Выбрать главу

Тады ўжо не пачуў Вiктар Зенiч, як сцiхла музыка. Яна абарвалася зразу, раптоўна скончылiся зыкi, перайшлi ў цiшыню i ўжо больш не ўзнiмалiся; мусiць, або надзвычайна здаволiлi яны за сцяной дзяўчыну, або з такой самай сiлай вызвалi нездавальненне. I цi тое, цi другое, але было вялiкае.

III

На вулiцы пачулася вясёлая песня. Яна вывела Вiктара Зенiча з задумёнасцi. Ён цiха падняўся i праз акно глянуў у ясны змрок вулiцы. Нiчога там не было вiдно. Цiха стаялi будынкi, платы i дрэвы, i зусiм ужо губiў сваю ружовасць захад.

Свяцiлiся ўжо вокны чалавечых прытулаў, i самае блiжэйшае акно напроцi, у кватэры шаўца Адрыяна Раманчука, застаўлена было збанкамi, бутэлькамi, завалена капыламi, шчоткамi i яшчэ нечым iншым, што вельмi тонкiмi абрысамi вызначалася на асвечаных шыбах. I здавалася, што гэта шавец Адрыян жыве сягоння ў сваёй кватэры да часу i загэтым накiдаў так усяго на акно. Але як i запамятае Вiктар Зенiч, заўсёды так у яго на гэтым акне. А калi часам даводзiцца быць па справе ў яго кватэры, дык i там усё гэтак. I, мусiць, у душы яго так: усё, што пападае туды з шырынi свету, кладзецца абы-як, як бы да часу, а пасля непрыметна знiкае...

Ляскаталi недзе калёсы на вулiцы, за парканам, ды моцна брахалi сабакi... Раптам вясёлая песня загучала мацней i выйшла на адкрытае месца калона людзей. Iшлi камсамольцы з нязжытай вясёласцю жыццяздольнасцi. А пасля, як за вуглом суседняй вулiцы нячутна стала iхняя песня, абазваўся гул бубённы, i пад гэты гул з важнасцю прамаршыравалi два атрады пiянераў. А ззаду за iмi беглi яшчэ "штацкiя" хлапчукi пад кiраўнiцтвам Юзiка Юзiкава гэтыя яшчэ чакалi больш сталага ўзросту, каб маршыраваць у ногу пад бубённы гул.

Юзiк са сваiм "штацкiм" атрадам правёў сапраўдны атрад да суседняе вулiцы i скамандаваў назад. "Штацкi" атрад нястройна, але весела павярнуўся i пайшоў назад, а Юзiк, не маючы сапраўднага бубна, iшоў паперадзе ды бубнiў у бубен "штацкi" - трымаў леваю рукою аблубiцу* з старога рэшата i з усiх сiл лупiў па ёй меднаю качалкай з мажджыру**, якую цiхом сцягнуў ад мацеры.

* Аблубiцца - абадок.

** Мажджыр - жалезны таўкач.

Насустрач яму папалася рота вайсковых, яны паволi iшлi, i запявала, радасны ад свае песнi, запяваў:

Пайшла Манька, эх, ды ў лес,

А ёй жук пад хустку ўлез...

I здаровыя галасы, гуллiвыя ад жартаўлiвае песнi, якую заўсёды спявалi ў час вясёлага настрою, калi спацыравалi па канцавых вулiцах горада, хваталi прыпеў:

Эх, Манюша, гых, Манюша

Разгулялася

Цэлы дзень бесперастанку

Цалавалася!..

Словы мала разбiралiся ў звычных галасах, але матыў яе i выконванне гаварылi аб сiле, якую неабходна трэба было вылiць у песнi.

"Штацкi" атрад Юзiка рассыпаўся, а пасля, як вайсковыя схавалiся за вуглом, ён зноў яго сабраў, падаў нейкую каманду, i атрад рушыў.

Пасля Манька а яй лес,

А ёй зук панцоху ўлез...

зацягнуў Юзiк, з вялiкай важнасцю аглядаючыся па баках.

I атрад яго грануў прыпеў.

А самы заднi, што без шапкi, якую прамяняў на яблыкi, ведаючы, што на зiму бацька маецца другую купiць, нёс вольную цяпер аблубiцу ды ўсё ўпэўнiваў усякага, хто пападаўся на дарозе:

- От, братка, наярваем!

А той "братка", часамi сiвы дзед, адыходзiў убок ды з любасцю глядзеў на дзяцей.

Хутка i Юзiк згiнуў з сваiм атрадам, i на зялёна-цёмнай плошчы нiкога не засталося, бо месца гэтае падыходзiла да канца горада... Пуста было, i толькi там, дзе плошча пераходзiла паступова ў бульвар, збiралiся вайсковыя музыканты. Iх постацi варушылiся на палiнялым фоне лёгкага змроку, i ясна вiдна была знаёмая Вiктару Зенiчу высокая постаць капельмайстра.

I ўяўлялася зямля i людзi на ёй. I ўсё хацелася пайсцi па зямлi, ахвацiць яе сабою i сказаць кожнаму: вось я бачу, чую, адчуваю цябе. I пачынаю адчуваць у цябе тое, чаго ты i сам можа не адчуваў...

А нашто гэта?

То гэта ты думкi можаш растлумачыць, а пачуццi хiба заўсёды можаш?..

Тады выйшаў Вiктар Зенiч на вячэрнюю вулiцу.

IV

- Справа вось у чым, - чуўся недзе недалёка задуменны голас, - аб цвiк чуць вуха не разарваў.

- Як жа ты? - пытаў другi, як бы трохi з некiм расчараваннем, голас.

- У плоце, значыцца, цвiк, а я каля самага плота iду.

- То чаго ты лезеш на плот?

- А чорт жа яго ўсё ўгледзiць.

"Прайшлi людзi", - падумаў Вiктар Зенiч i пайшоў далей.

Ясна свяцiўся ў канцы вулiцы клуб. Клалiся на зямлю палосы свету з вялiкiх акон, чулiся адтуль галасы гаворак, нехта смяяўся, нехта нешта гаварыў, адзiн усiм. Звiнелi нядобра ўстаўленым шклом дзверы; Вiктар Зенiч ведаў гэты iх дакучлiвы звон i зачынiў iх за сабою паволi.

У сярэдзiне весела свяцiла электрычнасць, за вялiкiм сталом, узлёгшы адзiн на аднаго, нешта разглядалi, чутно было, як шумiць папера газеты цi можа вялiкай кнiгi. Каля процiлеглай сцяны сядзелi пагрузчыкi вагонаў, стараватыя мужчыны ў сваiх доўгiх брызентавых сарочках да кален, не пераадзяючыся прыйшлi яны сюды. А пры дзвярах нехта, з вялiкiмi валасамi i ў чорным фрэнчы, iграў на раялi вельмi ж вясёлы матыў, i здавалася, што гэта ад гэтых зыкаў i лёгкi змрок дрыжыць, што прытаiўся каля дзвярэй, дзе менш было свету. Пасярэдзiне ж у сваiм кароткiм кажушку стаяў сталяр Арсень Грабiч, трымаючыся ў бокi, i ўсё рваўся, каб выбiць нагамi нейкi танец.

- Няможна тут гэтым займацца, тут табе не пiўная, - чуўся голас.

- Братка, - угаварваў яго сталяр з вясёлым смехам, - ты адно паглядзi, што за танец, для цябе ж гэта я i скакаць сабраўся.