Выбрать главу

На працягу некалькіх дзён яна адорвала добразычлівай увагай ласкавага дона Лівіа, а затым абвясціла яму, што ніколі не будзе яго жонкай: па яе меркаванню, ён занадта легкадумны.

- Калі б не былі вы дзіцём, - сказала яна, - падначаленыя вашага дзядзечкі не мелі б ад вас таямніцаў. Напрыклад, што збіраюцца зрабіць з тымі карбанарыямі, якіх нядаўна арыштавалі ў Форлі?

Праз два дні Лівіа прыйшоў паведаміць ёй, што ўсе арыштаваныя ў Форлі карбанарыі збеглі.

З пагардлівай і горкай усмешкаю яна спыніла на ім погляд сваіх вялізных чорных вачэй і за ўвесь вечар не ўдастоіла яго ніводным словам.

Праз дзень дон Лівіа, чырванеючы, прызнаўся ёй, што яго падманулі.

- Але я дастаў ключ ад кабінета дзядзечкі, - дадаў ён, - пакапаўся там у паперах і ведаю зараз, што прызначаная кангрэгацыя, гэта значыць камісія, складзеная з самых уплывовых кардыналаў і прэлатаў; на днях яна збярэцца ў найвялікшай тайне і вырашыць пытанне, дзе судзіць гэтых карбанарыяў - у Равенне або ў Рыме. У цяперашні час усе дзевяць арыштаваных карбанарыяў і іх важак, нейкі Місірыллі, які па дурасці добраахвотна аддаўся ў рукі ўладаў, утрымліваюцца ў замку Лявоне.

Пры слове «дурасць» Ваніна балюча ўшчыкнула князя Лівіа.

- Я сама жадаю пракрасціся разам з вамі ў кабінет вашага дзядзечкі, - сказала яна, - і ўласнымі вачамі ўбачыць гэтыя паперы. Вы, пэўна, дрэнна прачыталі.

Пачуўшы такія словы, Лівіа спалохаўся: Ваніна патрабавала ад яго амаль немагчымага; але наравістасць гэтай маладзіцы толькі ўзмацняла яго каханне. Праз некалькі дзён Ваніна, пераапрануўшыся ў прыгожую ліўрэю, якую насілі слугі дому Савелі, правяла паўгадзіны ў кабінеце міністра паліцыі за чытаннем найсакрэтнейшых дакументаў. Яна ўся схамянулася ад радасці, калі знайшла сярод іх «дзённік данясенняў аб падсудным Пьетра Місірыллі». У яе дрыжалі рукі, калі яна трымала гэтыя паперы. Яна яшчэ раз перачытала яго імя і ледзь не страціла прытомнасць. Выходзячы з губернатарскага палаца, Ваніна дазволіла Лівіа пацалаваць яе.

- Вы выдатна вытрымліваеце іспыты, якімі я рашыла выпрабоўваць вас.

Пасля такой пахвалы малады князь ва ўгоду Ваніне гатовы быў падпаліць Ватыкан.

У той вечар давалі баль у французскай амбасадзе. Ваніна шмат танчыла і амаль увесь час з Лівіа. Ён ап'янеў ад шчасця - трэба было не даваць яму ачухацца.

- У майго бацькі бываюць часам дзівацтвы, - сказала яму аднойчы Ваніна. - Сёння раніцай ён прагнаў двух слуг, і яны прыйшлі да мяне плакацца. Адзін з іх прасіў, каб я ўладкавала яго на службу да губернатара, а іншы, адстаўны салдат, які служыў у артылерыі пры французах, жадаў атрымаць месца ў крэпасці Святога Анёла.

- Я абодвух вазьму да сябе на службу, - хутка адказаў малады князь.

- А хіба я прашу вас аб гэтым? - фанабэрліва запярэчыла Ваніна. - Я вам у дакладнасці перадала прашэнні гэтых няшчасных людзей. Абодва павінны атрымаць менавіта тое, што яны просяць.

Нічога не магло быць цяжэй. Мансіньёр Катанцара зусім не адрозніваўся даверлівасцю і дапускаў у свой дом толькі людзей, добра яму вядомых.

Знешне жыццё Ваніны па-ранейшаму было запоўненае разнастайнымі прыемнасцямі, але яе мучыла пакаянне, і яна была вельмі няшчасная. Маруднасць падзей забівала яе. Павераны бацькі дастаў ёй грошы. Што рабіць? Сыйсці з бацькоўскага дому, з'ехаць у Раманью і паспрабаваць арганізаваць уцёкі Пьетра? Думка безразважная, але Ваніна ўжо гатовая была ажыццявіць яе, як раптам выпадак злітаваўся над ёю.

Дон Лівіа сказаў ёй:

- Хутка ў Рым прывязуць дзесяць карбанарыяў венты Місірыллі, а калі ім вынясуць смяротны прысуд, кара адбудзецца ў Раманье. Мой дзядзька дабіўся гэтага ад таты сёння ўвечары. Ва ўсім Рыме толькі мы з вамі ведаем гэтую таямніцу. Вы задаволеныя мною?

- Вы робіцеся сапраўдным мужчынам, - адказала Ваніна. - Падарыце мне ваш партрэт.

Напярэдадні таго дня, калі Місірыллі павінны былі прывезці ў Рым, Ваніна прыдумала падставу, каб прыехаць у Чыта-Кастэлляна. У турме гэтага горада змясцілі на начлег карбанарыяў, якіх перасылалі з Раманьі ў Рым. Раніцой, калі іх адпраўлялі з турмы, яна ўбачыла Місірыллі: яго везлі ў калясцы аднаго, закаванага ў ланцугі; ён быў вельмі бледны, але, здавалася, ніколькі не паўшы духам. Нейкая бабулька кінула яму букет фіялак. Місірыллі з усмешкай падзякаваў ёй.

Ваніна ўбачыла ўлюбёнага і быццам адрадзілася, адчула прыліў мужнасці. Задоўга да гэтай сустрэчы яна дабілася падвышэння ў пасадзе для абата Кары, які быў эканомам у крэпасці Святога Анёла, куды павінны былі заключыць Місірыллі; яна ўзяла гэтага добрасардэчнага святара сабе ў духоўнікі. А ў Рыме нямалую вагу мае становішча духоўніка князёўны, пляменніцы губернатара.