Выбрать главу

— Цяжка нам будзе, сынок, — гаравала маці. — Ты ўжо без дазволу не хадзі на вуліцу.

Бацька за гэтыя дні моцна змяніўся, стаў хмурны і негаманлівы і часцей звычайнага пыхкаў цыгаркай. У кватэру прыйшлі трывога, чаканне чагосьці невядомага.

…А вайна кацілася ўсё далей на ўсход.

Падлеткі зараз збіраліся ў гародзе, у цені вішань, і гутарку вялі толькі пра баявыя падзеі. Неяк Лена сказала:

— Чулі? Немцы Нямігу і Танкавую абносяць калючым дротам. Кажуць, быццам туды яўрэяў зганяць будуць. Гэта ў іх гета называецца. Дзіўнаватае нейкае слова, — і, памаўчаўшы трохі, дадала: — Страшнае слова.

Валодзя ўжо чуў ад дарослых, што немцы хочуць сагнаць у гета ўсіх яўрэяў. Ён не мог уявіць сабе, што Лёва Салавейчык, Раман Вішман, з якімі сябруе і амаль штодня сустракаецца, будуць жыць там, за калючым дротам.

— Давайце паглядзім, што яны там робяць, — прапанаваў Валодзя. Хлопцы пагадзіліся і тут жа накіраваліся на вуліцу Танкавую. Ішлі групай, прыціскаючыся адзін да аднаго. Дзіва што! Гэта быў іх першы выхад у горад. Немцаў па вуліцах хадзіла шмат. Хлопцы саступалі ім дарогу, сыходзячы з тратуара на праезную частку. Валодзя заўважыў, што чужынцы не звяртаюць ніякай увагі на дзяцей.

Неўзабаве хлопцы апынуліся на высокай гары, з якой адкрываўся від на Танкавую. Унізе працягнуліся роўныя шэрагі драцяных агародж. На вышках былі ўстаноўлены кулямёты. Крыху лявей, поруч з двухпавярховым цагляным домам, весяліліся напаўраспранутыя немцы. Яны з рогатам аблівалі адзін аднаго вадой, гарлапанілі песні. Недалёка ад іх дымілася паходная кухня. Дзеці моўчкі, не згаворваючыся, накіраваліся ў бок плошчы Свабоды.

— Пацаны, стойце! — крыкнуў хтосьці з хлапчукоў. Яны ўбачылі вялікі ліст паперы, налеплены на сцяну дома. Гэта быў «Зварот да жыхароў занятых абласцей». Хлопцы падышлі бліжэй да сцяны, сталі чытаць. Амаль кожны радок «звароту» пагражаў суровымі карамі: за непадпарадкаванне германскім ваенным ці грамадзянскім уладам — расстрэл без суда і следства, за дапамогу байцам Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне, — расстрэл, за захоўванне агнястрэльнай і халоднай зброі — расстрэл на месцы.

Лена ледзь чутна прачытала ўслых: «У выпадку немагчымасці выяўлення вінаватых германскія ўлады будуць вымушаны прыняць карныя меры супраць усяго насельніцтва. Каб пазбегнуць расстрэлу нявінных заложнікаў, спальванння дамоў і іншых суровых пакаранняў усё насельніцтва абавязана старацца забяспечыць спакой і парадак…»

Дзяўчынка павярнулася да хлопцаў:

— Што ж гэта такое атрымліваецца? За аднаго ці некалькіх вінаватых павінна адказваць усё насельніцтва? Выходзіць, за любую правіннасць яны могуць забіць?

Хлапчукі маўчалі. Прыгнечаныя, засмучаныя, яны пайшлі далей. Валодзя, сціскаючы кулакі, з нянавісцю паглядаў на акупантаў, якія праходзілі міма. «Чаго яны прыйшлі сюды? Што ім трэба? — думаў ён. — Не, я не буду сядзець склаўшы рукі».

Дома ён увесь вечар думаў, як ваяваць з ворагам: «Вось каб дастаць пісталет. Я б іх па адным, гадаў, біў!»

А назаўтра Валодзю давялося стаць мімавольным сведкам страшнага відовішча. Маці часам хадзіла на Камароўскі рынак, каб выменяць на адзежу ці іншыя хатнія рэчы якія-небудзь прадукты. Гэтым разам яна ўзяла з сабой і сына. Не паспелі падысці да рынку, як усю бліжэйшую плошчу ачапілі салдаты ў мундзірах мышынага колеру. Рэзкі візглівы голас, які прарываўся праз нябачны гучнагаварыцель, папярэджваў:

— Ахтунг! Ахтунг! Увага! Цяпер ви будзе немношко паглядзець, як нямецкі камандаванне поступайт з тымі, хто нам не падпарадкоўваецца.

Валодзя ўбачыў, як з боку вуліцы Цнянскай вялі звязаных адзін з адным людзей. Гэта былі дзве жанчыны, трое мужчын і маленькая дзяўчынка гадоў шасці. Па баках у іх, з аўтаматамі напагатоў, у касках, з закасанымі рукавамі ішлі канваіры. Людзей падвялі да нейкіх збудаванняў, якіх Валодзя раней не бачыў.

— Госпадзі! Дык гэта ж шыбеніца! — ускрыкнула ў роспачы маці і прыцягнула да сябе сына. Валодзя толькі цяпер зразумеў, што ладзяць фашысты. Ён не верыў вачам, нават уявіць сабе не мог, што зараз павесяць гэтых людзей, гэту дзяўчынку, якую таксама абвінавачваюць у супраціўленні. Гітлераўцы, не развязваючы арыштаваных, кожнага паставілі на табурэткі, размешчаныя пад шыбеніцай. Дзяўчынка стаяла бліжэй за ўсіх да Валодзі, і ён бачыў, што яна адзіная, у каго рукі былі свабодныя. Дзяўчынка маўчала, здзіўлена варочала галоўкай і запытальна глядзела на натоўп, сагнаны на плошчу. Потым, спрабуючы слабенькай ручкай зняць накінутую на яе шыйку грубую вяровачную пятлю, павярнулася да людзей, прыведзеных на пакаранне смерцю.