Лена больш не прыгожая, і гэта яскравы факт ператварэньня… “І што далей зь ёй будзе?” – пытаецца Лена ў сябе. Пытаюцца і супрацоўнікі самі ў сябе, калі бачаць яе… Ніхто ня ведае, што зь ёй будзе, але дакладна вядома толькі, што яна запісалася на новую праграму амаладжэньня… Так, сапраўды! На новую праграму амаладжэньня! У свае дваццаць чатыры яна, пазіраючы на гэты сьвет тварам саракагадовай жанчыны, якая праз злоўжываньне алькаголем пасьпела апухнуць, як раскіслая гумка для мыцьця посуду, усё-ткі адважылася на амаладжэньне.
Кліенты
Акідваючы позіркам звонку шараговы гатэль, галоўнае пра ўсіх успомніць, асабліва пра тых, на каго мала хто зьвяртае ўвагу. Гаворка ўласна пра кліентаў. Кліент для гатэля мае іншае значэньне, ніж нейкі працаўнік, але, як па мне, кліент гатэля – гэта акурат ягонае аблічча, гэта твар сэрвісу, гэта тое, па кім варта было б прызначаць зоркі, бо толькі ад гатэля і ягонага пэрсанала залежыць, як да яго паставіцца кліент і як ён сябе будзе паводзіць: хаміць на лобі-бары ў халаце й аднаразовых тапках а дзявятай раніцы, патрабуючы алькаголю, які наліваюць толькі аб адзінаццатай (любімы ўзор паводзінаў расейцаў), альбо, седзячы ва ўтульным фатэлі, закінўшы правую нагу на левае калена, жаваць у роце цыгарылку, піць сьвежавыціснуты сок і чакаць той самай кавы, якую ты любіш, і ня дай Божа ім памыліцца! Зразумела, што абодва гэтыя прыклады не надаюць павагі гатэлю, бо ў першым варыянце мы бачым хутчэй танныя апартамэнты, а ў другім – пэрсанал, які ліжа яйцы сваім кліентам.
Мой гатэль збольшага трымае сваю марку на ўзроўні сярэдняга, то-бок у халаце ёсьць магчымасьць хадзіць па нумарох, калідорах і нават зазіраць у некаторыя канфэрэнцзалі, але ніякім чынам вы ня трапіце ў такім выглядзе ў бар альбо ў цэнтральнае фае. Але й кліентуры тут няма такой, каб хаміла альбо крычала, што гатэль тут існуе за яе кошт; гэта ўласьціва толькі самі ведаеце каму. Але адначасова, працуючы з людзьмі, якія сапраўды ня толькі дайшлі ўласнымі нагамі да фінансавай незалежнасьці і астатняга вынікаючага, абавязкова трэба мець гонар і такт, якога не аказалася ў дырэктаркі спа Антаніны Вацлаўны. Але аб усім пасьлядоўна.
Сталай наведніцай басэйну, фітнэс-залі й касмэтоляга зрабілася адна непрыкметная жанчына, сьціплая, культурная, але пры размове зь ёю заўсёды адчуваецца моц, унутраны стрыжань і талент падаць сябе толькі з лепшага боку, напрыклад, калі вам заўсёды перад ёю хочацца выслужыцца проста так, проста таму, што яна такая сама па сабе ўся неверагодная, жанчына форс-мажор. Завуць яе Антаніна Буйніцкая, і яна дакладна ведае, калі вы гатовыя выканаць для яе сваю справу файна альбо вы проста звычайная пракладка зь ейнага сподняга.
Антаніна вельмі лёгка і хутка пасябравала з усім пэрсаналам гатэлю, увайшла ў давер да такога стану, што пры яе прысутнасьці мэнэджары не баяліся абмяркоўваць праблемы жыцьця гатэля: у фітнэсе прарвала трубу з гарачаю вадою, у душавых басэйна кафля згніла й адвальваецца, у саўне перад уваходам у жаночую частку адна турыстка ўпала на мокрай падлозе, у яе адразу парваўся гэты танны аднаразовы гатэльны тапак і тая паламала нагу і мезенец на левай руцэ, у жаночай распранальнай з шафы скралі 200$ даляраў і цішотку “Дольчэ і Габана”, а камэра, якая глядзіць на дзьверы распранальні, ужо два гады як не працуе, на лобі замест “фінляндыі” ў кактэйлі наліваюць “на-бярозавых-пупырышках”… Буйніцкая слухае, падказвае, кпіць, жартуе і часам штосьці раіць, але звычайна супакойвае: “Не пераймайцеся, жыцьцё вартае іншых перажываньняў!” І вось на спа завезлі абсталяваньне, супэрсучасны лазэр, які выдаляе ня толькі валаскі на целе, але робіць вас адразу маладзейшаю на пяцьдзясят год, дастаткова на яго толькі аднойчы паглядзець! Антаніне касмэтоляг Чайкоўская адразу прапанавала новую паслугу, але папярэдзіла, каб тая мела на ўвазе, што ліцэнзіі на абсталяваньне няма – не даюць, бо мы тут не мэдычны цэнтар, таму паслуга толькі для самых набліжаных пэрсон. Антаніне гэтая прапанова спадабалася, і лазэр спадабаўся, ды й сама Чайкоўская спадабалася, бо выглядала неяк больш натуральна, ніж раней, можа быць, даўно не калолася ботэксам.
І вось выйшла Антаніна, уся зьзяе лазэрным шчасьцем і падыходзіць на рэцэпцыю, каб разьлічыцца, а яе адпраўляюць дадому, кажуць, потым грошы, спачатку справа і дадому.
Праходзіць некалькі тыдняў, і раптам Антаніне па тэлефоне паведамляюць, што яна павінная спа-цэнтру ў гатэлі тры тысячы даляраў. Буйніцкая прыяжджае ўся ў пэне, як быццам галопам дабірался. Усчыняе сварку, патрабуе падрабязнасьцяў. І ёй распавядаюць, што яна скарысталася звышкрутым лазэрам ажно дзесяць разоў, і быў нядаўна пералік, і новы прайс, і вось ён – вынік. Буйніцкая патрабуе больш дэталёвага тлумачэньня і дырэктара.