Кожны гатэль мае ўласных і непаўторных начных жанчын, і ўсе яны абсалютна па-рознаму ставяцца як да сваёй працы, так і да свайго жыцьця. Зразумела, што жанчына, якая бярэ грошы за сэкс, не заўсёды філёзаф, але сярод іх магчыма спаткаць нашмат больш разумных і разважлівых жанчын, чым, напрыклад, у ін’язе. Жыцьцё дае ім досьвед і непаўторны погляд на навакольле. Яны ведаюць пра побыт і мужчыну нашмат болей, чым любы сэксапатоляг альбо сацыёляг. Для іх знайсьці падыход да мужчыны значна прасьцей, чым прыгатаваць запяканку, і адначасова такія жанчыны, калі ім выпадае сапраўды завесьці сям’ю, становяцца самымі цудоўнымі жонкамі і маці. Але, як і ва ўсіх сфэрах жыцьця, заўсёды знойдзецца процьма выключэньняў. Тут у нас гутарка пойдзе пра Моніку, як яна сама сябе назвала пры першай сустрэчы зь Ніндзем, калі той быў яшчэ бадзёрым і сапраўды жывым! Моніка ніякім чынам не выдавала сябе за прастытутку, яна нават сама сабе ўнушыла, што прыйшла ў гатэль проста так, папіць кавы, бо сядзець сумна на здымнай кватэры ў свой выходны, а на працы – за прылаўкам у хлебнай краме – няма чаго лавіць, тым болей там не пазнаемісься ані са спонсарам жыцьця, ані з прынцам.
Моніка – звычайная беларуская дзяўчына, ну, можа быць, не такая ўжо і прыгажуня: круглы твар, маленькія вочкі, носік невялікі, крыху скасабочаны ўлева, што зусім не надае ёй пекнасьці, сама яна крыху паўнаватая, але такія ўсходнім мужчынам і падабаюцца – каб было за што ўзяцца, доўгія валасы, звычайныя цёмныя доўгія валасы, і татальная адсутнасьць густу як у адзеньні, так і ў біжутэрыі. Моніка скончыла дзевяць клясаў сельскай школы, потым зь мясцовым хлопцам пераехала ў Менск, хлопец пачаў вучыцца ў хабзе і падпрацоўваць на будоўлі, а яна гандлявала садавіной і гароднінай у летнім ларку, пакуль ня трапіла ў хлебную краму, а хлопец ейны ня трапіў у войска, бо пачаў шмат піць на будоўлі і кінуў хабзу. Вось яна, Моніка, сядзіць, пье ваду зь ільдом і ў думках лічыць, колькі грошыкаў у яе засталося, а засталося акурат на пачак цыгарэт і на тры жэтончыкі на мэтро, і тут да яе падплывае наш бог і мачо Ніндзя!
У Монікі адначасова і адразу зьяўляецца ўсё на сьвеце і ў вялікай колькасьці! Дарагая здымная кватэра, у спа ўсё бясплатна, штодзень – дарагія і каштоўныя падарункі, якія яна адкладае ў бабулін куфэрак. Яна абсалютна ня грэблівая, сьпіць як зь Ніндзем, так і зь ягонымі лепшымі сябрамі. Калі Ніндзя ноччу прачынаецца, па раскладзе на тыдзень, які зроблены самімі прастытуткамі, побач зь Ніндзем прачынаецца Моніка, яна трымае яму ягоны стары пэніс, пакуль той сцыць, бо Ніндзю падабаецца, калі за ім так даглядаюць, і дзяўчына можа атрымаць больш каштоўных бонусаў!
Увогуле сярод Ніндзевых прастытутак толькі Моніка робіць усё, што ёй кажуць, яна глытае, калі трэба, зьлізвае з падлогі кроплі, калі трэба, трымае пэнісы над унітазамі, калі трэба, вылізвае вялікія пальцы на нагах, калі просяць, прыяжджае адразу, як звоняць, і не істотна, дзе яна – у прыбіральні, сьпіць, на масажы, бо для Монікі – гэта ўсё яе жыцьцё, і робіць яна ўсё гэта дзеля такіх рэдкіх і яскравых момантаў, калі, падыходзячы на рэцэпцыю пасьля дарагой касмэталягічнай тэрапіі альбо седзячы на бары, ёй падносяць не рахунак, але спэцыяльны блянк набліжаных да Ніндзі сяброў, дзе яна проста ставіць подпіс пад сумаю, на якую яна адпачнула. І на пытаньне: “Спадарыня Моніка, а вы ўсё подпісы ставіце?” – відавочнае, каб крыху ўкалоць, пакпіць, яна сур’ёзна адказвае: “Ну, дарагая, хто на што вучыўся!”
У гатэльных прастытутак жыцьцё непрадказальнае. Ёсьць тыя, якія трымаюць адмысловую марку і жывуць за кошт кліентаў толькі некалькі тыдняў, і наадварот, ёсьць асбалютна непрыгожыя і дурныя прастытуткі, якія дзіўным чынам застаюцца на сваім месцы на працягу некалькіх год, але ня болей, бо для кожный зь іх наступае такі дзень, калі аднойчы замест сяброўскага блянка ім падносяць рэальны чэк і яны ўсьведамляюць, што “маліна” закончылася і на іх месца прыйшла сьвяжэйшая дзяўчына, з амбіцыямі і плянамі жыць так, каб усе зайздросьцілі, і казаць усім: “Ну, хто на што вучыўся!”, зусім ня ведаючы і нават не падазраючы, што ўсе навокал у гатэлі ведаюць цябе і добра ведаюць, якую працу ты робіш, і “на што вучылася”, і які ў цябе дыплём па глытаньні, і разрад па пранікненьні.
Бэлбоі
Адкрыць гатэль і наладзіць у ім працу – розныя рэчы. У Менску апошнім часам шмат адкрываецца ўсяго на сьвеце, але працуе і сапраўды запаўняецца наведнікамі амаль на сто адсоткаў далёка ня ўсё. І залежыць гэта ад процьмы фактаў. Напрыклад, ня так даўно, адмыслова пад “хакей” быў адчынены гатэль, па геаграфічным палажэньні – даволі ўдала, недалёка ад чыгункі, але ўсё-ткі насупраць спальнага раёну, і так хутка яго адчынілі, дах пацёк пасьля залевы ва ўсе нумары на апошнім паверсе, і цэлая каманда хакеістаў атруцілася швэдзкім сталом, усе праляжалі па тры-чатыры дні ў бальніцы, і нават камісія па гатэлях не дала яму ніводнай зоркі, і вось мінуў толькі месяц, а гатэлю ўжо прарочаць банкруцтва праз шэсьць месяцаў, калі ён растраціць усе ўкладзеныя ў яго грошы. Альбо, напрыклад, іншая справа з гатэлем, які знаходзіцца вельмі далёка і ад цэнтру і ўвогуле ад жывых людзей, але квітнее і пахне толькі за кошт геніяльнага кіраўніка, бо той пасьпеў за год наладзіць канцэрты і вечарыны з сусьветна вядомымі сьпевакамі, зрабіў шыкоўнае мэню і ўвогуле надаў гатэлю мэйнстрымавы статус.