Гэтае абсурднае стаўленьне да сваёй зьнешнасьці: скура па краёх вачэй нацягнутая такім чынам, што нават калі Чайкоўскую асьляпляюць падчас фотаздымка, яна застаецца з напаўрасплюшчанымі вачыма, альбо яе вусны – гэта асобныя выспы, якія захрасьлі ў возеры ботэкса, які падцягвае скулы і робіць іх гэамэтрычнымі… верхняя губа – апошні віскат (ну праўда што!) моды – заячая… грудзі, Бог мой! Грудзі – два вялікіх баскетбольных мяча!
І як бы Чайкоўская ні імкнулася падцягнуць скуру ў свае пяцьдзясят два гады, яе выдаюць старыя рукі…
Чайкоўскую напэўна шкадавалі б і добра да яе ставіліся б, калі б тая сама супраць сябе не паставіла людзей, і, нягледзячы на тое, што працуе яна шмат і кожны дзень у яе “пад завязку”, гэта ўсё кажа толькі пра тое, што сучаснасьць стварыла з жанчын тупых кароў, якія прыходзяць у гатэльны спа і сядзяць у чэргах, каб зрабіць не, ня пілінг і не амаладжальную маску, але адразу ўколы ў патрэбныя месцы. І тут я не кажу ўжо пра ўзрост, на які можна ставіць зьніжку праз маразм альбо яшчэ штосьці, я тут кажу пра маладых авечак, якім у сярэднім ад дзевятнаццаці да дваццаці пяці і якія, аднойчы трапіўшы на чыстку свайго юнацкага твару, патрапілі пад уплыў гэтай далёка не музычнай жанчыны.
– Ой! А што ж гэта ў вас з вуснамі, даражэнькая, зусім танюткія, бледныя і збоку нават нябачныя… Так ня пойдзе, трэба вам прыгожанькай быць, жаніха багатага знайсьці… А вось яшчэ, вось самі паглядзіце ў люстэрка… Бачыце – на лобе ажно тры гарызантальныя складкі! Гэта жах! – і Чайкоўская кладзе дзяўчо на мэдычны ложак, дастае аднаразовы шпрыц і заганяе спачатку ў лоб, а потым у верхнюю губу прывабнай, нават пякучай дзяўчыне стандартныя кубікі ботэксу… І вось праз некалькі сэансаў дзяўчо можа ісьці па вуліцы і вам падасца, што вы зь ёю знаёмыя, але насамрэч усё тлумачыцца тым, што Чайкоўская, як і большасьць такіх касмэтолягаў, коляць твар аднолькавым чынам і надаюць усім аднолькавыя рысы, і рысы гэтыя называюцца моднымі.
Да прыкладу, дачцэ Чайкоўскай на дадзены момант васямнаццаць. Калоць ботэксам маці пачала яе зь сямнаццаці.
Чайкоўская нават здолела Марыну, цырульніцу-баптыстку, уламаць на тое, каб яна прайшла “тэрапэўтычны” ботэкс скулаў.
Чайкоўская – д’ябал сучаснасьці. Да яе на прыём, які каштуе адну чацьвёртую заробка прыбіральшчыцы, ходзяць самі прыбіральшчыцы! Бо Чайкоўская не супакойваецца нават у сталоўцы, куды завітвае папіць кампоту, бо яна не ўжывае нічога мясцовага, і, стоячы ў чарзе альбо седзячы за сталом, бярэ ў палон усіх, хто ў радыюсе яе выцягнутай рукі…
Што будзе з маладымі дзяўчатамі празь пяць год, уяўляць ня трэба, бо ў гатэлі працуе яскравы прыклад чатырохгадовай працы Чайкоўскай – твар афіцыянткі Лены, якая пачала калоцца ў дваццаць год.
Лена трапілася на вочы Чайкоўскай праз сваю прастую і праз гэта каштоўную прыгажосьць і танюткасьць. Лена празь дзень бегае ў сваім спальным двары, праз два наведвае салярый, сама яна цёмнавалося, але носік яе спрэс у рабацінках і гэта неверагодна прыгожа, грудзі ў яе пргукія, і, калі яна не ў працоўным строі, то ёсьць магчымасьць ацаніць загарэлую скуру грудзей яшчэ глыбей… Попа падцягнутая, рост мэтар восемдзесят, жыве Лена з хлопцам, зь якім пачала сустракацца яшчэ ў дзясятай клясе, марыць пабрацца зь ім і быць для яго самай прыгожай і адзінай на сьвеце. І ў Лены ёсьць адзіны вялікі мінус – яна даверлівая і вельмі загонная па сваёй зьнешнасьці.
Цяпер Лене дваццаць чатыры – з хлопцам разышлася тры гады таму… Усё яшчэ бегае ў сваім двары, усё яшчэ ходзіць у салярый, усё яшчэ на носіку рабацінкі, але ці тыя гэта рабацінкі, якія былі?! Не! Маленькія прывабныя кропачкі нейкім чынам ператварыліся ў плямкі, лоб, які раней так прыемна было разглядаць, а ейнаму хлопцу – цалаваць, цяпер ня тое што ня мае звычайных зморшчынак, якія б надавалі твару міміку, лоб ад ботэкса наліты, цяжкі, сьвінцовы, і, калі Лена зьдзіўляецца, у яе нават бровы не падскокваюць, бо ўсё замарожана і адмарожана вышэй вачэй… Вусны – асобны прадмет на твары, яны моцна пасунуліся наперад, набылі перасьпелы чырвоны колер і штохвілінна ільсьняцца, бо Лене сказалі, вусны модна мазаць бляскам, каб яны заўсёды былі вільготнымі, але гэта ўсё глядзіцца, быццам бы ў Лены на твары ўзбуджаныя полавыя губы… Скура празь вялікую колькасьць пілінгаў заўсёды звышсухая і сыплецца кавалкамі на адзежу і на грудзі. Лена апрацоўвае шчокі танальнікам, але танальнік скатваецца ў камякі, бо скура адпілінгаваная на гады наперад… Агульны колер Лены – гэта ўжо далёка не загарэлы салярый, яна падобная чымсьці да сьветла-карычневай бульбіны зь цёмнымі плямамі….