Выбрать главу

Чорная кашуля

Раніца. Ня так даўно мы пераехалі ў здымную кватэру насупраць рэчкі й вялікага парку… Пачаўся чэрвень, я ўжо пакутую на алергію, стан такі, быццам бы ў носе ўключылі адмысловы кран саплей, я смаркаюся кожную хвіліну, а калі не смаркаюся, то чхаю. Да дактароў я не хадзіў, і ўжо які год запар першы месяц лета ў мяне зусім нярадасны. Што казаць, хакей прайшоў і можна падвесьці колькі вынікаў, акурат пакуль я прасую сваю чорную кашулю, бо ў гатэлі цяпер палова пэрсаналу ў чорным гарнітуры, было так вырашана, бо элегантна.

Да галавы прыходзіць процьма вясёлага і сумнага, зьвязанага з травеньскім сьвятам. Вось мне распавядала сяброўка, як перад хакеем у бальніцы хуткай дапамогі цалкам вызвалілі цэлы рэанімацыйны аддзел ад рэанімаваных, набралі найкаштоўных працаўнікоў, выкшталцоных мэдсясьцёр і загадалі чакаць хакеістаў. Загад быў такі і падрыхтоўка ў такіх маштабах, быццам чакалі пацярпелых з вайны, а не паламаных з гульні. Па выніку за тры тыдні ў рэанімацыю паступіў толькі адзін паламаны хакеіст – фін. І вось уявіце, амаль усё навокал – жудасьць і жах: старыя пафарбаваныя сьцены, мэталічны посуд, кепска памытыя “гранёныя стаканы”, койка і нават накладкі ад расьцяжэньняў ірваныя! Вядома, мэдсёстры насілі хакеісту ежу ў талерках, якія прынеслі з дому, і ў сваіх жа кубках запарвалі гарбату. Але пачнем ад самага пачатку.

Я адразу паставіўся да гэтага “сьвята” нэгатыўна, бо ёсьць такая рэч, як “Не гуляй у гульні з дыктатарам”, тым болей яшчэ да адкрыцьця чэмпіянату навіны ня цешылі: аднаго грамадзкага актывіста затрымалі за хуліганства і далі дваццаць сутак, другога дзеяча закрылі на пятнаццаць сутак арышту… Я, вядома, не хадзіў на матчы, але ўсё роўна здарылася так, што я стаўся пасыўным заўзятарам, так бы мовіць – я ня мог ня стацца ім з тае прычыны, што хакей прасачыўся паўсюль, нават у маю прыбіральню, сны і ежу…

Як вынік – падрыхтоўка да чэмпіянату ачысьціла горад ад усяго: ад сьмецьця, нязгодных, ад усёй “пятай калёны” і прастытутак, якіх зьвезлі са “стамэтроўкі” на Акрэсьціна. Ніхто з прыежджых ня мусіць бачыць, што ў нас камусьці няўтулуьна жыць і што ў нас ёсьць прастытуткі. Тут, вядома, усё атрымалася наадварот, бо па гатэлях і апартамэнтах хапала і прастытутак і пэрсаналу, якому няўтульна і які нязгодны з сучасным становічшам, калі даляр і эўра няспынна кожны дзень дадаюць сабе па сто рублёў массы, калі большасьць баіцца за словы кіраўніка краіны, што яшчэ ён плявузгне: за Ўкраіну, супраць Украіны, уводзім расейскія войскі альбо недазволім распальваць вайну… Навошта хаваць прастытутак у малпоўнях, калі палітычная прастутыцыя ў краіне на такім пачварна высокім узроўні, што нават ужо ня сорамна, і даводзіцца, сьціснуўшы сківіцы, назіраць за гэтым, трэскаючы валідол.

Адразу па адкрыцьці чэмпіянату горад атачылі людзі, якія паўсюль раздавалі “калярадзкія” стужачкі, быццам бы напамін пра вайну, але мясцовыя разам з нацболамі пералавілі большасьць гэтых людзей – яны ўсіх раздражнялі, бо тут пад бокам суседачка Ўкраіначка пакутуе, а да нас ужо прыехалі першыя прапагандысты! Нават гандлёвыя сэткі гіпэрмаркетаў вырашылі не займацца раздачай стужачак, хоць і плянавалі, бо настрой мінчукоў быў адзінадушны – альбо ў твар, альбо ў твар.

У наш гатэль засяліліся замежныя каманды. Фінскія спартоўцы кожны дзень скардзіліся, што вакол іх зашмат людзей. Яны думалі, што кіруючы пэрсанал адразу кінецца вызваляць калідоры дзеля фінаў, але калі гэтага не рабілі для зорак сусьветнай велічыні і нават для дыктатараў, тады чаго яны хочуць? Чэская зборная атруцілася, праляжалі хакеісты суткі ў больніцы пад кропельніцамі, хацелі пісаць скаргу на гатэль, але дактары адразу зьлілі інфармацыю, што чэхам варта было б проста нармалёва закусваць.

Менск напоўніўся рознымі мовамі, што было абсалютна дзіўна для гэтага адпаліраванага гораду.

Хакей для беларусаў ня проста гульня, гэта таксама і спосаб адмыць грошы, і адначасова заляцаньне чыноўнікаў да прэзыдэнта. Усе былі зьдзіўленыя, што чэмпіянат ніхто не байкатаваў, усе краіны і каманды прыехалі, і наконт гэтага першыя дні ўлада праз навіны завастрала ўвагу… І вось прайшло літаральна некалькі дзён, а ўжо машыны з расейскімі нумарамі падрапаны цьвікамі, падкладзены цыдулкі пад дворнікі з праклёнамі… А чаму? Вядома чаму! Расейцы ад самага пачатку павялі сябе як быдла і заваёўнікі, хадзілі са сваім трыкалёрам, крычалі “крым наш”, “белорусскій язык нахуй!”, “смерть Белоруссіі” і іншае. Правялі на дзень перамогі несанкцыяваны фашыстоўскі парад расейскіх нацыяналістаў, ішлі строем па цэнтральным прашпэкце – акурат грэбаны ss…