Выбрать главу

На наступны дзень Ваніна змагла дастаць ключ ад дзверцы, якая вяла на тэрасу з апельсінавымі дрэвамі. Крадком яна падышла да вакна - яно ўсё яшчэ было адчынена. Ваніна схавалася за крацістай аканіцай. Ля задняй сцяны пакоя яна ўбачыла ложак. Хтосьці ляжаў на ім. Ваніна збянтэжылася, хацела ўцячы, але раптам заўважыла жаночую адзежу, кінутую на крэсла. Прыгледзеўшыся, яна ўбачыла на падушцы бялявую галаву; твар падаўся ёй зусім маладым. Зараз яна ўжо не сумнявалася, што гэта жанчына. Адзежа, кінутая на крэсла, была ўся ў крыві; кроў запеклася і на жаночых туфлях, якія стаялі на стале. Незнаёмка паварушылася, і тады Ваніна заўважыла, што яна параненая: грудзі ёй сцягвала палатняная павязка, на якой расплылася крывавая пляма; павязку прытрымлівалі нейкія матузы - відаць было, што яна зробленая зусім не рукамі хірурга.

Ваніна стала прыкмячаць, што цяпер яе бацька штодня каля чатырох гадзін замыкаецца ў сваіх пакоях, а затым ідзе наведваць незнаёмку; ён заставаўся ў яе вельмі нядоўга, а вярнуўшыся, адразу садзіўся ў карэту і адпраўляўся да графіні Вітэлескі. Як толькі ён з'яжджаў, Ваніна падымалася на маленькую тэрасу і назірала за незнаёмкай. Яна адчувала глыбокі жаль і сімпатыю да настолькі юнай, настолькі няшчаснай жанчыны і спрабавала разгадаць яе гісторыю. Скрываўленая адзежа, кінутая на крэсла, здавалася, была падраная ўдарамі кінжала. Ваніна магла палічыць на ёй дзіры.

Аднойчы яна больш выразна разгледзела незнаёмку: тая ляжала нерухома, скіраваўшы ў неба блакітныя вочы, нібы малілася, і раптам яе прыгожыя вочы напоўніліся слязьмі. У гэтую хвіліну князёўна ледзь утрымалася, каб не загаварыць з ёю.

На наступны дзень Ваніна адважылася схавацца на тэрасе перад з'яўленнем бацькі. Яна бачыла, як дон Аздрубале ўвайшоў да незнаёмкі; ён нёс у руцэ кашолку з правізіяй. Князь яўна быў устрывожаны, гаварыў мала і так ціха, што Ваніна нічога не ўчула, хоць ён не зачыніў зашклёныя дзверы. Ён неўзабаве сышоў.

«Напэўна, у гэтай небаракі вельмі небяспечныя ворагі, - падумала Ваніна, - калі мой бацька, чалавек бестурботны, не можа нікому даверыцца і штодня сам паднімаецца сюды па стромкай лесвіцы ў сто дваццаць прыступак».

Аднойчы ўвечары, калі Ваніна, асцярожна наблізіўшыся, зазірнула ў акно, погляд яе сустрэўся з поглядам незнаёмкі, і ўсё адкрылася. Ваніна кінулася на калені і ўкленчыла:

- Я люблю вас, я ваш сябра!

Незнаёмка жэстам запрасіла яе ўвайсці.

- Даруйце мне, даруйце, калі ласка, - паўтарала Ваніна. - Пэўна, мая дурная цікаўнасць падаецца вам зняважлівай. Клянуся, я ўсё захаваю ў таямніцы, а калі вы пажадаеце, я больш ніколі не прыду.

- Для каго не было б шчасцем бачыць вас! - сказала незнаёмка. - Вы жывяце тут, у гэтым палацы?

- Вядома, - адказала Ваніна. - Але вы, відаць, не ведаеце мяне: я Ваніна, дачка князя Аздрубале.

Незнаёмка здзіўлена зірнула на яе, і, густа пачырванеўшы, дадала:

- Дазвольце мне спадзявацца, што вы будзеце прыходзіць кожны дзень, але я б не жадала, каб князь ведаў аб гэтым.

Сэрца ў Ваніны моцна білася. Усе манеры незнаёмкі падаваліся ёй поўнымі годнасці. Гэтая няшчасная маладая жанчына, верагодна, абразіла нейкую магутную асобу, а можа быць, у імпэце рэўнасці забіла свайго каханага. Ваніна і думкі не дапушчала, каб прычына яе няшчасцяў магла быць пасрэднай. Незнаёмка сказала, што яна параненая ў плячо і ў грудзі і ёй вельмі балюча. Часта ў яе ідзе горлам кроў.

- І да вас не запрасілі хірурга? - усклікнула Ваніна.

- Вы ж ведаеце, што ў Рыме, - сказала незнаёмка, - хірургі абавязаныя неадкладна паведамляць у паліцыю аб усіх параненых, якіх яны лечаць. Князь такі літасцівы, што сам перавязвае мне раны вось гэтым палатном.

Незнаёмка з высакароднаю стрыманасцю пазбягала наракаць на свае няшчасці. Ваніна была ў захапленні. Толькі адно вельмі здзіўляла князёўну: яна не раз прыкмячала, што падчас сур'ёзнай гутаркі незнаёмка стрымлівала раптоўнае жаданне засмяяцца.

- Мне хацелася б ведаць вашае імя, - сказала князёўна.

- Мяне клічуць Клемянціна.

- Дык вось, дарагая Клемянціна, заўтра ў пяць гадзін я прыду наведаць вас.

На наступны дзень Ваніна ўбачыла, што стан яе новай сяброўкі пагоршыўся.

- Я паклічу да вас хірурга, - сказала Ваніна, цалуючы яе.

- Не, лепш памерці! - запярэчыла незнаёмка. - Я ніколі не пагаджуся нашкодзіць сваім дабрадзеям.

- Пачакайце! Хірург мансіньёра Савелі-Катанцара, губернатара Рыма, - сын аднаго з нашых слуг, - паспешліва загаварыла Ваніна. - Ён прывязаны да нас, а дзякуючы свайму становішчу можа нікога не баяцца. Дарма мой бацька не давярае яго адданасці. Я зараз пашлю за ім.

- Не трэба, не трэба! - выклікнула незнаёмка з хваляваннем, здзівіўшым Ваніну. - Прыходзьце наведваць мяне, а калі бог пакліча мяне, я буду шчаслівая памерці на вашых руках.