Гатэль можа мець падлогу з найкаштоўнешага мармуру і працаўнікоў зь велізарным стажам і практыкаю за мяжою, але напаўненьне нумароў ня дойдзе і да паловы, і гатэль будзе вымушаны праводзіць акцыі, здаваць, напрыклад, за тры гадзіны да 12.00 нумар па кошце ложку ў хостэле.
Для гатэля вельмі істотным у наладжваньні працы зьяўляецца пэрсона дырэктара, непасрэднага кіраўніка. Бо ўсе гатэлі па сутнасьці аднолькавыя будыніны, і толькі гэтыя людзі, на той самай пасадзе, калі ім падпарадкоўваюцца, але і яны падпарадкоўваюцца свайму галоўнаму босу, здольныя зрабіць цуд.
Амаль кожны гатэль пачынаецца з чалавека, які адчыняе перад вамі дзьверы. Гэта абавязкова мусіць быць стары мужчына, на выгляд – палкоўнік у адстаўцы. І вось ён – гонар – адчыняе перад вамі дзьверы. Але да таго, як перад вамі адчыняцца дзьверы, вас вітае бэлбой, дакладней нават не вітае, адчыняе вам дзьверы аўто, забірае ваш багаж і, пакуль вы разглядаеце вострыя сківіцы “палкоўніка ў адстаўцы”, пакуль накіроўваецеся да парцье на рэцэпцыю, ужо імчыць на тэхнічным ліфце на паверх, дзе знаходзіцца ваш нумар.
Праца бэлбоя часта важнейшая за працу нават пакаёўкі, бо тое, што мусіць даставіць гэты чалавек – амаль на сто адсоткаў усе вашыя рэчы, якія вы захапілі з сабою, акрамя, напэўна, сумкі з дакумэнтамі і грашыма, але часта свае дакумэнты і грошы жанчыны дадумваюцца пакідаць на дастаўку бэлбоем.
А цяпер уявім, што вы на рэцэпцыі запоўнілі ўсе патрэбныя формы і атрымалі свой электронны ключ, заходзіце ў нумар і раптам заўважаеце, што вашых рэчаў няма, нічога таго, што забраў бэлбой, няма!
Да нядаўняга часу ў гатэлі працавала чатыры бэлбоі, чатыры жвавыя беларускія хлопцы па дваццаць год, студэнты першых і другіх курсаў ВНУ. Але перад чэмпіянатам сьвету па хакеі было распараджэньне ўдвая пабольшыць колькасьць бэлбояў, бо паток засяленьня і высяленьня за суткі даходзіў да: 300 выехала, 350 заехала… Вядома, па-хуткаму набраць бэлбояў магчыма сярод сваіх, і так і атрымалася, што на зьмене цяпер ганяла з багажом дзесяць бэлбояў, і раптоўна кудысьці зьніклі маладыя і жвавыя хлопцы, а паўсюль былі адны немаладыя замежныя мужчыны, рэальныя мужчыны, якім такая праца бэлбоя мусіла б быць саромнаю, але нічога, яны не саромеліся і не сьпяшаліся працаваць.
Замежныя бэлбоі, а сярэдні ўзрост сярод іх – 38 год, амаль не працавалі, а калі ўжо браліся за працу, то рабілі яе праз пень-калоду: абавязкова блыталі нумары і тлумачылі гэта тым, што большасьць нумароў маюць ня толькі нумары, але і лічбы, а некаторыя нават назвы – Нумар Прынцэса, Ядлоўцавы Нумар, Блакітны Пакой.
Вось вы падняліся да сябе і чакаеце… можа быць, бэлбой недзе ўсё яшчэ едзе… і праходзіць некалькі гадзін, і вы звоніце на рэцэпцыю, і пытаецеся, а дзе гэта ваш багаж? А вам у адказ: “Які багаж? Вам яго паднялі ў нумар яшчэ тры гадзіны таму!”
Але самым разьюшаным і нейкім сапраўды хворым бэлбоем, які спугнуў ад гатэлю адразу шэсьць плятынавых пастаяльцаў (а гэта дзясяткі тысяч даляраў!), стаўся Ахмэд.
Ахмэд, трыццаць сем год, не жанаты, мае ў Менску старэйшага брата, які ў гатэлі працуе інжынэрам. Сам ён тоўсты, непаваротлівы і на працы бэлбоя бэлбоем не працуе, бо ў яго спраўка ад доктара, што яму нельга падымаць цяжкія рэчы. Ахмэд ня толькі не працуе, ён выпівае за двое сутак кіляграм кавы, на якую скідваюцца ўсёй рэцэпцыяй, а кава – дарагая, бо для кавамашыны. Але гэта што! Ахмэд неяк увогуле на некалькі хвілін застаўся сядзець на рэцэпцыі, сёрбаючы каву адзін, і, калі да яго падышла сямейная пара ўва шанаваным веку, ён сказаў ім, каб ішлі сабе ў іншы гэталь, тут ім няма чаго лавіць і ён увогуле заняты. Прамовіў усё гэта на сваёй мове, незразумелай польскай пары, і прамовіў злосна, бо яны яго патурбавалі, калі ён са свайго пляншэтніка глядзеў сэрыял! А потым аднойчы Ахмэд увогуле ахранеў да такога стану, што паслаў у сраку мэнэджара хостэсу, калі той хацеў выгнаць нахабнага бэлбоя са свайго працоўнага стала. І што тут паробіш, калі хваля новых працаўнікоў на месцы бэлбояў прыйшлася акурат на той час, калі цудоўны дырэктар гатэлю сыходзіў і на яго месца прыйшоў нейкі вар’ят, які сваімі першымі дзесяцьцю новаўвядзеньнямі вярнуў гатэль у часы, калі ён толькі адчыніўся і ўсімі сваімі сіламі намагаўся не загінуць сярод канкурэнцыі і няўдачы.