Выбрать главу

Спачатку планеты амаль не прыцягвалі ўвагі навукоўцаў, бо пасля нядоўгага назірання за імі было выяўлена, што яны не могуць быць населеныя. Надзвычай суровыя тэмпературныя ўмовы на планетах, якія знаходзіліся вельмі блізка да свайго сонца і рухаліся па выцягнутых арбітах, практычна выключалі магчымасць існавання жыцця. Гэту выснову пацвердзіў і аналіз атмасферы планет, што быў зроблены з борта навукова-даследчай станцыі «Пошук-12», якая праляцела ў непасрэднай блізкасці ад іх. Яны аказаліся даволі багатыя на С02 і вельмі бедныя на кісларод і азон — газы, вельмі неабходныя для ўзнікнення і развіцця жыцця. Таму загадкавымі нябеснымі целамі доўгі час амаль не займаліся. Можа, да іх была б страчана наогул усялякая цікавасць, калі б раптам не высветлілася адна вельмі важная акалічнасць. Менавіта яна карэнным чынам змяніла адносіны вучоных да Аэсты і яе спадарожніка, а ў выніку планеты перайшлі да рангу нябесных целаў, якія заслугоўвалі самай пільнай увагі.

Абавязаны гэтым яны былі не столькі самім сабе, колькі суседцы свайго сонца. Справа ў тым, што гэта не вельмі вялікая, але досыць яркая зорка, як неўзабаве высветлілася, ужо знаходзілася ў канцы свайго існавання. Як падлічылі астраномы, зорка павінна была сысці з галоўнай паслядоўнасці за бліжэйшыя тры-чатыры тысячы гадоў і на апошнім этапе сваёй.эвалюцыі ўспыхнуць, як звышновая. Упершыню ў гісторыі Зямной цывілізацыі з'яўлялася магчымасць убачыць такую унікальную з'яву, да гэтага часу яшчэ ш.мат у чым загадкавую і незразумелую. Але для гэтага патрэбна было размясціць апаратуру дзесьці паблізу ад зоркі. Адкрыты космас тут не падыходзіў. Страшэннае выпраменьванне, якое ўзнікае пры выбуху звышновай зоркі і не сустракае на сваім шляху перашкодаў, аказалася б згубным для тонкіх і адчувальных астрафізічных прыбораў і тэлескопаў. Вось тут і ўспомнілі пра Аэсту і яе спадарожніка. Планеты знаходзіліся параўнальна недалёка ад зоркі, і іхнія атмасферы маглі б значна панізіць уздзеянне згубных промняў. Але тут паўставала ўжо іншае пытанне: ці не хаваюць часам якой-небудзь небяспекі для даследчай лабараторыі самі планеты? Высветліць гэта павінна была аўтаматычная станцыя «Аэрон-1». Станцыя, якая так нечакана падкінула нам працы.

Перагарнуўшы кнігу, я адкінуўся ў крэсле.

«Вось табе і на: паслалі за адным, а атрымалі зусім іншае, — разважаў я. — Але хто яны, тыя, што звярнуліся да «Аэрона»? I што значыць іхняе пасланне? Запрашэнне да кантакту? Нейкае важнае навуковае паведамленне?»

Гучныя галасы, што пачуліся за прыадчыненымі дзвярамі лабараторыі, прымусілі мяне ўздрыгнуць. Я прыслухаўся да гаворкі, якая была даволі цікавая. У калідоры размаўлялі двое: мужчына і жанчына. Уладальніцу жаночага голасу я пазнаў лёгка — ён належаў той маладой прыгожай дзяўчыне, з якой мы нядаўна бачыліся ў рубцы, мужчыну я не ведаў. Відаць, гэта быў незнаёмы мне астранаўт зоркалёта. Гутарка паміж імі, уласна, ужо набліжалася да канца.

— Ведаеце, Вольга, пачуўшы гэта, я адчуў такую радасць! — прамовіў мужчына. — Гэткае ж нават цяжка і ўявіць, — стаць сведкам сустрэчы з братамі па розуме! Кажуць, што падобны шанц выпадае толькі адзін раз у жыцці чалавека. А вось цяпер...

— Вас штосьці турбуе? — асцярожна пацікавілася дзяўчына.

— Ды як вам сказаць... Сам пакуль не разумею... Проста нейкае дрэннае прадчуванне, — усхвалявана сказаў мужчына. — Не ведаю, адкуль яно ўзялося, але ўяўляецца, што там, на Саксце, нас чакае штосьці жудаснае...

— Вы проста стаміліся, — з пяшчотай у голасе прамовіла дзяўчына. — Сёння ж было так шмат працы. Вам трэба крыху адпачыць. I вось пабачыце, усё пройдзе...

— Вы так лічыце? Сапраўды, я адчуваю сябе дрэнна. Але не будзем больш пра сумнае. Я хацеў бы пагаварыць пра нас з вамі, Вольга...

Незнаёмец перайшоў на шэпт. Іхнюю далейшую гаворку я не чуў. Да майго слыху даляцелі толькі асобныя словы дзяўчыны, усхваляваныя, умольныя:

Прашу вас... нетрэба пра гэта...

Потым размова перапынілася, і я пачуў крокі.

Я не надаў гэтай дзіўнай размове асаблівага значэння. Ці мала што каму можа здацца ад стомы? Да таго ж праз некалькі хвілін у дзвярным праёме лабараторыі паўстаў Сарторык.

— Га! Паважаны Андрэй Мікалаевіч! — убачыўшы мяне, з'едліва кінуў ён. — Штосьці вы без чамадана? — і тут жа змяніў тон на больш мяккі. — Ды ведаю-ведаю, усё ўжо ведаю, Андрэй Мікалаевіч. Значыцца, цяпер вы ў нашай камандзе. Што ж, вы правільна вырашылі. Чым немаведама колькі нудзіцца на якімсьці пузатым астэроідзе, ці не лепш заняцца справай? Ну, як я разумею, цяпер вы мой памагаты? Цьфу, праклятая праграма. Вечна яна штосьці наблытае. Гэта значыць, я ваш памагаты. Загадаеце ўключыць гэтыя тупагаловыя бляшанкі? — паказаў ён сваёй маленькай ручкай на апараты.