Выбрать главу

— То я пайду вам прыбяру месца, дзе спаць. І куртачку прыхаваю, а то ж украдуць куртачку, гэтулькі свалачэй ходзіць… — замітусілася маці.

— Не трэба, мы будзем тут спаць, — цвёрда і холадна сказаў Сяргей. І, каб маці не перапытвала, спытаў: — Ты таго зэка так і не выгнала?

— А сыночак, а як жа без мужчыны ў вёсцы? Гаспадарка…

— Якая ў цябе гаспадарка? Куры? Які з яго гаспадар? Дровы ў траву паўрасталі…

— Дык у яго ж рукі балелі… Плячо выцяў у лесе, як грузілі, то во не можа ўзмахнуць сякерай… Прыбярэ, пасячэ… І ты во паможаш…

Сяргей нічога не адказаў, падышоў да Нэлы, апусціўся на кукішкі, стаў збіраць рэчы ў рукзак.

Маці камячыла куртку ў руках і неяк адразу, быццам успомніўшы нешта надта важнае, заспяшалася:

— От, пайду, бегчы трэба, есці наварыць… Нэлька, слухай брата! Заб’ю, як будзеш уцякаць з надворка! — з пагрозай закончыла яна і паспяшалася ў хату, несучы пад пахай куртку.

Частка 3

Месца пад будан Сяргей выбраў пад купкай вішняў. Сякеру знайшоў, глыбока загнаную ў калодку. Яна ўжо паспела месцамі пакрыцца рудымі плямамі.

«Работнічак», — злосна падумаў пра прымака, б’ючы па тапарышчу, выганяючы сякеру.

З кучы старога голля — яшчэ ў мінулым годзе ён паабрэзваў сухое сучча з яблынь — выбраць добрых шэсць калкоў не змог. Тады падаўся ў дальні кут сада — там густа раслі слівы-самасейкі. Кожную восень зямля пад імі ўсцілалася дробнымі сіне-чорнымі ягадамі. Іх ніхто не збіраў — несмач, дробныя, ды яшчэ каб сабраць, трэба было добра палазіць у гушчары, рызыкуючы не толькі рукі падрапаць, але і вочы павыколваць. Слівы раслі густа, таму ствалы дрэўцаў цягнуліся вышэй да сонца, былі гонкімі.

Тое, што трэба, Сяргей выглядзеў хутка. Цяжэй было секчы, бо вакол кожнага больш-менш тоўстага ствала густа перлі ўверх маладыя парасткі. Ды і сякерай не размахнуцца як след. Ссек першую сліву, выцягнуў з гушчару пад вішні.

— Во, Нэла, мы сабе дом будаваць будзем! — радасна, са змоўніцкімі ноткамі ў голасе сказаў ён.

Нэла, шырока раскрыўшы і так вялікія свае вачаняты, неадрыўна глядзела на брата.

— Не, ты сядзі, — папярэдзіў Сяргей яе жаданне падысці. — Потым табе работа будзе.

Нэла засталася сядзець.

Высек яшчэ дзве сліўкі — якраз на шэсць калкоў. Потым абсекваў па даўжыні, шукаў скрутак іржавага дроту, які, помніў з мінулага года, павінен быў быць недзе на двары.

— А цяпер дапамагай! — гукнуў ён Нэлу, узяўшы ў рукі два калкі. — Трымаць будзеш.

Нэла радасна падхапілася, тут жа абшчаперыла адзін калок.

— Не спяшайся, не спяшайся, — Сяргей разважліва прыпыніў сястру.

Раптам бліснула ў свядомасці: вось некалі яны з бацькам разам маглі б будаваць будан…

Увагнаў крыху ў зямлю адзін калок, Нэла яго прытрымала. Увагнаў другі, злучыў уверсе канцы, звязаў-скруціў дротам.

— О, пачатак ёсць!

Нэла з захапленнем глядзела на гэтыя калкі і раптам хутка падлезла пад адзін, не адпускаючы яго — быццам зайшла ўжо ў будан.

— Гы-гы-гы! — вырвалася з яе грудзей радаснае.

Сяргей уздрыгнуў. Гэта былі першыя гукі, якія ён пачуў ад Нэлы. Добра, што пачуў ён смех…

Яшчэ дзве пары калкоў звязаных паставілі, потым злучылі папярэчынамі (з той гары тапорніку на двары выбралі лепшае), потым голле меншае пакідалі. Нэла і трымала, і падавала, і цягнула галіны са шчаслівым, ззяючым тварыкам.

— Вось, цяпер пойдзем па сена. Накрыем-пасцелем — будзе нам хата!

У хляве, у куце, ляжалі рэшткі сена. Карову маці даўно не трымала.

Вілы стаялі побач — старыя, з адпаліраваным рукамі дзяржаннем, з тонкімі, кароткімі і вострымі ад доўгай работы зубамі. Сена ўзялося акуратным пластом, Сяргей пацягнуў, узнялося воблака пылу, шыбануў пах старой цвілі, у якім ледзь улоўным быў і тонкі водар сапраўднага сена. Сяргей пацягнуў пласт па двары. Нэла ўхапіла з кучы шматок сена, несла, прыціскаючы аберуч да грудзей. Сяргей стаў абкладваць будан сенам, Нэла зноў пабегла ў хлеў.

Праца захапіла — было прыемна бачыць, як на пустым месцы акрэсліваецца іх будучае месца для начлегу — будан. «Тут нас ніхто не патурбуе,» — думаў Сяргей, падсвядома разумеючы, што «ніхто» — гэта п’яная маці, прымак, яго сябрукі-сабутэльнікі. Яшчэ ў мінулым годзе ён хацеў зрабіць вось такі будан, каб не чуць па вечарах і начах п’янага вэрхалу, брудных мацюкоў, злога крыку. «Няхай хоць падушацца цяпер…»

Заставалася прынесці рэшткі сена, ношкі дзве, каб паслаць на зямлю.