Прыходзіць Ніяцкая і з парогу, ня ведаючы ані тонкасьцяў, ані дробязяў, адразу да сьценкі неплацельшчыцу і вымагае ад яе разьлік!
Антаніна моўчкі расплочваецца і сыходзіць, а праз тыдзень зьяўляецца ўжо ў іншым выглядзе, як галоўны інспэктар Міністэрства аховы здароўя РБ, і прыяжджае яна з незаплянаванаю праверкаю па ўсіх зонах адпачынку наведнікаў: спа, фітнэс, басэйн і салён. У гатэлі – проста ціхі гвалт усіх, пачынаючы з дырэктара гатэлю Гнюсэля і заканчваючы пакаёўкаю Настаю і рознарабочым Ванем… Усе стогнуць, усім цяжка і кепска, усіх ванітуе ад гэтых жорсткіх пранікненьняў, але трываюць, нават Ніяцкая цішэйшаю стала, усьміхацца пачала проста так і хаду зьмяніла, крыху ссунулася плячыма наперад, быццам бы крыху кланяецца альбо моліцца… Невядома.
Ці іншы прыклад. Завітала неяк пафарбавацца да стыліста Віталя Кацярына Шпакоўская, жанчына сярэдніх гадоў. Рухі рук, ног, цела, паварот галавы – як у коткі, хада мяккая… Віталь яе прыкмеціў адразу, і трэба сказаць, што калі ўжо хто падабаецца гэтаму майстру, то ў яго адразу зьяўляецца жаданьне зрабіць такой кліентцы ўсё так хораша, каб ажно яна была на сёмым небе ад шчасьця.
Кацярына сапраўды засталася вельмі задаволенаю ўсім – і колерам, і фрызураю, і новым сяброўствам. Віталь увесь час, што зь ёю працаваў, ніяк не адважваўся запытацца адкуль яна, бо такі ўжо быў у яе прыемны акцэнт, так яна соладка прамаўляла словы, што хацелася іх слухаць вечна. Кацярына бачылася яму пекнаю літоўкаю, латвійкаю, полькаю, эстонкаю, чэшкаю, жанчынаю з Францыі… І, нарэшце, на пытаньне адкуль яна, Кацярына адказала што зь Нямеччыны, з Баварыі. Яна дамовілася, што заўтра прыйдзе яе муж.
На наступны дзень у Віталя стрыгся Іван, муж Кацярыны, гутарылі яны душэўна, Віталь распавядаў яму пра сваю працу і дзіўных людзей, Іван кпіў са сваіх знаёмых, якія дзейсьці ў жыцьці сьмешна стрыгліся альбо траплялі да п’яных майстраў. І тут Віталь успомніў пра свае падарожжы па Эўропе і запытаўся ў Івана, як ім жывецца ў Нямеччыне і як адбылося яго знаёмства з жонкаю.
Іван не адразу зразумеў пытаньне, але потым да яго дайшло, і ён прамовіў: – Няўжо ты ў мяне пра гэта пытаешся праз маю дуру Кацю?! Мы, блядзь, былі ў Мюнхене дзесяць год таму, езьдзілі на тры тыдні, дык яна, тупая курыца, вырашыла, што ў яе зьявіўся акцэнт! Яна, блядзь, яго атрымала ў Баварыі! Слыш, Віталь, не, ну ты разумееш гэта?! Мы, блядзь, палову сьвету аб’ехалі, а яна акцэнт баварскі падчапіла!
І неяк усё зачараваньне жанчынаю Кацярынаю зьнікла, растварылася ў паветры, і цяпер вобраз Шпакоўскай перад вачыма цырульніка-стыліста выглядаў бляклай выявай дурной бляндынкі-ідыёткі.
У гатэлі вашыя асабістыя справы па праўдзе нікому не цікавыя, усьмешкі абсалютнай большасьці – расьцягнутыя ў розныя бакі чырвоныя пасткі, пасярод якіх – белая агароджа зубоў, якая ніколі вас ня пусьціць унутр. Калі пасярод дзявятай раніцы ў гатэлі ў спа зьяўляецца маленькая дзяўчынка… ну як маленькая – адзінаццаць год, разам са сваёй сяброўкаю, абедзьве выглядаюць так, быццам бы абрабавалі шафу старэйшай сястры альбо маці: абцасы на два памеры большыя, кароткая спадніца, блюзка з дэкальтэ, адкуль нічога “пад дэкальтэ” не праглядаецца. Панядзелак, 9.30 раніцы, сакавік… Ну што, пытаньне ўжо зьявілася? Так! Дакладна! Што гэта дзьве малыя робяць у пяцізоркавым гатэлі і чаму выглядаюць як малпы, да таго ж пасярод вучэбнай чвэрці!?
Люба любіць завітваць у спа кожны тыдзень, бо сачкаваць – гэта файна, а калі атрымліваецца зьбегчы разам з новаю сяброўкаю, яшчэ круцей! Грошы на пэрсанальную картку Люба атрымлівае кожную пятніцу, тата вельмі яе любіць, а Люба, як яна кажа, з усіх сясьцёр самая малодшая, але й самая разумная, бо ведае, як папрасіць у бацькоў крыху грошай. Сёньня яна мусіць заплаціць дзевяцьсот баксаў за комплекс абслугоўваньняў, і гэта разам з сяброўкаю, на гэтым тыдні – Веранікай, бо Люба ня надта добра ладзіць з аднаклясьніцамі, а дакладней, расьце сапраўднаю курваю, з дармовымі грашыма, прагаю да ўсяго дарагога і каб перад іншымі дзяўчынкамі была магчымасьць выхваліцца й паказаць усю сваю раскошу, а дакладней – свавольства бацкавых грошай.
І ніякіх тут пытаньняў, бо дзевяцьсот даляраў за тры гадзіны на спа будуць вельмі дарэчы, не істотна, ад каго і зь якой карткі, мы прымаем любыя сродкі аплаты, хоць вэбмані!
Прастытутка
Ніводны гатэль не жыве без жанчын лёгкіх паводзінаў. Калі іх прыбраць, зьнікнуць атмасэфра жыцьця, дынаміка развіцьця вечару і гатэль лёгка ператворыцца ў будынак з пакоямі, каб проста пераночыць і нічога цікавага.