Выбрать главу

Выйшаў аднойчы раніцай Мікалай на свой панадворак і аж вочы на лоб палезлі. Стаіць Сцяпан ля свайго плоту і рознакаляровымі фарбамі на штахецінах ўзоры нейкія наводзіць.

— Агаааа... Дык ты так, ну то я цябе гэтак, — крыва ўсміхнуўся Мікалай і прыняўся скідаць са сваёй аборы зусім яшчэ добрую чарапшу ды этэрнітам пакрываць.

— Во яно як! — плюнуў са злосцю Сцяпан.

— Яшчэ пабачым... — і пачаў да сваёй стадолы яшчэ адну старану дабудоўваць ды ходнічак ад хаты класці.

Тады Мікалай да кожнага гаспадарчага будынка дошчачкі папрыбіваў ды вялікімі літарамі падпісваў: АБОРА, СВІРАН, КЛУНЯ.

А потым аддзяліліся ад сябе высачэзным плотам, штахеціна ля штахеціны, і кожны са свайго боку напісалі — МЯЖА.

ГРОШЫ

Ну, і здарэнне! Думаў, што памру!

Паехаў я неяк наведаць сваю родную вёску. Больш года там не быў, засумаваў. Дарога ад аўтобуснага паўстанка якраз каля могілак вяла. Поўдзень. Такі прыгожы, сонечны. Багажу — усяго толькі, што вялікая падарожная торба, якую, згодна са звычаем, едучы ў вёсцу, усе з сабой бяруць. Не цяжка.

Іду я, значыць, гэта каля цвінтара і думаю: дай пабачу, каго сярод жывых ужо няма. Да хаты ж не спяшацца. Можа якраз паабедалі і ў поле збіраюцца. Хаджу паміж магіламі і раптам — Божа ж ты мой! Іван памёр! Свежанькая магіла з жалезнай агароджай, крыж з чорнага мармуру аж зіхаціць на сонцы. Калі ж ён гэта? I нашыя нічога не пісалі. Усё ж такі мы сябрамі былі, за адной партай сядзелі. Здавалася, жыць яму толькі. Адбудаваўся на цэлую вёску, машыну купіў, шклярня. Мабыць яшчэ такога чагосьці не выдумалі, каб у Івана не было. I маеш табе, узяў ды памёр... Гм... Тут не адкупішся. Уваткнуў я ў магілу палявую кветачку і пайшоў сваёй дарогаю. А ў вачах луг заліты сонцам. А мы, з Іванам, як некалі, прэм наперагонкі і ён крычыць, застаўшы ззаду:

„О, хітранькі! Табе лягчэй, у цябе дзірка ў трусіках!''

Так... Цяпер напэўна за багацце наперабой сварацца. А можа ўжо ўсё разграмкалі! Нічога, што жыў адзін. Калі да гэтага то сваякоў столькі назбіраецца, што і пугаю не адгоніш.

— Здароў! Колькі год! — раптам спыняе нехта мае разважанні.

Азіраюся — і аж у вачах памутнела. Маманькі! Іван-нябожчык ззаду...

— Ззздддааароў. Гэээттта ттты? — з перапалоху ляскаю зубамі.

— Ну, што? Не пазнаеш, булава? — і абнімацца лезе. — Што з табою?! Хворы?! Белы, як палатно стаіш.

— Нііічога. Але ж ты... Ты ж памёр. Ля магілы ж тваёй я быў.

— Ха-ха-ха! — зарагатаў. — Ну, так... Бачыш, браток, і там жыць трэба. А што я быў наймалодшы, дык і выслалі мяне за пакупкамі.

Я гэта пачуў, і ўногі. Толькі на чацверты дзень да сябе дайшоў, як бацька матцы тлумачыў:

— Іван ужо дарэшты здурэў! Помнік сабе на могілках паставіў! Бачыш, што грошы робяць?!

САМ НЕ ГАМ I КАМУСЬЦІ НЕ ДАМ

— Ёзікаў малодшы зусім ужо здурней, — гаварылі ў вёсцы. — Рознае ламоцце, што людзі на сметнік выкідаюць, ён у горад цягне. Гладунку ўгледзіць — цягне, лыжку драўляную знойдзе — цягне. Кажуць, калісьці нават цэпа вёз. I як з ім жонка вытрымоўвае.

Такі ўжо ён быў. У кожнага свая цяга. Ну, проста, цікавіўся чалавек. Да кожнага драбноцця прыглядаўся. I неяк згледзеў, што ў Нічыпара за плотам дваяны валяюцца. Надлопнутыя, што праўда, але ж дваяны, не якая там цэпэлёўшчына.

— Можна ў вас іх забраць? — паказаў ён пад плот. — Вам і так непатрэбныя, а мне цікава, — тлумачыў Нічыпару.

— Патрэбныя ці непатрэбныя, але на маім панадворку і мае яны, А калі так дык значыць, дарам не гінуць. Во! —- адрэзаў Нічыпар.

— Я ж без грошай не хачу. Вам жа ўсё роўна, вы ж і так з іх не карыстаеце. Рассыплюцца яны тут, — пераконваў.

— Можа і рассыплюцца, але... Ну, а колькі дасі?

— Пяцьдзесят, — і сунуў руку ў кішэнь.

— Колькі? — перапыніў яго Нічыпар. — Пяцьдзесят? — пакруціў галавою. — Не, брат, хаця ты і універсітэты канчаў, а я дурны мужык, то не дам, каб на мне нехта нажываўся. Хай ляжаць, есці не просяць.

— Яны ж тут нішчэюць.

— Ужо тут ты не бядуй. I падгледзеў... Хы... — круціў галавою Нічыпар. — Я ўсю хату ператрос, шукаючы іх За пяцьдзесят злотых дваяны купіць хацеў. Думаў, што я ім цаны не ведаю. Добра, што ты мне іх паказаў. А я тут думаю — дзе дваяны прапалі?

I, быцнам знойдзены скарб, панёс іх пад хлявы.

ВЁСКА

Бяскрайняя шыр ніў, на яніх, быццам бы скваркі, ляжаць апошнія лапіны парыжэлага снегу, панадворкі залітыя кудахканнем кур, ляскатлівая песня пяцізубых цёрніц. Вёска...

— Як яе не любіць? — разважаў Віктар. — Яе, з зялёнавясёлкавымі лугамі, салаўінай песняй у квецці бэзу, ластаўкамі на тэлеграфных дратах. Толькі цешыцца, цешцыца і захапляцца. Жыццё, здаецца, аддаў бы, каб зноў ісці з касой на плячы на свой палетак, каб лавіць пажаўцелыя лісты, ідучы вясковай вуліцай ды адурманьвацца бабіным летам, што плыве ў высокім сінім небе. Паласавацца б яшчэ раз смакавітым дымам паленага бульбяніку.