прыязнага стаўленьня, бо калі ўсё кепска з харчамі – няхай хоць будзе сьветла на душы.
У гатэлі ўсе любяць хадзіць у сталоўку на выходных, бо на раздачы звычайна хто-небудзь з пасудамоек, а гатуе хтосьці з галоўных памагатых шэфа, таму і ежа больш разнастайная, і цёплай выглядае, і колер у яе больш вясёлы, дый пасудамойкі шчырыя і накладаюць ад душы, усьміхаюцца і лёгка могуць запакаваць абед з сабою, для кагосьці з пэрсаналу, хто праз сваю працу не пасьпявае зазірнуць паесьці з 12:00 да 14:00. Выходныя мінаюць хутчэй, і выходныя не пакідаць пасьля сябе кепскага асадку, як у працоўны дзень, а ўсё менавіта праз кухарку, якая працуе галоўнай і адказнай за ежу для калегаў.
Лідзія Мікалаеўна, альбо проста Лідзія, маладая прыгожая жанчына з кароткай фрызурай, чорнымі валасамі і прыўкраснымі чорнымі вачыма, глыбокімі, яскравымі, чароўнымі. Як толькі яна прыйшла працаваць, усе мужчыны танчылі перад ёю: “Дзякуй за смакату, прыгажунька!”, “Дзякуй, гаспадынька!”, “Вялікі дзякуй…”
Лідзія гатавала, як звычайна, як усе абвыклі: катлета, макароны, капуста, суп, кампот… Але якія ў яе прыгожыя вочы, якая яна страйнюткая, здаецца, яна цябе зараз абдыме і пацалуе… Усе вар’яцелі, а Лідзія на падзякі толькі галавою ківала і ўздыхала, паказваючы, што цяжка працуе: вакол рондалі па пяцьдзясят літраў супа, бідоны з кампотам, мэтровыя жароўні з катлетамі, а яна – прынцэса сталоўкі.
Першыя месяцы Лідзія толькі вочкамі хлопала, чакала дня, калі падпіша кантракт і ў яе зьявяцца пэўныя гарантыі застацца на працы. І такі дзень настаў. Сваю дамову падраду яна выкінула ў сьметніцу і дома ў тэчку з дакумантамі схавала кантракт на год: цяпер яе проста так не выганяць.
І на наступны дзень усё зьмянілася. Адзін з працаўнікоў бару прыйшоў першым у сталоўку, папрасіў сабе порцыю і яшчэ тры з сабою… – Я тут вам што, абавязаная навальваць ежу з сабою, калі ў мяне чарга?! – абурылася Лідзія голасам далёкім ад прыгажосьці яе вачэй.
– Тут няма чаргі, і я бяру для сваіх, хто ня можа падысьці ў гэты час на абед!
– Бляха, як мяне вы ўсе дасталі! – і Лідзія ляпнула па рондалі з макаронамі раздатачнай лыжкаю, тая адляцела ўбок і раскідала колькі макарошак па іншых стравах. – Бляха!… – паўтарыла кухарка.
Празь некалькі тыдняў ужо ніхто нічога не казаў у сталоўцы, не было чуваць словаў падзякі і вітаньня, Лідзія зрабілася злоснай жанчынаю, якая не адпускала ежу з сабою, і калегі пачалі заўважаць, што кіслая капуста ў панядзелак, якую ніхто ня еў, бо тая на смак была як ссакі, на наступны дзень ператваралася ў такі ж нясмачны суп… На просьбу хутчэй пакласьці ежу, яна магла падняцца са стала, з-за якога цяпер не выходзіла і толькі ела, і сказаць: “Я таксама маю права на абед, вмежду прочым!”
Хамка, непрыемная жанчына, і бляск ейных вачэй цяпер не выглядаў прывабным, і нават мініяцюрнасьць цела здавалася гномскай, і маленькія пальчыкі цяпер выглядалі звычайнымі зваранымі сардэлькамі.
Адміністратары