Выбрать главу

«Вось я ўжо і не ведаю, якой вам яшчэ стравы хочацца, Афанасій Іванавіч!» адказала мажная красуня, прыкідваючыся, што не разумее.

«Зразумела, кахання вашага, незраўнаная Хаўроння Нікіфараўна!» шэптам прамовіў паповіч, трымаючы ў адной руцэ варэнік, а другой абдымаючы шырокі стан яе.

«Бог ведае, што вы выдумаеце, Афанасій Іванавіч!» сказала Хіўра, сарамліва спусціўшы вочы свае. «Чаго добрага! вы, глядзі што, надумаецеся яшчэ цалавацца!»

«Наконт гэтага я вам скажу, хоць-бы і пра сябе», гаварыў далей паповіч: «падчас бытавання майго, да прыкладу сказаць, яшчэ ў бурсе, вось як цяпер помню…»

Тут пачуўся на дварэ брэх і стук у вароты. Хіўра паспешна выбегла і вярнулася збялеўшая.

«Ну, Афанасій Іванавіч, мы папаліся з вамі; народу стукаецца куча, і мне здаўся кумаў голас…»

Варэнік спыніўся ў горле паповіча… Вочы яго вылупіліся, нібыта які-небудзь выхадзец з таго свету толькі што зрабіў яму перад гэтым візіт свой.

«Лезьце сюды!» крычала спалоханая Хіўра, паказваючы на пакладзеныя пад самай столлю на двух перакладзінах дошкі, на якіх былі навалены розныя хатнія манаткі.

Небяспека дадала духу нашаму герою. Апамятаўшыся крыху, ускочыў ён на ляжанку і палез адтуль асцярожна на дошкі. А Хіўра пабегла без памяці да варот, бо грукат у іх паўтараўся з большай сілай і нецярплівасцю.

VII

Да тут чудасія, мосьпане!

З маларас. камедыі

На кірмашы адбылося дзіўнае здарэнне: усё напоўнілася чуткамі, што дзесьці паміж таварам паказалася чырвоная світка. Бабульцы, што прадавала абаранкі, здаўся шайтан, ва ўбранні жахлівае свінні, які безупынна нахіляўся над вазамі, нібыта нечага шукаючы. Гэта хутка разнеслася па ўсіх кутках ужо сціхшага табара; і ўсе лічылі за злачынства не верыць, не зважаючы на тое, што прадаўшчыца абаранкаў, рухомая крама якой была поруч з яткаю карчмаркі, раскланьвалася ўвесь дзень без патрэбы і пісала нагамі штосьці зусім падобнае да свайго панаднага тавару. Да гэтага дадаліся перабольшаныя весткі аб цудзе, бачаным валасным пісарам у разбураным хляве, так што пад ноч усе цясней ціснуліся адзін да аднаго; супакой парушыўся, і страх перашкаджаў кожнаму змружыць вочы свае; а тыя, што былі не зусім з адважнага дзесятка і мелі прыстанішча ў хатах, падаліся дамоў. Да ліку апошніх належаў і Чаравік з кумам і дачкою; яны разам з гасцямі, якія панапрошваліся да іх у хату, нарабілі моцнага грукату, што так напалохаў нашу Хіўру. Кума ўжо крыху разабрала. Гэта можна было бачыць з таго, што ён два разы праехаў з сваім возам па дварэ, пакуль знайшоў хату. Госці таксама былі ў вясёлым настроі і без цырамоніі ўвайшлі раней за самога гаспадара. Супруга нашага Чаравіка сядзела, як на іголках, калі пачалі яны шныпарыць па ўсіх кутках хаты.

«Што, кума?», закрычаў увайшоўшы кум: «цябе ўсё яшчэ калоціць трасца?»

«Так, нядужыцца», адказала Хіўра, неспакойна паглядаючы на накладзеныя пад столлю дошкі.

«А ну, жонка, дастань там у возе баклажку!» казаў кум прыехаўшай з ім жонцы: «Мы чарпанём яе з добрымі людзьмі; а то праклятыя бабы панапалохалі нас так, што і сказаць брыдка. А мы-ж, дальбог, браткі, праз глупства прыехалі сюды!» гаварыў ён, сёрбаючы з глінянай конаўкі. «Я тут-жа стаўляю новую шапку, калі бабы не надумаліся пасмяяцца з нас. Ды хоць-бы і сапраўды шайтан! — Што шайтан? Плюйце яму на галаву! Хоць-бы ў гэты-ж момант надумаўся ён стаць вось тут, напрыклад, перада мною: будзь я сабачы сын, калі не паднёс-бы яму дулю пад самы нос!»

«А чаго-ж ты раптам збялеў увесь!» закрычаў адзін з гасцей, які перавышаў усіх галавою і стараўся заўжды выказваць з сябе храбраца.

«Я… Гасподзь з вамі! прыснілася?»

Госці ўсміхнуліся. Здаволеная ўсмешка з'явілася на твары высокага банматыста-храбраца.

«Куды яму цяпер бялець!» падхапіў другі: «шчокі ў яго расцвілі, як мак; цяпер ён не Цыбуля, а бурак — або лепей, як тая чырвоная світка, што так ужо напалохала людзей».

Баклажка пракацілася па стале і зрабіла гасцей яшчэ весялейшымі, чым раней. Тут Чаравік наш, якога даўно ўжо мучыла чырвоная світка і не давала ні на хвіліну спакою цікаўнаму яго духу, прыступіў да кума.

«Скажы, будзь ласкаў, кум! вось прашуся ды не дапрашуся гісторыі пра гэту праклятую світку».

«Э, кум! яно-б і не варта расказваць нанач; ды хіба ўжо, каб дагадзіць табе і добрым людзям (пры гэтым звярнуўся ён да гасцей), якім, я заўважаю, столькі-ж, як і табе, хочацца даведацца пра гэтую дзіковіну. Ну, няхай будзе так. Слухайце-ж!»