У адным зь менскіх двароў незнаёмец падпаліў адразу пяць прыпаркаваных машын. Па камэрах, якія былі ў двары, магчыма разглядзець толькі цені і кінуты пад адну з машын кактэйль Молатава…
Вось што мінакі кажуць: – Па горадзе сапраўды шастаюць людзі з расейскімі рублямі і абураюцца прадавачкам, што іх рублі тут не прымаюцца ў крамах… Дзяўчаты разьятрана дыхаюць парай. Яны не разумеюць слова “ўваход”. “Нам тут чё – ещё и переводчик нужен?” І, вядома, украінскі фактар. Сам бачыў беларускіх фанатаў, якія паказвалі непрыстойныя жэсты расейскім аўтамабілям пад куплет адной зь песьняў “Ляпісаў”, якая сталася гімнам змаганьня ўкраінскіх фанатаў супраць сэпаратыстаў.
А талісман чэмпіянату? Гэты няўдака зубр у хакейнай форме і на каньках, гэты дурны вобраз, якога ў народзе назвалі Валераю. А што, гучыць – волат Валера. Як толькі зь яго ні кпілі, але хлопец, ці хлопцы, якія працавалі ўнутры гэтай лялькі на гульнях, прыводзілі ў экстаз абсалютную большасьць. Валера катаўся ў мужыкоў на каленях. Валера рабіў сэлфі разам з прыгажунькамі. Скокаў у натоўп, падаў і катаўся ў праходах… Валера заслужыў быць адначасова і сымбалем і сумам чэмпіянату, бо такую недарэчнасьць немагчыма ўспрымаць адназначна.
У горадзе назіраліся незвычайныя рэчы: міліцыянэры ўсьміхаліся, ніхто нікога не затрымліваў увечары, можна было адчуваць свабоду перасоўваньня і жыцьця. Было такое ўражаньне, што ты сам шпацыруеш па прашпэкце замежнага горада, што гэта ты кудысьці зьехаў на хакей, а не хакей прыехаў да цябе!
Шмат хто пачаў вельмі добра зарабляць на жытле. Некаторыя кватэры здаваліся па тысячы эўра за суткі, некаторыя пакоі здавалі па трыста… Беларусы апантана стараліся хоць крыху, але падзарабіць, і амаль у кожным двары Менску магчыма было назіраць джыпы з расейскімі нумарамі, якія коламі заяжджалі на газоны, на дзіцячыя пляцоўкі, машыны, якія былі запаркаваныя так, што гэта адразу рэзала вока. І вось такая двухбаковасьць: тыя, хто не здае свае кватэры й пакоі замежнікам, абураюцца неахайнай паркоўцы, а тыя, хто здае, моўчкі трываюць: анягож, беларусу не абвыкаць – трываць.
Адна з гатэльных супрацоўніц так разышлася падчас чэмпіянату, што зьнікла з дому на тры тыдні. Бацькі званілі кіраўніцтву гатэля і прасілі, каб на іх дачку хоць хтосьці паўплываў, бо, як кажуць, “панеслася пізда па купінках”. Дзяўчына і без чэмпіянату злоўжывала алькаголем, а цяпер яна кожную раніцу прачыналася ў іншых ложках. Інтэрнацыянальнае братэрства прывяло дзяўчо да таго, што яна здолела сабраць цэлую калекцыю заўзятарскіх шарфоў і тры хакейныя формы: фінскую, латвійскую і расейскую. Кіраўніцтва паабяцала штосьці зрабіць, бо шкада чалавека, і пачало сачыць за тым, каб тая хаця б прыходзіла на працу без спазьненьня і алькагольных пароў і сыходзіла ў час, але гэта прывяло толькі да таго, што яе давялося звольніць, бо яна ня толькі не жадала выконваць свае працоўныя абавязкі, але сварылася, мацюкалася і нават пахмялялася, нахабнічаючы з кожным днём.
А гэтыя “цэнтры гасьцепрыімства” ў Менску!? Цуд! Сумесь Кафкі, Даўлатава і Венечкі Ерафеева, шалёная сумесь!
А гэтыя сутычкі беларускіх і расейскіх фанатаў на Нямізе? Сьценка на сьценку!
Шмат пра што можна яшчэ ўспомніць, але ў мяне ня так шмат часу, бо чакае праца і кашуля мая гатовая. У горадзе кожны месяц цяпер адчыняецца па гатэлі, горад быццам рыхтуецца апантана выйсьці на міжнародны ўзровень па колькасьці турыстаў, і вось у мэтро паўсюль беларуская лацінка, і турыстычныя стэнды пасьля хакею нікуды не падзеліся, відавочна, шмат турыстаў зьехала, але вунь у маім двары цяпер ёсьць магчымасьць часта бачыць маладую сямейную пару афрыканцаў, вось я ў краме ў чарзе і перада мною японцы, вось я еду на ровары і мяне абганяе нейкі ямайскі хлопец на сваім стрыт-байку…
Я плянаваў пасьля хакею звольніцца з працы, але пакуль што не магу, няма куды ісьці, а мне патрэбны пастаянны заробак, каб часопіс трымаўся, каб плаціць за здымную кватэру, каб мець магчымасьць зьяжджаць кудысьці і пісаць… Менск нарэшце аброс гатэлямі рознай якасьці і велічыні, увесь пэрсанал, як фарэль на нерасьце, скокае то туды, то сюды, кожны хоча ўладкавацца ў новым гатэлі на больш якаснай і грашовай працы, а я, бы той вулкан, нікуды не сыходжу, але ўжо пачынаю капціць і калі-небудзь выбухну.