Выбрать главу

Мой доўгі роздум Зураў успрыняў па-свойму.

— Мы разумеем, — парушыў ён маўчанне, — што вас вельмі чакаюць на Зямлі: сябры, родныя, урэшце — інстытут, работа. Але згадзіцеся, што адно натуральнае назіранне каштуе з тузін лабараторных доследаў. Ды й ці так ужо часта выпадаюць на нашу долю сустрэчы з братамі па розуме?

— Згаджайцеся, Андрэй Мікалаевіч, — страсянуўшы бялявымі валасамі, раптам падала голас абаяльная дзяўчына, яхая стаяла да гэтага часу моўчкі каля ілюмінатара. — Вы ж нічога не губляеце...

Капітан тут жа адрэкамендаваў незнаёмку:

— Дарэчы, пазнаёмцеся. Наша чароўная фея біялогіі...

— Вольга. Называйце мяне проста Вольга, — перапыніла маладога чалавека дзяўчына.

Я прыгледзеўся да яе. Чысты бялюткі тварык, вялікія шэрыя, злёгку раскосыя вочы, задзірлівая дзіцячая ўсмешка... Мне на імгненне здалося, што я ўжо дзесьці бачыў гэтую прыгожую дзяўчыну. Але дзе і калі, як ні намагаўся, успомніць не здолеў.

— Ну як, Андрэй Мікалаевіч, прымаеце нашу прапанову? — занепакоена паўтарыў сваё пытанне капітан.

— Калі пра гэта просіць прыгожы пол, — паспрабаваў я ўсміхнуцца, — як тут адмовіцца.

Зураў з палёгкай уздыхнуў.

— Ух, нібы гара з плячэй... Прызнацца, дыпламат з мяне дрэнны. Баяўся, што ўсё сапсую.

— Чаму ж, — зычліва прамовіў я, — па-мойму ў вас добра атрымліваецца...

Чаму я так хутка даў згоду? Ну, па-першае, як я ўжо казаў, без прафесіянала ім у такой важнай справе давялося б вельмі цяжка. I потым дзяўчына, з якой мяне пазнаёміў капітан, казала праўду: што, уласна, я губляў, пагадзіўшыся на гэтае падарожжа? Чым дарма нудзіцца на якімсьці заняпалым астэроідзе ў чаканні немаведама чаго і каго, дык і сапраўды: ці не лепш заняцца справай?

— Тады ўладкоўвайцеся. Я распараджуся наконт вашай каюты, — весела прамовіў капітан. — Азнаёмцеся з караблём і лабараторыяй. Яе вам пакажа Сарторык. А роўна а дванаццатай, калі ласка, просім вас у кают-кампанію на разгляд задання...

3. Дзіўная размова

Я пакінуў рубку, прайшоў у ліфт і спусціўся ў рабочы адсек. З распакоўкай уласных чамаданаў вырашыў пачакаць — было роўна палова дзесятай, і ў мяне мелася досыць часу, каб паспець гэта зрабіць. Перш-наперш я хацеў агледзець карабельную лабараторыю — маё новае месца працы.

Шырокі прамавугольны калідор, у якім я апынуўся, калі выйшаў з ліфта, быў пустэльны. Яркае ружовае святло, якое праменілася са столі, прымусіла на секунду прыжмурыць вочы. Дзесьці гулі вентылятары і ледзь чутна падвывала нябачная помпа паветраачышчальніка. Калідор цягнуўся спачатку прама, потым паварочваў налева. Я няспешна прайшоў каля двух паўкруглыхдзвярэй і спыніўся побач зтрэцімі, якія ўяўлялі сабою тоўстую паўпразрыстую шкляную пліту з шыльдай: «Л.».

Пры маім набліжэнні яна паволі ад'ехала ўбок. Я ўвайшоў. Нікога. Падобна, Сарторык дзесьці затрымліваўся. Я пільна агледзеў лабараторыю. Яна была даволі прасторная. Проста перада мною зеўрала чарната агляднага ілюмінатара. Каля яго стаялі шырокі пластмасавы стол і мяккае крэсла-круцёлка. Паабапал двума ярусамі грувасціліся прылады і апараты. Абсталяванне было даволі сучаснае. I гэта выклікала ў мяне пачуццё задавальнення. Вось толькі апрабаваць усё ў працы, нават калі б жадаў, я ніяк не змог бы, паколькі не ведаў шыфру-ключа, які прыводзіў апараты ў дзеянне.

Я некалькі хвілін прастаяў у нерашучасці. Што ж рабіць? Дачакацца Сарторыка? Ці ісці распакаваць чамаданы?

«Не, калі ўжо зайшоў дык трэба дачакацца», — вырашыў я і падышоў да шкла. Чарната ў ім пры маім набліжэнні паблякла, ператварылася у сіняватае зорнае гало. Каб хоць неяк прабавіць час, я ўзяў з паліцы кнігу, сеў у крэсла.

Гэта быў сорак восьмы том астрафізічнай энцыклапедыі. Разгарнуў яго на стале, адшукаў загаловак: «Планетная сістэма Аэрон» і пачаў удумліва чытаць. На жаль, звесткі пра гэтае касмічнае ўтварэнне былі вельмі сціплыя.

Гэта планетная сістэма, якая круцілася вакол вельмі вялікай гарачай зоркі Нега, была адкрыта гадоў з трыццаць таму. Увогуле, сістэмай яе можна было назваць з вялікай нацяжкай. Таму што гэта была звычайная планета-гігант з адносна невялікім шаравым спадарожнікам. Але паколькі апошні валодаў не толькі значнай масай — прыкладна з наш Меркурый, — але і атмасферай, яго і залічылі да планет. Адпаведна з гэтым сістэме вызначылі і статус. Галоўная планета была названа Аэстай, а яе спадарожнік — Сакстам: у гонар вучоных, што адкрылі ўтварэнне.