Выбрать главу

«Ну, Іван Фёдаравіч! пра што-ж вы гаварылі ўдваіх з паненкаю?» спытала дарогаю цётухна.

«Вельмі сціплая і добранраўная дзяўчына Мар'я Грыгор'еўна!» сказаў Іван Фёдаравіч.

«Слухай, Іван Фёдаравіч! Я хачу пагаварыць з табою сур'ёзна. Табе-ж, дзякуй богу, трыццаць восьмы год. Чын ты ўжо маеш добры. Час падумаць і пра дзяцей! Табе абавязкова патрэбна жонка…»

«Як, цётухна!» закрычаў спалохаўшыся Іван Фёдаравіч: «як жонка! не, цётухна, зрабіце ласку… Вы зусім мяне ў сорам уганяеце… я яшчэ ніколі не быў жанаты… Я зусім не ведаю, што з ёю рабіць!»

«Даведаешся, Іван Фёдаравіч, даведаешся», прамовіла, усміхаючыся, цётухна і падумала сама сабе: куды ж! ще зовсим молода дытына, нічога не ведае! — «Так, Іван Фёдаравіч!» гаварыла яна далей уголас: «лепшай жонкі нельга адшукаць табе, як Мар'я Грыгор'еўна. Табе-ж яна да таго-ж вельмі ўпадабалася. Мы ўжо наконт гэтага шмат перагаварылі з бабулькай: яна вельмі рада бачыць цябе сваім зяцем; яшчэ невядома, праўда, што скажа гэты грэхадзей Грыгор'евіч. Але мы не паглядзім на яго, і няхай ён толькі ўздумае не аддаць пасагу, мы яго судом…» У гэты час брычка пад'ехала да двара, і старэзныя клячы ажылі, чуючы блізкае стойла.

«Слухай, Амелька! коням дай перш адпачыць добра, а не вядзі адразу, распрогшы, да вадапою! яны коні гарачыя». — «Ну, Іван Фёдаравіч», гаварыла далей, вылазячы, цётухна: «Я раю табе добра падумаць пра гэта. Мне яшчэ трэба забегчы ў кухню, я забылася заказаць Салосе вячэру, а яна, нягодніца, я мяркую, сама і не падумала пра гэта».

Але Іван Фёдаравіч стаяў, як быццам громам аглушаны. Праўда, Мар'я Грыгор'еўна вельмі нябрыдкая паненка, але жаніцца!.. Гэта здавалася яму так дзіўна, што ён ніяк не мог падумаць без страху. Жыць з жонкаю!.. незразумела! Ён не адзін будзе жыць у сваім пакоі, але іх павінна быць усюды двое!.. Пот выступаў у яго на твары, па меры таго, чым болей паглыбляўся ён у разважанне.

Раней як звычайна лёг ён у ложак, але, не зважаючы на ўсе намаганні, ніяк не мог заснуць. Нарэшце, жаданы сон, гэты ўсеагульны таймавальнік, наведаў яго; але які сон! Больш бязладных сненняў яму ніколі не здаралася бачыць. То снілася яму, што наўкол яго ўсё шуміць, круціцца. А ён бяжыць, бяжыць, не чуе пад сабою ног… вось ужо выбіваецца з сілы… Раптам нехта хапае яго за вуха. «Ай! хто гэта?» — «Гэта я, твая жонка!» з шумам гаварыў яму нейкі голас. І ён раптам прачынаўся. То ўяўлялася яму, што ён ужо жанаты, што ўсё ў дамочку іх так дзіўна, так дзівосна: у пакоі яго стаіць, замест адзінокага, падвойны ложак. На крэсле сядзіць жонка. Яму дзіўна, ён не ведае, як падыйсці да яе, што гаварыць з ёю; і заўважае, што ў яе гусіны твар. Знячэўку паварочваецца ён убок і бачыць другую жонку, таксама з гусіным тварам. Паварочваецца ў другі бок — стаіць трэцяя жонка. Назад — яшчэ адна жонка. Тут яго апаноўвае туга. Ён кінуўся бегчы ў сад; але ў садзе горача. Ён зняў капялюш, бачыць: і ў капелюшы сядзіць жонка. Пот выступіў у яго на твары. Палез у кішэню па хустачку — і ў кішэні жонка; дастаў з вуха вату — і там сядзіць жонка… То раптам ён скакаў на адной назе; а цётухна, пазіраючы на яго, гаварыла з важным выглядам: «Так, ты павінен скакаць, бо ты ўжо цяпер жанаты чалавек». Ён да яе — але цётухна ўжо не цётухна, а званіца. І адчувае, што яго нехта цягне вяроўкаю на званіцу. «Хто гэта цягне мяне?» жаласна прамовіў Іван Фёдаравіч. «Гэта я, жонка твая, цягну цябе, бо ты звон». «Не, я не звон, я Іван Фёдаравіч!» крычаў ён. «Так, ты звон», сказаў, праходзячы міма палкоўнік П*** пяхотнага палка. То раптам снілася яму, што жонка зусім не чалавек, а нейкая шарсцяная тканіна: што ён у Магілеве прыходзіць у краму да купца. «Якой загадаеце тканіны?» гаворыць купец: «вы вазьміце жонкі, гэта самая модная тканіна! Вельмі добрая! з яе ўсе шыюць сабе сурдуты». Купец мерае і рэжа жонку. Іван Фёдаравіч бярэ пад паху, ідзе да жыда, краўца. — «Не», кажа жыд: «гэта кепская тканіна! З яе ніхто не шые сабе сурдута…»

У страху і непрытомнасці прачынаўся Іван Фёдаравіч. Халодны пот ліўся з яго градам.

Як толькі ўстаў ён раніцай, адразу-ж звярнуўся да варажбітнай кнігі, у канцы якой адзін дабрадзейны гандляр кнігамі, з свае выключнай дабраты і бескарыслівасці, змясціў скарочаны растлумачальнік слоў. Але там зусім не было нічога, нават хоць крыху падобнага да такога бязладнага сну.

Тым часам у галаве цётухны выспела зусім новая задума, пра якую даведаецеся ў наступным раздзеле.

Зачараванае месца

Быль, расказаная дзячком ***скай царквы.

Дальбог, ужо надакучыла расказваць! Ды што вы думаеце? Дапраўды, нудна: расказвай Дый расказвай, і адчапіцца нельга! Ну, няхай па-вашаму, я раскажу, толькі, ей-ей, апошні раз. Але-ж, вось вы казалі наконт таго, што чалавек можа саўладаць, як гавораць, з нячыстым духам. Яно вядома, гэта значыць, калі добра падумаць, бываюць на свеце розныя выпадкі… Аднак-жа не кажыце гэтага. Захоча абмарочыць д'ябальская сіла, дык абмарочыць. Дальбог, абмарочыць!.. Вось зрабіце ласку паглядзець: нас усіх у бацькі было чацвёра. Я тады быў яшчэ дурань. Усяго мне было год адзінаццаць; ды не-ж, не адзінаццаць: я помню як цяпер, калі аднойчы пабег быў я на карачках і пачаў брахаць па-сабачы, бацька закрычаў на мяне, паківаўшы галавою: «Гэй, Фама, Фама! цябе жаніць пара, а ты дурэеш, як малады канюк!» Дзед быў яшчэ тады жывы і на ногі, — няхай яму лёгка ікнецца на тым свеце, — даволі порсткі. Бывала, надумаецца… Ды што-ж гэтак расказваць? Адзін выграбае з печы цэлую гадзіну вугаль для свае люлькі, другі нечага пабег за камору. Што, сапраўды!.. Няхай-бы супраць волі, а то самі напрасіліся. Слухаць, дык слухаць! Бацька яшчэ на пачатку вясны павёз у Крым на продаж табаку. Не помню толькі, два ці тры вазы снарадзіў ён. Табака была тады ў цане. З сабою ўзяў ён трохгадовага брата, прывучаць загадзя чумакаваць. Нас засталося: дзед, маці, я, ды брат, ды яшчэ брат. Дзед засеяў баштан на самай дарозе і перайшоў жыць у курэнь; узяў і нас з сабою, ганяць вераб'ёў і сарок з баштану. Нам гэта было, нельга сказаць, каб кепска. Бывала, наясіся за дзень столькі гуркоў, дынь, рэпы, цыбулі, гароху, што ў жываце, дальбог, як быццам пеўні крычаць. Ну, яно да таго-ж і з прыбыткам. Прыезджыя таўкуцца на дарозе, кожнаму захочацца паласавацца кавуном ці дыняю. Ды з наўкольных хутароў, бывала, нанясуць на абмен курэй, яек, індычак. Жыццё было добрае. Але дзеду больш за ўсё было да спадобы тое, што чумакоў кожны дзень вазоў пяцьдзесят праедзе. Народ, ведаеце, бывалы: пойдзе расказваць — толькі вушы развешвай! А дзеду гэта ўсёроўна, што галоднаму галушкі. Іншы раз, бывала, здарыцца сустрэча з старымі знаёмымі (дзеда кожны ўжо ведаў), можаце меркаваць самі, што бывае, калі пазбіраецца старызна. Тара, тара, тады вось, ды тады вось, такое вось, ды такое вось было… Ну, і разліюцца! успамянуць, бог ведае, колішняе. Аднойчы, — ну, вось, дапраўды, як быццам цяпер здарылася, — сонца пачало ўжо садзіцца; дзед хадзіў па баштане і здымаў з кавуноў лісце, якім папрыкрываў іх удзень, каб не папякліся на сонцы. «Глядзі, Астап», кажу я брату: «вунь чумакі едуць!» «Дзе чумакі?» сказаў дзед, паклаўшы знак на вялікай дыні, каб выпадкам не з'елі хлопцы. Па дарозе, сапраўды, цягнулася вазоў шэсць. Наперадзе ішоў чумак ужо з шызымі вусамі. Не дайшоўшы крокаў, як-бы вам сказаць, на дзесяць, ён спыніўся. «Здароў, Максім! Вось прывёў бог дзе пабачыцца!»