Выбрать главу

Ледзь толькі я пераступіў парог рубкі, мужчына павярнуў галаву. Па яго светлым шчырым твары, які прывабліваў мяккім уважлівым позіркам цёмна-вішнёвых вачэй, прабег лёгкі цень хвалявання.

— А, Андрэй Мікалаевіч! Рады вас бачыць, — зычліва вымавіў ён, рушыўшы мне насустрач. — Спадзяюся, абуджэнне прайшло паспяхова?

— Ды як быццам адчуваю сябе пакуль нядрэнна, — хутка адказаў я.

— Ну і добра. Бо, прызнацца, мы крыху непакоіліся. Пабудзілі ж вас тэрмінова, — працягнуў мне малады чалавек сваю моцную мускулістую руку. — Будзем знаёмыя. Капітан дваццаць сёмай зорнай экспедьшыі ЗураўАляксей Міхайлавіч.

Мы падышлі з ім да двух мяккіх крэслаў, што стаялі побач з пляскатым люстэркавым экранам. Малады чалавек запрасіў мяне сесці.

— На жаль, у нас не вельмі шмат часу. Таму, калі вы не супраць, Андрэй Мікалаевіч, пачнем адразу са справы, — прапанаваў ён, таксама сеўшы ў крэсла.

— Я слухаю вас, Аляксей Міхайлавіч, — таропка прагаварыў я, спрабуючы пераадолець хваляванне, якое раптам ахапіла мяне.

Бясспрэчна, мне зараз збіраліся паведаміць штосьці вель.мі важнае — найперш пра тое, што вытлумачыла б маё раптоўнае абуджэнне, спешную змену зоркалётам курсу, а таксама навошта мяне паклікалі сюды, у рубку. Капітан не марудзіў з адказам.

— Бачыце, справа ўтым, што нам вельмі патрэбна ваша дапамога, — нягучна прамовіў ён. — Вы, напэўна, ужо ведаеце, што мы тэрмінова змяняем свой курс. I вас, вядома ж, цікавіць — дзеля чаго?

Малады чалавек зрабіў паўзу, потым ціха спытаўся:

— Скажыце, калі ласка, Андрэй Мікалаевіч, вы што-небудзь чулі пра падводную планетную сістэму Аэрон?

Капітан павярнуўся да экрана і пстрыкнуў уключальнікам. Чорнае люстэрка асляпляльна засвяцілася, праз імгненне ўсыпалася маленькімі ярка-чырвонымі кропкамі. Гэта была зорная карта той часткі галактыкі, у якой мы цяпер знаходзіліся. Па малюнку таропка пабегла светла-ружовая ўказальная стрэлка. Апісаўшы дугу ля сузор'я Валасы Веранікі, яна прыпынілася ля жоўтага круга, пад якім з'явіўся надпіс: «Аэрон». Побач з ім заззяў яшчэ адзін невялічкі дыск. Але ў адрозненне ад свайго нерухомага суседа ён марудна рухаўся.

Я здзіўлена пазіраў на карцінку. Аб планетнай сістэме, што свяцілася на экране, я ведаў зусім мала. Як быццам нічога прыкметнага і цікавага яна сабой не ўяўляла. Звычайная вялікая планета са спадарожнікам класа К — бязводная, пазбаўленая жыцця, з рэзкім суровым кліматам. Якое дачыненне яна мела да нас і да ўсяго таго, што рабілася зараз на нашым зоркалёце?

Капітан, нібы адгадаўшы мае думкі,.тут жа растлумачыў.

— Як бачыце, мы знаходзімся цяпер паблізу ад гэтай планетнай сістэмы, — кіўнуў ён галавою ў бок круга, што рухаўся на экране. — Па разліку карабельнай ЭВМ, мы дасягнем яе праз суткі, нават з улікам таго часу, які будзе намі страчаны на паварот і тармажэнне зоркалёта.

Капітан працягнуў руку, патушыў люстэрка.

— Дык вось, Андрэй Мікалаевіч, — сказаў ён, — не больш як тыдзень таму навукова-даследчая станцыя «Аэрон-1» на малой планеце выявіла наяўнасць магутнага радыевыпраменьвання. Усе яе параметры сведчаць пра тое, што яна штучнага паходжання. Вось Зямля і просіць нас змяніць курс і вызначыць крыніцу незвычайнай з'явы. Так, Андрэй Мікалаевіч, галасы братоў па розуме падчас чуюцца адтуль, адкуль мы іх зусім не чакаем.

Малады чалавек перавёў дыханне.

«Вось табе і ўся разгадка», — міжволі падумаў я.

— Просьба ж да вас будзе наступная, — капітан на імгненне задумаўся, нібы адшукваючы ў памяці патрэбныя словы: — Бачыце, сярод нас, на жаль, няма спецыяліста па кантактах. Як вы паглядзіце на тое, калі мы прапануем вам прыняць удзел у нашым падарожжы? — зірнуў ён на мяне запытальна.

Я на хвіліну задумаўся. Прапанова была занадта нечаканая. Па-першае, мінуў ужо роўна год, як я не быў на Зямлі і, вядома, страшэнна сумаваў па ёй, а таксама па сябрах і родных, якія там мяне чакалі. Па-другое, майго даклада аб выніках доследаў чакала Навуковая рада інстытута. Па-трэцяе, я моцна стаміўся на Оры і патрэбен быў час, каб аднавіць сілы. Нарэшце, я, лічы, амаль нічога не ведаў пра тую справу, якую мне прапанавалі. I калі я дам сваю згоду, мнё практычна давядзецца займацца ўсім, як кажуць, з чыстага ліста — без грунтоўнай і ўсебаковай падрыхтоўкі, без прадуманага і ўзважанага плана дзеянняў, што заўсёды хавала ў сабе розныя нечаканасці і сюрпрызы... Але я добра разумеў і капітана зоркалёта. Сапраўды, у такой важнай справе без псіхолага ім аніяк нельга...