Выбрать главу

Дырэктар міжнароднай сэткі гатэляў адмовіўся вяртацца дамоў, адмовіўся ехаць да сям’і, сказаў, каб яго цела перавезлі ў гатэль, ён хоча быць бліжэй да маладосьці, хоча адчуць, хоць і ў апошні раз, свой статус “босфрэнда”, як ён любіў казаць у мінулыя часы, калі ішоў падскокваючы за чарговай дзяўчынкай: “Хочаш, каб я быў тваім босфрэндам, дарагая? Гэта зараз модна сярод дзяўчат! Я буду рабіць кожны дзень табе падарункі, глядзі, зараз у маёй руцэ гадзіньнікі…” Ну як тут не спыніцца, не зірнуць хаця б на падарунак… Босфрэнд!

На жаль, час ідзе, і гэта – удар, а потым сьмерць – мусіла б быць лягічным завяршэньнем і так звышяскравага і багатага жыцьця… Але Ніндзю прывезьлі ў ягоны нумар, ён там паспаў, паляжаў пад кропельніцай і наступным вечарам напаўляжаў на сваёй каталцы ў бары і ў вачах ягоных іскрыла і бляск ішоў такі, што любому станавілася зразумела: гэты чалавек так проста ня сыдзе, ён закаханы ў жыцьцё, у свае грошы і беларускіх дзяўчат, ён зробіць усё, каб падоўжыць сваё існаваньне яшчэ на колькі год. І надышоў дзень, калі Ніндзя сказаў, што хоча дадому… усе гэта зразумелі як апошняе жаданьне чалавека, які ўжо шчыльна наблізіўся да сьмерці, але Гнюсэль падазрона зьехаў на лячэньне і самы блізкі сябра Асамкацін зьляцеў… Тое, што Ніндзя едзе ў нейкую сакрэтную клініку, ведалі толькі гэтыя двое мужчын, таму ў гатэлі кожны дзень усе чакалі, калі абвесьцяць траўр па памерлым гаспадары. Але траўр ніхто не абвяшчаў, ішлі тыдні… Вось прыехалі Гнюсэль – бадзёры і расчырванелы, Асамкацін – загарэлы да карычневай корачкі і патаўсьцелы яшчэ на пяць кіляграмаў… Гатэль вярнуўся ў свой звычайны працоўны стан: фірмовая ўсьмешка на рэцэпцыі, шчырыя афіцыянты, бадзёры абслугоўваючы пэрсанал.

Мінула пяць месяцаў, у гатэлі ўжо абвыклі жыць безь дзядулі, як раптам ягоны самалёт нечакана прызямліўся ў аэрапорце Мінск–1.

Міхаліна на курылцы сказала, што едзе Ніндзя, і ўсе пачалі яго чакаць, уяўляючы, як гэтае старое цела з кропельніцамі й пад пледамі прывязуць у ягоны нумар, як трэба будзе за ім даглядаць… Відаць, месцам сьмерці Ніндзя абраў менскі гатэль, ну нічога, хоць чымсьці будзем вядомыя ў сьвеце.

Машына пад’ехала да цэнтральнага ўваходу, дзьверы адчыніліся і на ходнік скокнуў стары мужчына, выгладам каля сямідзесяці, жвавы, усьмешка на ўвесь твар, зубы новыя, нават валасы на патыліцы зьявіліся, цёмныя… Ніндзя скінуў колькі кіляграмаў і каля двух дзясяткаў год, ружовашчокі, сьвежы, нават ніколі б і не сказаў ніхто, што гэты трухлявы пянёк паўгода таму на сваім васьмідзесяцішасьцігодзьдзі атрымаў абшырны ўдар і ляжаў гароднінай…

Ніндзя празь дзьве прыступкі ўляцеў у гатэль, сказаў ахоўнікам, што ідзе ў нумар – душ, пераапрануцца – і пасьля хоча есьці і бачыць перад сабою дырэктара і ўсіх мэнэджараў, пачынаючы ад спа і заканчваючы рэстарацыямі, барамі й казыно.

Людзі пачалі цікавіцца, бо, як вядома, за любым цудам стаіць шэраг падзеяў і крокаў, якія робяць цудам штосьці звычайнае. Адзін з праграмістаў адшукаў інфармацыю, прычым даволі таямнічым шляхам, што Ніндзя, як і іншыя мільярдэры ў сьвеце, маючы грошы, ня толькі кіруюць папуляцыяй сьвету праз вакцыны, як Біл Гейтс, але ім даступны ўсе супэрмэдычныя рэчы і экспэрымэнтальныя пігулкі, пра якія звычайныя сьмяротныя ніколі не даведаюцца. Праграміст распавёў на курылцы, што, магчыма, Ніндзя прайшоў ня проста нейкі ўзмоцнены курс тэрапіі ствалавымі клеткамі, магчыма, прэзыдэнт сеткі гатэляў скарыстаўся апэрацыямі па перасадцы органаў, бо гэткім чынам нашмат хутчэй стаць на ногі. Сярод пэрсаналу дакладна лічаць, што сэрца ён сабе памяняў, бо столькі віягры можа вытрымаць толькі маладое юнацкае сэрца.

Касмэтоляг

Касмэтоляг на прозьвішча Чайкоўская ў гатэлі самая папулярная, нягледзячы на тое, што працуе ў штаце зь яшчэ трыма спэцыялістамі. Чайкоўская стаіць асобна ад сваіх калегаў выглядам і стаўленьнем да жыцьця. Чайкоўская – за сьпінай яе празвалі Гадзіла – самая сапраўдная хвароба й перабольшаньне ўва ўсіх сэнсах гэтых словаў, калі пытаньне датычыць ботэксу. Колькі разоў яна не зьяўлялася на карпаратывах – на ўсіх групавых і асобных фотаздымках яна выглядае як сьмерць, выглядае як прыклад таго, што НЕЛЬГА РАБІЦЬ СА СВАІМ ТВАРАМ! Гэта ніякім чынам не спалучаецца зь яе прафэсіяй, бо яна мусіць рабіць людзям чыстыя і прыгожыя твары, аднак замест гэтага спакушае ўсіх на тое, каб пакалоць лоб, бо зморшчынкі на ім, альбо запампаваць колькі спэцвадкасьці ў верхнюю губу. Чайкоўскую шчыра ўсім шкада. Нават калі яна праглядае фоткі ад гатэльнага фатографа праз унутраную рассылку для працаўнікоў, так бы мовіць справаздачу па тым, як адарваліся на агульнай п’янцы і дзе яна сапраўды здольная напужаць каго заўгодна, толькі прамаўляе, скрушна так: “Ну я ж казала, што мяне трэба фоткаць бяз выбліску!”