Выбрать главу

V. Новая задума цётухны

«Ну, што? выманіў у старога ліхадзея запіс?» Такім пытаннем сустрэла Івана Фёдаравіча цётухна, якая з нецярплівасцю чакала яго ўжо некалькі гадзін на ганку і не выцерпела, нарэшце, каб не выбегчы за вароты.

«Не, цётухна!» сказаў Іван Фёдаравіч, злазячы з павозкі: «у Грыгорыя Грыгор'евіча няма ніякага запісу».

«І ты паверыў яму! Маніць ён, пракляты! Калі-небудзь пападу, дапраўды, адлупцую ўласнымі рукамі. О, я яму спушчу тлушчу! Зрэшты, трэба наперад пагаварыць з нашым падсудкам, ці нельга з яго судом спагнаць… Але не аб гэтым цяпер справа. Ну, што-ж, абед быў добры?»

«Надта… так, вельмі, цётухна».

«Ну, якія-ж былі стравы, раскажы? Старая, я ведаю, майстроўка наглядаць за кухняю».

«Сырнікі былі з смятанаю, цётухна. Соус з галубамі, начыненымі»…

«А індычка са слівамі была?» запытала цётухна, таму што сама была вялікая майстроўка гатаваць гэтую страву.

«Была і індычка!.. Вельмі прыгожыя паненкі, сястрыцы Грыгорыя Грыгор'евіча, асабліва бялявая!»

«А!» сказала цётухна і пільна паглядзела на Івана Фёдаравіча, які, пачырванеўшы, панурыў вочы ў зямлю. Новая думка шпарка прамільгнула ў яе ў галаве. «Ну, што-ж?» запытала яна з цікавасцю і жвава: «якія ў яе бровы?» Не шкодзіць зазначыць, што цётухна заўжды лічыла, што першае хараство жанчыны ў брывях.

«Бровы, цётухна, зусім такія, якія, вы расказвалі, у маладосці былі ў вас. І па ўсім твары крыху вяснушкі».

«А!» сказала цётухна, будучы здаволена заўвагай Івана Фёдаравіча, які, аднак-жа, і ў думках не меў сказаць гэтым камплімент. «Якая-ж на ёй была сукенка? хоць, зрэшты, цяпер цяжка знайсці такіх шчытных тканін, якая вось хоць-бы, напрыклад, у мяне на гэтай капоце. Але не аб гэтым справа. Ну, што-ж, гаварыў ты пра што-небудзь з ёю?»

«Гэта значыць, як?.. я, цётухна? Вы, можа, ужо думаеце…»

«А што-ж? якое-ж тут дзіва? як богу пажадана! Можа, табе з ёю на раду напісана жыць парачкаю».

«Я не ведаю, цётухна, як вы можаце гэта гаварыць. Гэта даводзіць, што вы зусім не ведаеце мяне…»

«Ну, вось ужо і пакрыўдзіўся!» сказала цётухна. «Ще молода дытына!» падумала яна сама сабе: «нічога не ведае! трэба іх звесці разам, няхай пазнаёмяцца!»

Тут цётухна пайшла зірнуць на кухню і пакінула Івана Фёдаравіча. Але з гэтага часу яна толькі і думала пра тое, як убачыць хутчэй свайго пляменніка жанатым і паняньчыць маленькіх унучкаў. У галаве яе тоўпіліся адны толькі прыгатаванні да вяселля, і прыкметна было, што яна ва ўсіх справах мітусілася куды болей, чым раней, хоць, зрэшты, гэтыя справы ішлі хутчэй горай, чым лепей. Часта, робячы якое-небудзь пірожнае, чаго наогул яна ніколі не давярала кухарцы, яна, забыўшыся і ўяўляючы, што каля яе стаіць маленькі ўнучак і просіць пірага, безуважна працягвала да яго руку з лепшым кавалкам, а дваровы сабака, карыстаючыся гэтым, хапаў ласы кавалак і сваім гучным чваканнем выводзіў яе з задумення, за што і бываў заўжды біты качаргою. Нават пакінула яна ўлюбёныя свае заняткі і не ездзіла на паляванне, асабліва, калі, замест курапаткі, застрэліла варону, чаго ніколі раней з ёю не здаралася.

Нарэшце, дні праз чатыры пасля гэтага, усе ўбачылі выкачаную з хлява на двор брычку. Фурман Амелька, ён-жа гароднік і вартаўнік, яшчэ з самага рання стукаў малатком і прыбіваў скуру, адганяючы безупынна сабак, якія лізалі колы. Лічу за абавязак загадзя паведаміць чытачоў, што гэта была тая самая брычка, у якой яшчэ ездзіў Адам. І таму, калі хто будзе выдаваць іншую за адамаўскую, дык гэта праўдзівая брахня, і брычка напэўна падробленая. Зусім невядома, якім чынам яна выратавалася ад патопу. Трэба думаць, што ў Ноевым каўчэгу была асобная для яе павець. Шкада вельмі, што нельга яскрава апісаць чытачам яе паставы. Даволі сказаць, што Васіліса Кашпораўна была вельмі задаволена яе архітэктураю, і заўсёды шкадавала, што вывеліся з моды старасвецкія экіпажы. Тое, што брычка была зроблена крыху набок, гэта значыць так, што правы бок яе быў куды вышэй за левы, цётухне вельмі падабалася, таму, што з аднаго боку можа, як яна гаварыла, улазіць чалавек малога росту, а з другога — вялікага. Зрэшты, у сярэдзіне брычкі маглі змясціцца штук пяць малога росту і трое такіх, як цётухна. Блізка поўдня, Амелька, управіўшыся каля брычкі, вывеў са стайні тройку коней, мала чым маладзей за брычку, і пачаў прывязваць іх вяроўкаю да велічнага экіпажа. Іван Фёдаравіч і цётухна, адзін з левага боку, другая з правага, улезлі ў брычку і яна рушыла. Мужыкі, якія трапляліся па дарозе, бачачы такі багаты экіпаж (цётухна вельмі рэдка выязджала ў ім), пачціва спыняліся, здымалі шапкі і кланяліся ў пояс. Гадзіны праз дзве кібітка спынілася перад ганкам, — мяркую, не трэба гаварыць: перад ганкам дома Сторчанка. Грыгорыя Грыгор'евіча не было дома. Бабулька з паненкамі вышла сустрэць гасцей у сталовую. Цётухна падышла велічным крокам, з вялікім спрытам ад-ставіла адну нагу наперад і сказала голасна: