Выбрать главу

— Ну-с, з абуджэннем вас, шаноўны Андрэй Мікалаевіч, — адсунуўшы сваёй маленькай металічнай рукою каўпак, які быў нада мною, важна прамовіў ён.

— Рады нябе бачыць, Сарторык, — нягучна кінуў я і, звесіўшы з ложка ногі, сеў.

Маё цела працяў рэзкі боль. Ад шуму ў галаве я пахіснуўся.

— Ну, як сябе адчуваеце? Напэўна, галоўка яшчэ пабольвае, ды й цельца не зусім сваё? Нялёгка трываць такую нафузку, Андрэй Мікалаевіч, у вашыя шэсцьдзесят? — хутчэй сцвярджаў, чым распытваў Сарторык.

— Ды пакуль можна цярпець. Як той казаў: цярпі казак — атаманам будзеш, — паспрабаваў я ўсміхнуцца.

— Ну-ну, — зычліва прамармытаў Сарторык і палез у палатняную торбу, што была прышпілена да ягонага боку. — З'ешце вось гэта, — працягнуў ён мне падобную на жвачку вялікую ружовую таблетку. — Гэта крыху ўзбадзёрыць вас.

Я праглынуў біястымулятар і праз хвіліну адчуў у целе лёгкасць.

— Вас, безумоўна, цікавіць, чаму так раптоўна пабудзілі? — пасля невялікай паўзы спытаў Сарторык.

Я ўсхвалявана кіўнуў галавою, маўляў, разумею, што пабудзілі не выпадкова. Штосьці на зоркаііёце здарылася, пакуль я адпачываў у біяскафандры. Але што?

— Не хвалюйцеся. Нічога небяспечнага не здарылася, — нібы прачытаўшы мае думкі, хутка прамовіў Сарторык. — Праўда, для вас справа дрэнная. Мы змяняем курс. Ёсць тэрміновая праца. Вас — у капсулу. I замест роднай матулі Зямлі закінуць на якісьці астэроід МХ-12, словам, за блізкі свет. Там ёсць нейкая даследчая станцыя. Вось вам і давядзецца на ёй крыху пасядзець, пакуль вас не падбярэ які-небудзь спадарожны зоркалёт, што будзе трымаць курс на Зямлю. Ну, як вам усё гэта падабаецца? Цікавая гісторыя, ці не праўда, Андрэй Мікалаевіч? Ну, вы тут збірайцеся, прыміце душ, а мне трэба яшчэ да іншых. Далі, бачыце, даручэнне сабраць усіх.

Звычка Сарторыка паведамляць навіны доўга і напышліва мяне злавала. Але я своечасова ўспомніў, што размаўляю ўсяго толькі з машынай, няхай нават і вельмі дасканалай, але ўсё ж з машынай, якая прызначана дапамагаць чалавеку вывучаць і асвойваць неабсяжную касмічную прастору.

— Га! Ледзь не забыўся, — на імгненне прыпыніўшыся каля дзвярэй каюты, дадаў Сарторык. — Вас пасля таго, як крыху ачомаецеся, прасілі зайсці ў рубку.

Я правёў яго позіркам, падняўся з ложка і ў задуменні прайшоўся па каюце. Навіны з вуснаў робата былі не вельмі прыемныя. Мяркуючы па назве згаданага Сарторыкам астэроіда, мы цяпер знаходзіліся каля зоркі Фламенга. Ад яе да Зямлі яшчэ добрыя тры месяцы падарожжа. I сапраўды, гісторыя дрэнная. Мяне замест адной планеты закідвалі на іншую. I калі я цяпер патраплю на Зямлю — вядома толькі Богу.

«Але цікава, што ў іх там за гэткая тэрміновая праца? I навошта я ім спатрэбіўся?» — міжволі падумаў я.

2. Нечаканая прапанова

Вахтавую рубку я шукаў доўга. Зоркалёт належаў да ліку тых касмічных караблёў, якія я ведаў кепска. Ён быў глыбокага радыусу дзеяння, да таго ж апошняга выпуску, што прызначаўся для палётаў у асабліва цяжкіх умовах; на такім я ляцеў упершыню. Таму я доўга блукаў па двухкалідорах, што цягнуліся паралельна адзін аднаму, перш чым натрапіў у насавой частцы карабля на невялічкую шыльду, на якой свяціліся літары: «В. Р»

Я наблізіўся да шырокіх жоўта-залацістых дзвярэй. Яны адразу ад'ехалі ўбок — спрацавала аўтаматыка.

Перад маімі вачыма паўстала невялікая кабіна, якая была напоўнена тонкім спевам прысадзістых навігацыйных апаратаў і прылад, што размяшчаліся ўздоўж сцен. Гэта быў рэзервовы пульт кіравання зоркалётам. Пасярод яго стаяў невялікі пластмасавы стол, на якім была разгорнута зорная карта. Побач пляскаты серабрысты экран і некалькі шырокіх надзіманых крэслаў. У адным з іх, закінуўшы нагу за нагу, сядзеў высокі хударлявы мужчына, які нагадваў Дон Кіхота. Як толькі я зайшоўу каюту, ён падняў галаву, зірнуў на мяне маленькімі з'едлівымі вачыма.

— Вам каго?

— Бачыце, справа ў тым, што мяне папрасілі сюды зайсці, — прамовіў я разгублена.

— Вы астрапсіхолаг Зотаў? — няпэўна спытаў мужчына. Я сцвярджальна кіўнуў галавою.

Твар мужчыны крыху пасвятлеў.

— Тады праходзьце, — паказаў ён вачыма на дзверы, што былі відаць за экранам. — Вас там чакаюць...

Новае памяшканне, што высунулася за вузкім паўзмрочным праходам, было даволі прасторнае. Уздоўж адной ягонай сцяны цягнуліся доўгія рады цыферблатаў і назіральных шчылін, якія мерна паміргвалі чырвона-блакітнымі агеньчыкамі; насупраць іх знаходзіліся экраны аптычнага кантролю. Я спыніў свой позірк на дугападобным пульце кіравання зоркалётам, які ўзвышаўся ў цэнтры рубкі. Ягонае матавае люстэрка свяцілася маленькімі жоўтымі кропелькамі. Перад пультам было метраў шэсць свабоднай прасторы. Адразу за ім, нібы вока вялізнага волата, зіхацеў сваёй халоднай чарнатой панарамны ілюмінатар. Каля яго, засяроджана ўзіраючыся ў неабсяжную касмічную цемру, стаялі ў лётных блакітных касцюмах двое: высокі цёмнавалосы малады чалавек і статная з акуратна прычасанымі бялявымі валасамі дзяўчына.