Выбрать главу

- Будучая мая пляменніца, - сказаў міністр, развесяліўшыся, - вы сапраўды дазволілі сабе дзівацкі выбрык, і, верагодна, не апошні.

- Спадзяюся, што такі разважлівы чалавек, як вы, захавае яго ў таямніцы ад усіх, асабліва ад Лівіа; а каб заахвоціць вас да гэтага, я вас пацалую, калі вы падарыце жыццё карбанарыю, якога апякуе мая сяброўка.

Гутарка працягвалася ў тым жа паўжартоўным тоне, якім шляхетныя рымлянкі ўмеюць абмяркоўваць важныя справы, і ў Ваніны атрымалася надаць гэтай сустрэчы, распачатай з пагрозы пісталетам, характар візіту будучай княгіні Савелі да яе дзядзькі, рымскага губернатара.

Неўзабаве мансіньёр Катанцара, фанабэрліва адкінуўшы ўсякую думку, што яго прыстрашылі, ужо распавядаў пляменніцы, якія перашкоды яго чакаюць, калі ён вырашыць выратаваць жыццё Місірыллі. Гаворачы аб гэтым, ён хадзіў разам з ёю па пакоі; спыніўшыся на хвіліну, ён узяў з каміна графін і наліў з яго ў крыштальную шклянку ліманад; калі ён ужо паднёс яе да вуснаў, Ваніна завалодала гэтай шклянкай, патрымала ў руцэ і, нібы ненаўмысна, выпусціла яе ў сад. Праз хвіліну міністр узяў з банбаньеркі шакаладную цукерку. Ваніна адабрала яе і сказала, смеючыся:

- Беражыцеся! У вас тут усё атручанае: вас жадалі забіць. А я дамаглася памілавання свайго будучага дзядзькі, каб не прыйсці ў сямейства Савелі з пустымі рукамі.

Мансіньёр Катанцара здзіўлена падзякаваў пляменніцы і даў ёй вялікія надзеі на памілаванне Місірыллі.

- Такім чынам, мы заключылі пагадненне, і ў пацверджанне яго вось вам узнагарода, - сказала Ваніна, цалуючы яго.

Міністр прыняў узнагароду.

- Трэба вам сказаць, дарагая Ваніна, - зазначыў ён, - што мне і так не падабаецца кроў. І да таго ж я яшчэ малады, хоць вам, верагодна, здаюся старым. Я, мабыць, дажыву да таго часу, калі кроў, разлітая сёння, выступіць ганебнай плямай.

Прабіла ўжо дзве гадзіны ночы, калі мансіньёр Катанцара праводзіў Ваніну да веснічкаў свайго саду.

Праз дзень міністр прыехаў да папы, вельмі збянтэжаны тым крокам, які яму трэба было зрабіць, і раптам яго святасць сказаў яму:

- Першым чынам я жадаю заклікаць да вашай літасці. Аднаму з фарлійскіх карбанарыяў прысуд не змекчаны, і думка аб гэтым пазбавіла мяне сну. Трэба выратаваць гэтага чалавека.

Міністр, пабачыўшы, што папа апярэдзіў яго, прадставіў мноства пярэчанняў і ўрэшце рэшт напісаў загад in moto proprio*, які папа падпісаў сам, насуперак завядзёнцы.

* In moto proprio (лат.) - па ўласнаму штуршку.

Ваніна думала, што яна, можа быць, і даб'ецца памілавання свайго каханага, але яго паспрабуюць атруціць. Яшчэ напярэдадні папскага загаду Місірыллі атрымаў ад абата Кары, духоўніка Ваніны, некалькі пакетаў з марскімі сухарамі і папярэджанне не кранаць казённую ежу.

Затым Ваніна даведалася, што фарлійскіх карбанарыяў пераводзяць у крэпасць Сан-Лявоне, і вырашыла ў любым выпадку пабачыцца з Місірыллі на этапе ў Чыта-Кастэлана. Яна прыехала ў гэты горад за суткі да прыбыцця вязняў. Там яна сустрэлася з абатам Кары, які прыбыў раней за яе на некалькі дзён. Ён упэўніў наглядчыка турмы дазволіць Місірыллі прысутнічаць на паўночнай службе ў турэмнай капліцы. І нават больш: калі Місірыллі пагадзіцца, каб яму надзелі ланцугі на рукі і на ногі, наглядчык абяцаў адысці да дзвярэй капліцы, - тады ён не выпусціць з віду вязня, за якога нясе адказнасць, але не будзе прыслухоўвацца да гутаркі.

Надышоў нарэшце дзень, калі павінен быў вырашыцца лёс Ваніны. Ужо з раніцы яна замкнулася ў турэмнай капліцы. Хто скажа, якія думкі хвалявалі яе ўвесь гэты доўгі дзень? Ці кахае яе Пьетра настолькі, што ўсё даруе? Яна выдала венту, але яму яна выратавала жыццё. Калі голас розуму браў верх над разгубленасцю душы, Ваніна спадзявалася, што Пьетра пагодзіцца пакінуць Італію, з'ехаць разам з ёю, - бо яна саграшыла толькі ад паўнаты кахання. Прабіла чатыры гадзіны. Яна пачула ўдалечыні грукі конскіх капытоў: у горад заехаў канвой карабінераў. Кожны гук аддаваўся ў яе сэрцы. Неўзабаве загрукаталі калёсы: везлі асуджаных. Яны спыніліся на маленькай плошчы перад турмой. Ваніна бачыла, як два карабінеры прыпаднялі Місірыллі, - ён ехаў адзін, скаваны ланцугамі, і не мог паварушыцца.

- Але ўсё-такі ён жывы! - шаптала яна са слязамі на вачах. - Яны яшчэ не атруцілі яго.

Гэты вечар быў пакутай. Высока над алтаром гарэла адзінокая лампада, у якую турэмшчык скупа наліваў алей, і святло яе ледзь мігцела ў цёмнай капліцы. Ваніна азіралася на магільні сярэднявечных вяльможаў, памерлых у суседняй турме. Іх каменныя статуі, здавалася, зласліва глядзелі на яе.

Усё ўжо даўно сціхла. Ваніна чакала, паглыбіўшыся ў змрочныя думкі. Прабіла поўнач, і неўзабаве пачуўся нейкі шолах, нібы кажан праляцеў. Ваніна павярнулася, хацела ступіць і амаль без пачуццяў прысела на балюстраду, якая аддзяляла алтар. У тое ж імгненне два прывіды нячутна выраслі перад ёй. Гэта былі турэмшчык і Місірыллі, увесь аблытаны ланцугамі. Турэмшчык адчыніў дзверцы ліхтара і паставіў яго на слупок кратаў побач з Ванінай, каб святло падала на вязня, затым адышоў да дзвярэй. Ледзь турэмшчык аддаліўся, Ваніна кінулася Місірыллі на грудзі, сціснула яго ў абдымках і адчула халодныя вострыя грані ланцугоў. «Хто яго закаваў?» - думала яна. Абдымкі былі бязрадаснымі. А ўслед за гэтым яе пранізіў жорсткі боль: ёй здалося раптам, што Місірыллі ведае аб яе злачынстве, - так халодна ён сустрэў яе.