Адміністратар – гэта праца, альбо скажам так – працоўная адзінка, якую часта не заўважаюць у гатэлі. Так, адміністратар – твар прадпрыемства, гатэля, салёна і любога фітнэса, але ў той жа час, калі няма адміністратара, любы іншы супрацоўнік можа яго замяніць, бо адукацыі, каб адказаць на званок, мэйл альбо пагутарыць з замоўцам ці кліентам, ня трэба, тым болей прабіць чэк на касе. Замяніць бармэна цяжэй, замяніць хостэс-пэрсанал нашмат цяжэй, ніж адміністратара, таму на гэтую, так бы мовіць, пасаду прыходзяць дзяўчаты, якім трэба неяк заняць вольны час між лекцыямі і плянамі на будучыню. Я ня ведаю ніводнага адміністратара, які б мэтанакіравана ішоў працаваць адміністратарам, добра разумеючы, што гэта і дзеля чаго, акрамя, магчыма, Юліі Цімафееўны, якая ведала, што будзе мэнэджарам спа толькі пасьля таго, як адпрацуе адміністратарам добра і якасна колькі год.
Без адміна ўсе працуюць такім жа чынам, як і зь ім, гэта калі мы ня ўлічваем маладых спэцыялістаў.
Сярод адміністратараў сустракаюцца кардынальна розныя асобы, пачынаючы ад зусім дурных і недалёкіх, якія з нацяжкаю скончылі дзевяць клясаў і, ня ведаючы, што рабіць, чакаюць, калі іх хлопцы вернуцца з войскаў і яны будуць нарэшце сядзець дома і варыць баршчы, і заканчваючы таленавітымі дзяўчатамі, якія сьпяваюць у барах у вольны час, вучацца завочна на праграмістаў і мараць жыць у Парыжы. Гэты кантраст уражвае, і дзяўчаты, калі ты на адным месцы працуеш даволі доўга, вельмі хутка зьмяняюць адна адну перад тваімі вачыма.
Вось у гэтым годзе ўсё лета запар адпрацавала Кацярына, пякельная дзяўчына, нарадзіла прыгожую дачку, цяпер жадае зь верасьня вярнуцца ва ўнівэрсытэт. Муж у яе ня вельмі прыгожы, затое заможны, сама яна брунэтка, любіць успамінаць тыя часы, калі зь сяброўкамі хадзіла ў Журавінку, круціла хвастом і забаўлялася… Цяпер вось адміністратарам працуе і заўсёды трымае на працоўным месцы пітны ёгурт… ой, прабачце, гэта ж ня пітны ёгурт, гэта ж “Блэк лэйбл” зь яблычным сокам. Кацярына, вы хітрая ліса! “Ды ну вас, шаноўны, хадземце, і вам крыху “гарбаткі” з баначкі налью”.
А была іншая дзяўчына Ніна. Бацька ў яе зь Індыі, багаты вельмі, ня даў Ніне вучыцца, адразу сказаў, каб пайшла працаваць адміністратарам, бо ён для яе набыў цырульню – гэта падарунак на дваццаціаднагодзьдзе – і падорыць ёй праз паўгады, няхай набіраецца досьведу кіраваць пэрсаналам. Ніна была такая тупая, сур’ёзна, яна была зусім пустая… глядзела, калі ёй здавалася, што ніхто ня бачыць, “Дом 2”, перапісвалася са сваім хлопцам, які, дарэчы, нідзе не працуе, але месяц таму набыў новы джып… Аднойчы з нумару ў спа спусьціўся малады немец і пачаў ёй тлумачыць на ангельскай, з акцэнтам, што ў яго пад правым вокам, вось, бачыце – фінгал з талерку, і яму яго трэба нечым замазаць, можа ў каго з касмэтолягаў ёсьць танальны крэм? “Альбо ў вас, паважаная? Бо я толькі што прачнуўся пасьля п’янкі, нягожа так вось ісьці ў горад!” Ніна доўга на яго глядзела і сачыла за яго рукамі, як ён кранае вока і лоб… і запыталася: “Я не разумею, вы хочаце, каб касмэтоляг вышчыпаў вам бровы?”
Марынка была жваваю дзяўчынкай, на месцы не сядзела, гарэла, палала, кудысьці вечна бегла… Тэлефон у яе званіў суткі навылёт, яна пэрманэнтна перапісвалася з хлопцамі ў “кантакце” і “аднакласніках”, на “гэамэрыі” шукала свае фоткі, на працу часта спазьнялася альбо ўвогуле не прыходзіла, мела плянаў на будучыню – нуль, не вучылася, але марыла пра майбах і клёвага пацана. Зразумела, што Марынка ў гатэлі была яскраваю зоркаю і зьзяла роўна месяц. Але як! Зьзяла яна прыўкрасна: запарола ўезд тром кліентам, на спа няправільна запісала сямейную пару з Масквы на малочную ванну, тыя прыехалі – і аблом… Карацей, Марынка хутка зьнікла з далягляду і цяпер час ад часу трапляецца некаторым былым калегам у сацыяльных сэтках: вось яна на party in «Дозари», вось яна на afterparty зь нейкім чорным мужчынам на open-air near «Юность»…
Амаль шэсьць месяцаў на пасадзе адміністратара працавала Сьняжана, і трэба сказаць, што так доўга тут яшчэ ніхто не працаваў. Сьняжана была дзелавою дзяўчынаю, такой дзелавою, што яе дзелавітасьць занадта выпірала, і гэта я не пра грудзі, але пра ейны носік, які цікавіўся ўсім, што адбывалася вакол і ня толькі ў межах яе працы. Сьняжана жыла з мужчынам, які быў у паўтара разы старэйшы за яе і працаваў у кдб. Вядома, дзяўчына, якой стукнула дваццаць адзін і якая прыехала з Мядзеля вучыцца, сустрэўшы такога крутога мужыка, цьвярозым рашэньнем кінула вучобу й пайшла працаваць. Усё! Ахтунг усім – я дарослая! Сьняжана пачала паўтараць за сваім мужчынам узор паводзінаў і пралічылася. Мужчына яе зусім не цаніў, часта не прыяжджаў ночыць, некалькі разоў выганяў яе з дому… Тая, у сваю чаргу, на працы спрабавала адносіцца да сваіх калег так, як да яе ставіцца кэдэбэшнік – дамінаваць і прыніжаць… Але ня доўга. Неяк яна абразіла і паслала супрацоўніка толькі таму, што гутарыла са сваім мужыком па мабілцы, а той хацеў заняць яе месца перад кампом. Абразіла яго моцна і пры сьведках. На наступны дзень Міхаліна вырашыла яе звольніць, бо гэта была ўжо пятая скарга на некампэтэнтнасьць Сьняжаны. Тая не разгубілася і пайшла да Гнюсэля абражаць і выстаўляць дурнямі Міхаліну, Юлію Цімафееўну і ўвесь пэрсанал хостэсу разам з хостэс-кіраўніком Ігарам Раманавічам. Але Гнюсэль таксама ня просты чалавек, ён яе выслухаў і сказаў: “Я не разумею, ты толькі што заклала ўсіх сваіх калегаў, выставіла іх усіх ідыётамі і хочаш, каб я вярнуў цябе на працу? Ты звар’яцела, ці што?! Прэч адсюль!”